Вы тут

Кроплі святла


Сонца Равэны запаліла ў Мінску мазаіка.

23_2

Гэта прыгожа. Дробныя бліскучыя кавалачкі ўтвараюць малюнак, які не столькі хочацца расчытаць, колькі ўвабраць усе іскрынкі, з якіх складаецца вобраз. Проста прыгожа — і трэба глядзець. Як мастацтва старажытнай мазаікі ўпісваецца ў сучаснасць: у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь выстава «Рэтраспектыва 1965-2014» з Фонду Ісмаіла Ахметава па развіцці адукацыі і падтрымцы культуры (Расія). Але насамрэч гэта трошкі Італіі. Трошкі святла з берагоў Адрыятыкі, якое здольна прабівацца скрозь самыя цёмныя колеры жыцця і перамагаць іх.

Мастацтва мазаікі нібыта нарадзілася дзеля гэтага: цудоўная тэхніка дазваляе ствараць светлавыя водбліскі ў самых розных колерах. А калі яшчэ стваральнікі твораў з мазаікі ўмеюць гэтым гуляць, то з'яўляецца ўражанне, што гэта іскрынкі Боскага святла ўпалі на паверхню, а людзі зафіксавалі. Магчыма, таму мазаіку так любілі ў храмах, асабліва візантыйскіх, ды ў некаторых італьянскіх яе можна пабачыць, напрыклад у старажытных будынках Равэны. Там умеюць ствараць мазаіку і зараз, ёсць нават Дзяржаўны інстытут мазаічнага мастацтва імя Джына Севярыні. Там перадаюць веды пра тэхніку стварэння мазаікі, але вучаць самаму важнаму, што дае штуршок мастацтву, — любіць. Тое, што нехта вынайшаў. Тое, што нараджае цудоўныя малюнкі. Тое, што і кожнаму мастаку дадзена магчымасць нараджаць свае малюнкі, не падобныя ні на што з былога мастацтва. Напэўна, гэта можна называць эксперыментам для мазаікі. Так, у 80-я, калі ў гэтым мастацтве толькі пачалі з'яўляцца творы новых форм, з узорамі, якія нагадвалі абстрактныя творы, так і лічылі. Але ў нашы дні ўжо нікога не трэба пераконваць у тым, наколькі вытанчанай і вельмі тонкай з'яўляецца мазаіка: яна дорыць эмоцыі, якія трымаюцца ў сэрцы, можа праз тое, што цяпло заключана ў самой тэхніцы, якую зберагалі ў Равэне. Мастакі, чые творы прыехалі ў Мінск, усе там вучыліся: Марка Бравура, Марка Дэ Лука і Вердыяна Марцы. Усе адметныя, вядомыя, актыўныя ўдзельнікі сучасных біенале і выстаў. Але мастацтва мазаікі кожны з іх узбагаціў у залежнасці ад уласнага адчування і разумення: творы могуць складацца не толькі з маленькіх іскрыстых кропель смальты, але і з ракавінак, перлінак, каменьчыкаў, мармуру, нават кавалачкаў цэглы. Творы могуць нараджаць самыя розныя вобразы, і часам здаецца, што бачыш нараджэнне Сусвету з яго галактыкамі, планетамі і вечным святлом, без якога немагчыма жыццё.

Выстава «Рэтраспектыва 1965-2014» — гэта праект, які сабраў больш за 100 твораў сучаснага мазаічнага мастацтва: кропелькі святла, якія лучаць розныя народы і розных людзей, — у кожнага трапіць свой праменьчык.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.