Вы тут

Уласная студыя гуказапісу і лагапедычны цэнтр


Інвалідаў па зроку навучаць, як адкрыць сваю справу.

Перспектыва заснаваць уласны бізнес прываблівае многіх. Зручны графік, свабода дзеянняў, гордае званне прадпрымальніка... Для інвалідаў свая справа — гэта яшчэ і магчымасць працаваць у камфортных умовах, па выбранай спецыяльнасці. Сёлета Беларускае таварыства інвалідаў па зроку сумесна з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам і шведскай акадэміяй Swеfі запусціла курсы па прадпрымальніцкай дзейнасці для слабавідушчых і сляпых людзей. Праект разлічаны на два гады, на працягу якіх студэнтаў навучаць азам эканомікі і дапамогуць распрацаваць уласны бізнес-план.

У верасні распачалася другая сесія. «Першы этап тычыўся агульнай інфармацыі аб эканоміцы, кіраванні, арганізацыі вытворчасці, — расказвае дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў БДЭУ Леанід КІНДРУК. — Цяпер паспрабуем лічыць эканамічныя паказчыкі, пазнаёмімся з падатковай сістэмай і бухгалтарскім улікам».

На курсы запісалася 80 чалавек, 30 з іх знаходзяцца на дзённым навучанні. Дзесяць студэнтаў дзённага аддзялення — цалкам невідушчыя. Каб праблемы са зрокам не перашкаджалі будучым прадпрымальнікам асвойваць бізнес-планаванне, выкладчыкі раздаюць апорныя канспекты, надрукаваныя шрыфтам Брайля, запісваюць усе лекцыі на дыктафон і перарабляюць іх у фармат DАІSY (гэтыя файлы маюць зручную навігацыю па старонках і фразах, дазваляюць рабіць закладкі і праслухваюцца на спецыяльных плэерах з агучаным інтэрфэйсам).

— У нас ёсць інфармацыйны цэнтр, дзе любую інфармацыю можна перакласці ў шрыфт Брайля, — дадае намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення БелТІЗ Міхаіл АНТОНЕНКА. — Для тых, хто не валодае Брайлем, рыхтуем аўдыяканспекты. А перад першай лекцыяй з дапамогай спецыяльнай сістэмы зрабілі план універсітэта, на якім пазначылі, дзе размяшчаецца адміністрацыя, вучэбныя аўдыторыі, сталовая, туалеты. Гэтая схема дазваляе ўспрыняць інфармацыю аб памяшканні тактыльна і на гук.

Ідэі ў бізнесменаў-пачаткоўцаў самыя розныя. Адзін малады чалавек марыць пра студыю гуказапісу, дзяўчаты-выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў хочуць трымаць святочныя агенцтвы. У планах іншых студэнтаў — інтэрнэт-крамы, дзіцячыя гульнявыя пакоі, кампаніі па падборы персаналу. Юлія Ардынава, маладая маці і рамесніца з Віцебска, збіраецца адкрыць краму-студыю:

— Я адвучылася на кераміста, але апошнім часам захапілася валеннем. Вырабы прадаю на кірмашах. Трэба развівацца. У краме я магла б і гандляваць сваім хэндмэйдам, і праводзіць майстар-класы: мяне часта просяць навучыць рукадзеллю. Праўда, не хапае часу разарвацца на ўсё, неабходна будзе прыцягваць спецыялістаў.

У Вольгі Кузьміной свая справа ёсць. Чатыры гады таму жанчына заснавала дзіцячы лагапедычны цэнтр. «Навошта мне курсы? Вучыцца ніколі не позна, — усміхаецца Вольга. — Тым больш па адукацыі я лагапед, а тут арганізацыйныя моманты тлумачаць: бухгалтэрыю, юрыдычныя асновы. Расказваюць, як правільна кантактаваць з кліентамі і пазіцыянаваць сябе».

На сёння ў Вольгі ўжо адкрыты чатыры філіялы ў розных раёнах горада. Лагапеды там займаюцца з дзецьмі з парушэннямі маўлення, з аўтызмам і ДЦП. «Большасць удзельнікаў курсаў рыхтуюць бізнес-план па адкрыцці сваёй справы, мая ж мэта — пашырыць цэнтр, — кажа жанчына. — Цяпер шмат праблемных дзетак, дзяржаве ахапіць усіх немагчыма. Акрамя адкрыцця новых філіялаў, планую публікаваць свае напрацоўкі, патэнтаваць методыкі. Таксама хочам займацца з дзецьмі з нормай і дапамагаць рыхтаваць іх да школы».

— Прадпрымальніцтва дае шырокае поле для прымянення ўласных сіл і талентаў. Інваліды змогуць займацца тым, што добра ўмеюць, і забяспечваць сябе, — упэўнены Міхаіл Антоненка.

Як паказвае замежная практыка, людзі з парушэннямі зроку паспяхова працуюць у многіх сферах. Так, у Швецыі налічваецца каля 80 спецыяльнасцяў (сярод іх — прадавец, механік, юрыст, настаўнік), па якіх невідушчыя могуць прайсці спецыяльныя курсы і потым уладкавацца.

На будучыню

Адукацыя інвалідаў не павінна абмяжоўвацца толькі прыватнымі праектамі. У Беларусі зараз задумваюцца над тым, як людзей з асаблівасцямі максімальна ўключыць у навучальны працэс. Ужо зацверджана канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі. На першым этапе, які працягнецца да 2017 года, трэба будзе ўнесці змены ў асобныя нарматыўна-прававыя акты, скласці падручнікі і метадычкі, падрыхтаваць кадры, абсталяваць належным чынам навучальныя ўстановы. У 2018-2020 гадах сумесныя класы адкрыюць у асобных школах (некалькі такіх класаў ёсць і цяпер, але плата за спецыяльныя ўмовы — вялікая сума — цалкам ляжыць на бацькоўскіх плячах). Паступова колькасць навучальных устаноў, дзе практыкуецца інклюзіўная адукацыя, будзе павялічвацца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».