Вы тут

Армейскі каледж


72-му гвардзейскаму Аб'яднанаму навучальнаму цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў спаўняецца 75 гадоў.

Гэта адзінае навучальнае злучэнне ў беларускай арміі. Некалі знакамітая на ўвесь Савецкі Саюз «вучэбка», якая мае слаўнае баявое мінулае, выгадавала не адно пакаленне абаронцаў Айчыны. Менавіта тут, у Печах, што на ўскраіне Барысава, і сёння фарміруецца самая шматлікая частка кваліфікаваных малодшых камандзіраў і спецыялістаў для беларускай арміі.

23-32

У навучальных часцях і падраздзяленнях пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў учарашнія школьнікі і студэнты спасцігаюць свае «вайсковыя ўніверсітэты». Штогод у сценах цэнтра каля сямі тысяч вайскоўцаў атрымліваюць неабходныя веды, палявую вывучку і практычныя навыкі па 80 ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Дарэчы, многія з іх аналагічныя грамадзянскім. Напрыклад, тут рыхтуюць кранаўшчыкоў, кіроўцаў шматвосевых машын, рамонтнікаў, сувязістаў, акумулятаршчыкаў, кухараў... Большасць выпускнікоў успамінае печынскую «вучэбку» добрым словам, па праве называючы яе армейскім каледжам.

А пачыналася ўсё з 1940 года, калі ў горадзе Ліўны Арлоўскай вобласці была сфарміравана 120-я стралковая дывізія. Узначаліў падраздзяленне генерал-маёр Канстанцін Пятроў. Баявое хрышчэнне воіны дывізіі атрымалі ў бітве за Ельню. За мужнасць, доблесць і высокае ўменне, праяўленыя ў баях за горад, загадам народнага камісара абароны 26 верасеня 1941 года злучэнне пераўтворана ў 6-ю гвардзейскую стралковую дывізію. Гвардзейскі баявы сцяг дывізіі ўручылі ў снежні 1941-га. Дарэчы, гэтага гонару яна ўдастоілася адна з першых у Чырвонай Арміі.

З кастрычніка па снежань 1941-га дывізія ў складзе 1-га гвардзейскага корпуса і ўдарнай групы 3-й арміі прымала актыўны ўдзел па адбіцці ўдараў гітлераўцаў пад Тулай, вяла цяжкія баі за горад Яфрэмаў, вызваляла горад Навасіль. Потым былі абарончыя баі ў складзе Заходняга фронту, бітва на Курскай дузе, фарсіраванне Дняпра, Дзісны, Прыпяці, вызваленне Украіны. За вызваленне горада Роўна дывізіі было прысвоена ганаровае найменне «Ровенская». За паспяховыя баявыя дзеянні, мужнасць і стойкасць, праяўленыя пры фарсіраванні ракі Вісла і ўтрыманні Сандамірскага плацдарма, у жніўні 1944 года дывізія ўзнагароджана ордэнам Суворава ІІ ступені, а ў маі 1945-га (за фарсіраванне ракі Одэр) — ордэнам Леніна.

23-33

Дайшоўшы да Эльбы і вызваліўшы на тэрыторыі Германіі 12 гарадоў і 603 населеныя пункты, баявы шлях гвардзейская дывізія завяршыла вызваленнем сталіцы Чэхаславакіі — Прагі. 69 вайскоўцаў злучэння сталі Героямі Савецкага Саюза, амаль 18 тысяч салдат атрымалі баявыя ордэны і медалі.

У пасляваенны перыяд злучэнне, перайменаванае ў 15-ю гвардзейскую механізаваную дывізію, увайшло ў склад Беларускай ваеннай акругі. Канчатковым пунктам яе дыслакацыі (красавік 1947 года) стаў ваенны гарадок Печы пад Барысавам. Нягледзячы на цяжкасці пераходнага перыяду, баявая вучоба гвардзейцаў заставалася на вышыні. У верасні 1954 года воіны-гвардзейцы прымалі актыўны ўдзел у правядзенні тактычнага вучэння з прымяненнем ядзернай зброі ў Тоцкім навучальным цэнтры. А праз год злучэнне ўдзельнічала ў найбуйнейшых пасля Вялікай Айчыннай вайны вайсковых манеўрах пад кіраўніцтвам міністра абароны СССР маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава.

У маі 1957 года 15-ю гвардзейскую механізаваную брыгаду перайменавалі ў 47-ю гвардзейскую танкавую дывізію. А яшчэ праз тры гады злучэнне атрымала новы статус — стала вучэбным. У 1992 годзе тады ўжо акруговы навучальны цэнтр быў перайменаваны ў 72-і гвардзейскі Аб'яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў.

Важнай падзеяй у жыцці Узброеных Сіл Беларусі стала адкрыццё ў ліпені 2002 года 114-й гвардзейскай школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў. Своечасовае стварэнне спецыялізаванай ваенна-навучальнай установы дазволіла ўмацаваць камандзірскае звяно «ўзвод-рота» і ліквідаваць недахоп вострадэфіцытных спецыялістаў. За 13 гадоў функцыянавання школы ў яе сценах прайшлі навучанне ўжо больш за пяць тысяч ваеннаслужачых кантрактнай службы. Сёння сотні яе выпускнікоў паспяхова спраўляюцца з абавязкамі на афіцэрскіх пасадах, узначальваючы падраздзяленні, у тым ліку навучальныя.

23-34

Сістэма падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у 72-м гвардзейскім АНЦ максімальна набліжана да той, што існуе ў Ваеннай акадэміі. У штат усіх навучальных часцей (шасці школ) уведзены выкладчыцкі састаў, створаны цыклы тактыка-агнявой, спецыяльнай, тэхнічнай падрыхтоўкі і кіравання баявых машын, а таксама па іншых дысцыплінах. Дзейнічаюць навучальныя праграмы, якія пастаянна абнаўляюцца тэмамі з улікам вопыту апошніх лакальных войнаў і ваенных канфліктаў. Высокую методыку выкладання курсантам забяспечваюць як вопытныя настаўнікі ў пагонах, так і асобы грамадзянскага персаналу з ліку афіцэраў запасу. Пераход на новы прынцып навучання, шырокае выкарыстанне ў навучальным працэсе сучасных вучэбна-трэніровачных і трэнажорных сродкаў, камп'ютарных класаў дазваляюць вайскоўцам за кароткі перыяд набыць устойлівыя практычныя навыкі і ўменні па сваіх ваенна-ўліковых спецыяльнасцях.

У пачатку ліпеня навучальны цэнтр зноў прыняў пад сваё крыло чарговы набор курсантаў з войскаў. Больш за дзве тысячы вайскоўцаў майскага прызыву пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў з вялікім жаданнем вучыцца ўмела кіраваць грознымі баявымі машынамі, трапна паражаць мішэні з усіх відаў узбраення, рамантаваць тэхніку, наладжваць устойлівую сувязь... Па словах начальніка 72-га гвардзейскага АНЦ гвардыі палкоўніка Ігара Караля, камандаванне славутага злучэння не мае намеру здаваць заваяваных пазіцый і прыкладзе ўсе сілы для таго, каб у чарговы раз паспяхова справіцца са сваім галоўным прызначэннем. А гэта значыць, што войскі да канца гэтага навучальнага года атрымаюць новае папаўненне не толькі тэхнічна адукаваных, але і ідэйна спелых спецыялістаў.

Мікалай МАКАРЭВІЧ, г. Барысаў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.