Вы тут

Будучыня ў руках маладых


«Вельмі важна, каб маладая журналістыка з'яўлялася рэзервам росту патэнцыялу нацыянальнай інфармацыйнай прасторы», — заявіла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ у першы дзень ІV форуму маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых», які распачаўся ўчора ў сталіцы.

23-57

— Сёння грамадскую думку фарміруюць розныя сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт, — сказала міністр. — Але гэта толькі формы. Самае галоўнае — якасная, прафесійная праца нашага інфармацыйнага поля. Мы сабралі моладзь, каб пазнаёміць з працай вядучых рэспубліканскіх газет, тэлеканалаў, правесці трэнінгі, майстар-класы, але самае галоўнае — адкрыта абмеркаваць прафесійныя пытанні.

Таксама Лілія Ананіч падкрэсліла, што сёння «нацыянальнае інфармацыйнае поле ўяўляе шырокі спектр меркаванняў усіх жыхароў краіны». «Вельмі важна, каб журналістыка фарміравала грамадскую думку: якую краіну мы хочам выбіраць. Вядома, мы жадаем яе бачыць моцнай, упэўненай, квітнеючай. Будучыня краіны ў руках і маладых журналістаў», — лічыць кіраўнік Міністэрства інфармацыі. Яна дадала, што сёння робіцца стаўка на моладзь у прамысловасці, аграрным сектары. І для журналістыкі такія працэсы ўласцівыя. «Гэтая прафесія — адказная, высокаграмадзянская. За кожным радком, словам стаіць журналіст. Важна, каб ён быў асобай. Тады ён будзе вызнаваць сумленную журналістыку, ствараць у імя краіны, сваіх гледачоў, чытачоў, слухачоў», — сказала міністр.

У першы дзень мерапрыемства перад удзельнікамі выступіў Ігар КАРПЕНКА, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Ён лічыць, што такога кшталту сустрэчы з'яўляюцца выдатнай магчымасцю пачуць думкі маладых: «У моладзі ёсць альтэрнатыўны, свежы погляд нават на самыя звычайныя падзеі і з'явы. Важна супаставіць сваё разуменне з іх бачаннем. Гэта, напэўна, той самы баланс, які ўлічвае адначасова энергію маладосці і вопыт старэйшага пакалення, каб паступова развіваць грамадства надалей. З гэтага пункту гледжання гутарка з маладымі журналістамі вельмі важная».

На думку Вадзіма ГІГІНА, галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская думка», першага намесніка старшыні Беларускага саюза журналістаў, перад удзельнікамі форуму стаіць важная задача: «Назва «Журналістыка — прафесія маладых» мае на ўвазе перш за ўсё выбар. Выбар свайго жыццёвага шляху. Менавіта канцэнтраваны мазгавы штурм, які адбываецца на форуме, павінен падштурхоўваць маладых людзей на пошук сябе ў прафесіі і ўвогуле ў жыцці».

23-56

Маладыя журналісты атрымалі з рук міністра ўзнагароды: тры чалавекі ў намінацыі «Жыві і квітней, Беларусь», два — «Мінск — гэта я». «І яшчэ адна намінацыя, якую спецыяльна вылучыла журы — «Самаму маладому ўдзельніку». Гэта Дар'я Зубкова, якой усяго толькі 11 гадоў. Яна напісала верш «Адзін партызан», — расказала Ірына Слабодзіч, галоўны рэдактар газеты «Знамя юности».

Лізавета БРАНЦАВА, адна з пераможцаў, прызнаецца, што зусім гэтага не чакала: «Мой галоўны рэдактар, Ірына Слабодзіч, прапанавала мне паўдзельнічаць у конкурсе, бо ведала, што я ўсё жыццё жыву ў Мінску. Я і падумаць не магла, што атрымаю ўзнагароду. Магчыма, так здарылася таму, што я напісала даволі шчырае эсэ. Упор зрабіла на свайго дзядулю, які працаваў архітэктарам і шмат чаго спраектаваў у Мінску. І вось знянацку перамагла!».

Тую радасць раздзяляе і Святлана ІСАЁНАК, якая працуе ў газеце «СБ. Беларусь сегодня»: «Я часта думаю пра гісторыю нашай краіны, пра тое, што адбывалася на яе тэрыторыі. Мае думкі ўвасобіліся ў эсэ на конкурс. У ім я апісваю жыццё дзяўчыны Насты, якой, як і мне, 25 гадоў. Яна нарадзілася амаль адначасова з незалежнасцю нашай краіны — у 1990-я. І гэтыя дзве паралелі чырвонай стужкай праходзяць праз усё эсэ». Святлана прызнаецца, што ёй хацелася, каб пасля прачытання яе твора людзі задумаліся, што ўсе мы па-рознаму ў сілу ўзросту ўспрымаем гісторыю. Але гэта не адмяняе яе ведання, а з'яўляецца стымулам даведацца пра сваю краіну больш.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.