Вы тут

Патрыятызм на генетычным узроўні


Асноўнай тэмай дыскусій журналістаў з Беларусі і Расіі стала грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

Сустрэчы беларускіх і расійскіх прадстаўнікоў масмедыя, якія праходзяць пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, у апошні час рэдкімі не назавеш. На гэты раз журналісты сабраліся на нашай зямлі, каб асэнсаваць такі феномен, як патрыятызм, і абмеркаваць ролю сродкаў масавай інфармацыі ў яго выхаванні.

Двухдзённы прэс-тур адкрыўся «круглым сталом» на тэму «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі — адзін з асноўных кірункаў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Саюзнай дзяржавы».

— Калі мы кажам аб гісторыі развіцця нашых дзвюх краін, Беларусі і Расіі, іх узаемадзеянні, то найперш гаворым аб тым, на чым грунтуецца наша братэрства, — адзначыла начальнік Дэпартамента інфармацыйнага забеспячэння і сацыяльнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта ЛЕЎЧАНКА. — Эканоміка, безумоўна, з'яўляецца асновай асноў. Але ў эканоміцы мы можам дапусціць узлёты і падзенні. Калі ж мы гаворым аб высокім, маральным, духоўным, то тут можна казаць толькі аб росце і імкненні да развіцця. У аснове патрыятычнага выхавання ляжыць фарміраванне высокай патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Айчыне, гатоўнасці да выканання грамадзянскага абавязку. І ў Пастаянным камітэце, як і ўвогуле ў Саюзнай дзяржаве, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню надаецца вельмі вялікая ўвага.

Саюзнай дзяржавай рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на духоўна-маральнае, гісторыка-патрыятычнае, ваенна-патрыятычнае і спартыўна-гераічнае выхаванне. У апошнія два гады яны былі прымеркаваны да дзвюх важных падзей — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і юбілею Вялікай Перамогі. Большасць мерапрыемстваў арыентавана на маладзёжную аўдыторыю.

Як падкрэсліла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ, у Беларусі існуе комплексны падыход да развіцця патрыятызму ў дзяцей і моладзі: «І гэта не пэўныя разавыя мерапрыемствы, якія адбываюцца толькі 9 мая або 3 ліпеня. Гэта штодзённая, скрупулёзная і сістэмная праца на ўзроўні міжведамаснага ўзаемадзеяння».

— Беларусы — нацыя патрыятычная, — пераканана Наталля Пшанічная. — Гістарычна склалася так, што на нашай тэрыторыі адбывалася вельмі шмат войнаў. І самыя вялікія разбурэнні прынесла Вялікая Айчынная вайна. Вось гэтая генетычная памяць сфарміравала наш патрыятызм, аснова якога не разбурэнне, а стварэнне.

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір МАКАРАЎ лічыць, што актуальнасць тэмы патрыятычнага выхавання моладзі заключаецца ў тым, што на падзеях Вялікай Айчыннай вайны павінна выхоўвацца будучае пакаленне: «10 гадоў таму была выдадзена кніга для ўстаноў адукацыі «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)». Яна дазваляе праводзіць якасныя заняткі ў межах патрыятычнага выхавання. Мы ж сваім прыкладам павінны накіраваць маладых людзей на правільны шлях, каб разам абараняць нашу гісторыю і нашу краіну».

Журналісты з Беларусі і Расіі пабывалі ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе праходзіць грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена для навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.