Вы тут

Лёгкаатлетка Аліна Талай: «На вуліцы за хлопцамі я не бегала»


Хоць менавіта бег з'яўляецца неад'емнай часткай яе жыцця.

А яшчэ дзяўчына пастаянна пераадольвае бар'еры, і не толькі на атлетычнай дарожцы. Яны, здаецца, для спартсменкі не перашкоды, а ўсяго толькі жыццёвыя задачы, якія Аліна вырашае лёгка і нязмушана, з чароўнай усмешкай, якую заслужана можна назваць самай прыгожай у беларускім спорце. Усмешка, дарэчы, ужо стала своеасаблівым брэндам спартсменкі, з ёй яна на спаборніцтвах, трэніроўках, у тэлевізійных інтэрв'ю.

9_2

Дзяўчына, якая нарадзілася ў беларускім правінцыйным мястэчку, ужо камфортна адчувае сябе ў сталіцы, у яе графіку сёння пастаянныя паездкі, трэніроўкі, сустрэчы з журналістамі. Цяжка паверыць, што яшчэ некалькі гадоў таму яна і не думала аб прафесійным спорце і шукала сябе ў далёкіх ад лёгкай атлетыкі абласцях. Сёння Аліна Талай — адна з наймацнейшых бар'ерыстак у свеце, чэмпіёнка Еўропы і бронзавы прызёр чэмпіянату свету, а таксама наша надзея на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра.

— Аліна, раскажыце пра родны горад і ваша дзяцінства.

— Я нарадзілася ў Оршы — гэта звычайны правінцыйны гарадок, які, вядома, не параўнаецца па насычанасці жыцця з еўрапейскімі. Тым не менш, я люблю бываць там, у Оршы жывуць мае бацькі, бабулі, дзядулі, таму па магчымасці імкнуся прыязджаць на малую радзіму.

У Мінску спачатку адчувала сябе некамфортна, здавалася, што першыя два гады горад адмаўляўся мяне прымаць. Я цяжка гэта перажывала, бо не было знаёмых, сяброў. А вось у апошні час ужо разумею, што ўлілася ў гэты рытм жыцця і мне вельмі падабаецца тут.

Што тычыцца дзяцінства, складана сказаць, якой я была, гэта лепш ведаюць мае бацькі. Думаю, не прыносіла ім шмат клопатаў.

— Калі зразумелі, што спорт стане вашай прафесіяй?

— Я ўвогуле не з самых малых гадоў прыйшла ў лёгкую атлетыку, больш, напэўна, гуляла на вуліцы. Заняткі спортам аж да 19-гадовага ўзросту былі толькі ў якасці хобі, ніколі не задумвалася пра тое, што гэта можа перарасці ў маю прафесію, якая будзе прыносіць прыбытак.

Пасля заканчэння школы я доўга шукала сябе: спачатку хацела паступаць ва ўніверсітэт імя А. Сахарава, потым у педагагічны імя М. Танка, у выніку паступіла ў медыцынскі каледж і нават тыдзень правучылася там. Зразумела, што гэта не маё, і пайшла працаваць у ЖЭС кантралёрам вымяральных прыбораў. І менавіта такая вось дзіўная праца дала мне класны вопыт, у той момант я зразумела, як жыць дакладна не хачу. Можа, гэта дало дадатковы стымул для таго, каб чагосьці дасягаць.

— І шмат чаго вы ўжо дасягнулі. На шляху да гэтага былі бар'еры?

— У мінулым годзе я хацела «завязаць» са спортам з прычыны праблем са спінай. Мяне проста пераследвалі балючыя адчуванні, праз якія не атрымлівалася бегаць. На працягу некалькіх гадоў вынік стаяў на месцы, а бегаць на ўзроўні 13 секунд зімой мне не вельмі хацелася, я адчувала, што здольная на большае. Паўстаў выбар: альбо мяняць нешта ў сваёй падрыхтоўцы, альбо сыходзіць са спорту і спрабаваць сябе ў іншай сферы.

Падумаўшы, я памяняла трэнера і пераехала рыхтавацца да стартаў у Аўстрыю. Мы знайшлі прычыну маіх праблем, склалі план па выпраўленні памылак і пачалі працаваць. Нечакана вынік прыйшоў ужо ў першым сезоне пад кіраўніцтвам новага трэнера. Мы былі здзіўлены: звычайна, калі змяняеш настаўніка, першы год бывае няўдалым.

— Што вы адчуваеце, калі разумееце, што ў дадзены момант самая хуткая?

— Гэта эмоцыі, якія некалькімі словамі перадаць складана. Я проста бягу па стадыёне і збіраю ўсю энергію, аддадзеную мне гледачамі. Калі ты перамагаеш, разумееш, што робіш сваю працу найлепш за ўсіх.

— Месяц таму вы сталі трэцяй на чэмпіянаце свету, а яшчэ раней першай на чэмпіянаце Еўропы. Можна параўнаць гэтую «бронзу» з «золатам»?

— Вядома, каштоўней для мяне ўсё ж такі «бронза» планетарнага першынства. Пра мяне даўно казалі, што я зімовы спартсмен, выступаю добра толькі ў залах. Цяпер у мяне атрымалася абвергнуць гэтае меркаванне.

— Вашы медалі часта называюць выпадковымі. Гэта крыўдзіць?

— Я заўважаю шмат каментарыяў, дзе людзі пішуць, што мне пашанцавала: хтосьці ўпаў, хтосьці не дабег, і таму я выйграла або трапіла на п'едэстал. Гэта глупства, так могуць пісаць толькі людзі, якія наогул не аналізуюць сітуацыю. Ты прыехаў на старт, выйграў медаль, значыць, у той момант ты быў мацнейшы за таго, хто ўпаў ці не дабег. У гэтым годзе на чэмпіянаце свету ў фінале бегла чэмпіёнка і бронзавы прызёр мінулага планетарнага першынства, але, прабачце, яны засталіся па-за межамі тройкі найлепшых.

На падобныя думкі я не звяртаю ўвагі, таму што заўсёды будзе маса станоўчых і маса адмоўных водгукаў, як бы ты ні выступаў, а імкнуцца быць прыемнай усім — глупства.

— Ваша праца заключаецца ў тым, каб трэніравацца ўвесь год, а потым на галоўным старце паказаць сябе за некалькі секунд...

— Вы намякаеце, што гэта вар'яцтва, і маеце рацыю. Я працую ўвесь год, а мой галоўны старт доўжыцца каля 7 секунд зімой і каля 13 — летам. Гэта адрэзак часу, які складана часцяком улавіць. Часам я нават не памятаю сваю дыстанцыю, лаўлю сябе на думцы, што наогул займаюся дзіўным відам дзейнасці: пастаянна бягу па прамой і пераадольваю бар'еры. Гэта вар'яцтва, і яно на мяжы магчымасцей. Здараецца, надыходзяць моманты, калі проста вельмі цяжка прыйсці на трэніроўку, калі хочацца спыніцца, і менавіта ў гэты час трэба перамагчы сябе.

— Пасля паспяховага выніку на чэмпіянаце свету ад вас будуць чакаць высокага месца і на Алімпіядзе. Гэта аказвае ціск?

— Мне здаецца, што ад мяне заўсёды чакаюць добрага выніку і на кожным чэмпіянаце псіхалагічна я гэта адчуваю. Трэба абстрагавацца ад усяго, гэта цяжка, але ў мяне атрымліваецца. За хвілін 20 да старту ўзровень стрэсу зашкальвае, выдыхаеш апошні раз і дазваляеш целу працаваць асобна ад свядомасці.

— Ці даводзілася ўжываць свае спрынтарскія якасці ў жыцці?

— Не, на вуліцы за хлопцамі я не бегала.

— Раскажыце пра ваша найбліжэйшае кола зносін. Хто гэтыя людзі?

— Да сяброўства стаўлюся сур'ёзна, таму выбіраю сабе людзей не проста для баўлення часу, я пражываю з імі сваё жыццё. Сярод іх ёсць як спартсмены, так і людзі з іншых абласцей. Гэта, найперш за ўсё, тыя, з кім мне рэальна цікава. Я цаню ў іх інтэлект, розум, дабрыню і гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Мне цікава мець зносіны з людзьмі, якія могуць нешта расказаць, чаму-небудзь мяне навучыць, якія гатовы расці разам са мной.

— Раз'езды — гэта неад'емная частка вашай працы. А падарожнічаць вы любіце?

— Так. Праўда, калі бываеш у многіх краінах, гарады зліваюцца ў адно цэлае і часта перастаеш заўважаць адрозненні. Магу сказаць, што людзі паўсюль аднолькавыя, усюды можна знайсці агульную мову, калі ты ставішся да свету, як да свайго дому. А я стаўлюся да яго менавіта так. Гадоў 5 таму мяне вельмі ўразіла Барселона, і доўгі час была маім любімым горадам, пакуль я не прыехала ў Рым. Гэта надзвычайны горад, на адной вуліцы там стаяць будынкі з розных тысячагоддзяў, адчуваць дух розных эпох у адным месцы проста неверагодна.

— А як ставіцеся да гісторыі нашай краіны?

— З вялікай павагай, вядома. Лічу, што гісторыя і культура Беларусі выдатная і вельмі цікавая. Я вырасла на літаратурных творах Быкава, Караткевіча, Купалы і Коласа, таму па-іншаму ставіцца да сваёй краіны не магу. Рада адзначыць, што і сучасная беларуская літаратура развіваецца. Стараюся наведваць беларускія пастаноўкі, але з тэатрам усё складаней, таму што не шмат часу праводжу ў Мінску.

Неяк да мяне прыязджалі замежныя сябры і былі моцна ўражаны Беларуссю. У свеце мала ведаюць пра нашу краіну, таму часта госці застаюцца прыемна здзіўлены.

— Што вы паказваеце сябрам у якасці славутасцей?

— Звычайна цэнтр Мінска, мне здаецца, там можна добра адчуць атмасферу сталіцы. А каб акунуцца ў гісторыю Беларусі, вязу гасцей у нашы замкі.

— Вы вельмі жыццярадасная, а што можа знерваваць або вывесці з раўнавагі?

— Я дастаткова цярплівы чалавек, таму рэдка выходжу з сябе. Найбольш за ўсё мяне хвалююць учынкі людзей, нават незнаёмых. Я вельмі не люблю расчароўвацца.

А што тычыцца сваіх асабістых няўдач, стаўлюся да іх як да задач. Не хвалююся і не ем марожанае кілаграмамі. Перад табой найперш паўстае пытанне: як вырашыць праблему? Трэба думаць пра гэта, а не пра тое, якое дрэннае тваё жыццё. Вырашаць праблемы нават цікава, бо жыццё і складаецца з момантаў пераадолення сябе.

— Ці хацелі б сказаць штосьці сваім заўзятарам?

— Дзякуй за тое, што вы падтрымліваеце мяне ў складаныя моманты, я гэта адчуваю, і ваша падтрымка вельмі дапамагае мне. Хачу пажадаць вам не баяцца быць сабой, не іграць чужыя ролі, а пражываць сваё ўласнае жыццё.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.