Вы тут

Чаму «расце» гемаглабін?


«Раскажыце, калі ласка, з якой прычыны можа быць павышаны гемаглабін?

Андрэй, 

г. Рагачоў, Гомельская вобласць».

8_2

Тлумачыць загадчыца 1-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Ірына УЛАСІК:

— У норме колькасць гемаглабіну ў крыві складае ў жанчын 120-140 г/л, у мужчын — 130-160 г/л. Гемаглабін дастаўляе кісларод ад лёгкіх да тканак і органаў арганізма, з'яўляецца асноўным кампанентам эрытрацытаў. Узровень гемаглабіну можа мяняцца пад уздзеяннем розных знешніх фактараў або пры некаторых расстройствах у арганізме.

Высокі гемаглабін можа нічым не праяўляць сябе, аднак пры працяглым і значным змяненні могуць з'явіцца розныя сімптомы — павышаная стамляльнасць, кволасць, дрэнны апетыт, санлівасць ці, наадварот, праблемы са сном, павышэнне артэрыяльнага ціску, галаўны боль, галавакружэнне, сверб скуры (асабліва пасля душу, ванны), боль у суставах, касцях. Крывяныя згусткі, або тромбы, якія нярэдка ўтвараюцца пры павышаным гемаглабіне, могуць стаць прычынай інсульту, лёгачнай эмбаліі, сардэчнага прыступу.

Некаторыя захворванні ўнутраных органаў і крыві прыводзяць да высокага ўзроўню гемаглабіну, але прычына можа хавацца і ў нейкім знешнім уздзеянні або ладзе жыцця. Так, у жыхароў горнай мясцовасці, у тых, хто жыве на раўніне, але высока над узроўнем мора, можа быць павышаны гемаглабін. Нізкі ўзровень кіслароду ў гэтых рэгіёнах прымушае арганізм вырабляць больш гемаглабіну, каб кампенсаваць яго недахоп максімальным звязваннем гемаглабіну з кіслародам.

Такая асаблівасць можа быць і ў лётчыкаў, сцюардэс, альпіністаў, а таксама спартсменаў (лыжнікаў, канькабежцаў, бегуноў, марафонцаў).

Прычына можа хавацца і ў вельмі актыўным курэнні. Даследаванні дагэтуль не могуць растлумачыць той факт, што ў курцоў часта завышаны паказчыкі гемаглабіну. Мяркуецца, што органы і тканкі, якія недаатрымліваюць кісларод, вымушаюць арганізм прымяняць тыя ж механізмы, што і пры нізкім узроўні кіслароду ў атмасферы.

У дарослых прычынай высокага гемаглабіну могуць быць захворванні сэрца і лёгкіх (хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, пнеўманія, бранхіяльная астма, туберкулёз, эмфізема лёгкіх і інш.). Цяжкае абязводжванне павышае ўзровень плазмы, што павялічвае аб'ём цыркулюючай крыві. Сам працэс абязводжвання не павялічвае ўзровень эрытрацытаў, але наступствы, выражаныя ў павелічэнні аб'ёму крыві, павышаюць іх канцэнтрацыю ўвогуле, што таксама выражаецца ў павышаным узроўні гемаглабіну. Анкалагічныя захворванні таксама могуць быць прычынай павышэння яго ўзроўню.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.