Вы тут

Шчыт — надзейны


Умовы на вучэнні былі максімальна набліжаны да рэальных.

На мінулым тыдні завяршылася маштабнае сумеснае аператыўнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Шчыт Саюза — 2015». У ім прынялі ўдзел больш за восем тысяч беларускіх і расійскіх вайскоўцаў, было задзейнічана каля 80 самалётаў і верталётаў, каля 400 адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку каля ста танкаў. Да галоўнага ратнага іспыту года было прыцягнута больш чым 110 пунктаў упраўлення рознага ўзроўню.

23-36

Асноўнымі пляцоўкамі для адпрацоўкі сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх вайскоўцаў сталі палігон Кірылаўскі і Стругі Чырвоныя Ленінградскай і Пскоўскай вобласці адпаведна. У адпрацоўцы авіяцыйнай падтрымкі войск і ў праверцы Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы выкарыстоўваліся авіяцыйны палігон Кінгісеп (Ленінградская вобласць), а таксама палігон Ашулук Астраханскай вобласці.

Сумеснае аператыўнае вучэнне «Шчыт Саюза — 2015» у адпаведнасці з задумай, якая была зацверджана прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, мела выключна абарончы характар і не было накіравана супраць якой-небудзь дзяржавы. Зыходзячы з тэмы вучэння, у аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў былі пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх вайсковых часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад Рэгіянальнай групоўкі войск (сіл).

— Тэма вучэння абрана невыпадкова: яна з'яўляецца лагічным працягам асноў забеспячэння не толькі ўнутранай, але і рэгіянальнай ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліў кіраўнік вучэння з беларускага боку начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ. — Мы не можам не ўлічваць рызыкі і крыніц небяспекі, якія існуюць па-за межамі нашай дзяржавы. Гэта найперш павелічэнне сіл блока НАТА на тэрыторыях сумежных з намі краін, а таксама павелічэнне авіяцыйнай групоўкі тактычнай авіяцыі, колькасці палётаў выведваючай авіяцыі ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Безумоўна, гэта і падзеі на паўднёвым усходзе Украіны — дзяржавы, з якой мы маем 1080 кіламетраў агульнай мяжы.

[caption id="attachment_102094" align="alignnone" width="600"]23-38 Мі­ністр аба­ро­ны Бе­ла­ру­сі ге­не­рал-лей­тэ­нант Анд­рэй РАЎ­КОЎ па­дзя­ка­ваў
удзель­ні­кам ву­чэн­ня за па­спя­хо­ва вы­ка­на­ныя за­да­чы.[/caption]

На першым этапе вучэння на працягу чатырох сутак сумесны кантынгент беларуска-расійскай Рэгіянальнай групоўкі войск (сіл) праводзіў абарончыя дзеянні, а таксама ажыццяўляў падрыхтоўку да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў, у якіх, паводле сцэнарыя, дзейнічалі незаконныя ўзброеныя фарміраванні. На гэтым этапе для здзяйснення прыкрыцця важных ваенных аб'ектаў былі ўзбуйнены групоўкі ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. На палігоне Кірылаўскі падраздзяленні 11-й і 6-й гвардзейскіх асобных механізаваных брыгад рухаліся з зыходных раёнаў для контрнаступлення, пакуль вайскоўцы мотастралковага злучэння Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі рабілі разведку ў раёне магчымага знаходжання незаконнага ўзброенага фарміравання.

Тым часам на палігоне Стругі Чырвоныя падраздзяленні 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, а таксама дэсантнікі 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі ажыццявілі дэсантаванне пасадачным спосабам. Сумеснымі сіламі вайскоўцы мабільных падраздзяленняў выканалі падрыхтоўку да знішчэння абазначаных аб'ектаў умоўнага праціўніка, занялі і ўтрымлівалі важны раён мясцовасці да ўвядзення асноўных сіл і правялі этап з баявымі стрэльбамі. А падраздзяленні ракетных войск і артылерыі ажыццявілі мерапрыемствы па падрыхтоўцы стрэльбаў і кіраванні агнём, а таксама паразілі агнём умоўнага праціўніка.

— Адметна, што легенда вучэння распрацоўвалася так, каб камандзіры падраздзяленняў яе не ведалі і самастойна арыентаваліся ўжо непасрэдна на полі бою, — адзначыў намеснік кіраўніка вучэння па практычных дзеяннях войск, начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл генерал-маёр Сяргей ПАТАПЕНКА. — Гэта дазволіла ім атрымаць вопыт кіравання падначаленымі ва ўмовах, якія максімальна набліжаны да рэальных. Падобныя сумесныя вучэнні, якія праводзяцца адзін раз на два гады, не толькі павышаюць баяздольнасць нашых армій і спрыяюць умацаванню граніц Саюзнай дзяржавы, але і збліжаюць нашы народы.

На другім этапе, які працягваўся тры дні, былі практычна адпрацаваны пытанні кіравання войскамі ў ходзе вядзення высокаманеўраных дзеянняў на шырокім фронце ва ўмовах становішча, якое хутка мяняецца, кажучы па-ваеннаму, ва ўмовах «нарошчвання сітуацыі».

[caption id="attachment_102095" align="alignnone" width="600"]23-39 Рэ­ак­тыў­ная сіс­тэ­ма зал­па­ва­га агню «Смерч».[/caption]

Умоўны праціўнік сустрэў супраціўленне брыгад Заходняга аператыўнага камандавання беларускай арміі, не дасягнуў сваіх мэт і, панёсшы страты, быў вымушаны замацавацца на выгаднай для нас мяжы і перайсці да абарончых дзеянняў. Утрымаць свае пазіцыі гвардзейцам дапамагла армейская і франтавая авіяцыя. За агнявую падтрымку з паветра нашы мотастралкі ўдзячныя прафесіяналам-авіятарам з 50-й змешанай авіяцыйнай базы і 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, а таксама іх калегам з Расіі.

— Выкананне агнявой задачы па адхіленні паветранага ўдару праціўніка праводзілася зенітным ракетным узводам, які быў узброены ЗРК «Страла-10», — застаўся задаволены вынікамі камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі генерал-маёр Алег ДВІГАЛЕЎ. — Падраздзяленні супрацьпаветранай абароны паказалі стапрацэнтнае пападанне ў паветраныя мішэні. Авіяцыя таксама прадэманстравала сваё высокае майстэрства. Выдатна адпрацавалі і нашы расійскія калегі. Тое ўзаемадзеянне, якое было арганізавана на ўзроўні нашых відаў Узброеных Сіл, дазваляе гаварыць аб тым, што ваенная бяспека Саюзнай дзяржавы ў надзейных руках!

Як адзначыў на ўрачыстым закрыцці міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ, вучэнне дазволіла ўдасканаліць аператыўную сумяшчальнасць штабоў розных узроўняў, адпрацаваць пытанні спалучэння перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй, павысіць зладжанасць органаў ваеннага кіравання, палявую і паветраную вывучку злучэнняў і вайсковых часцей, якія ўваходзяць у склад Рэгіянальнай групоўкі войск (сіл) Беларусі і Расіі. Акрамя таго, кіраўнік ваеннага ведамства дадаў, што саюзнікі атрымалі магчымасць зверыць абраныя кірункі ваеннага будаўніцтва, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця Узброеных Сіл і ўзмацнення абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

— Сімвалічна, што найважнейшае мерапрыемства сумеснай аператыўнай падрыхтоўкі адбылося ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, — лічыць Андрэй Раўкоў. — Нашы народы памятаюць і ганарацца подзвігамі пакалення пераможцаў. Бо вырашальны ўклад у справу разгрому ворага і выратавання ўсяго чалавецтва ад заняволення зрабілі менавіта народы Савецкага Саюза. Быць дастойнымі памяці, вялікаму подзвігу пакалення, якое выратавала чалавецтва ад фашызму, — значыць сёння ўсяляк берагчы мір, змагацца за яго ўсімі сіламі і сродкамі. Разам мы адстаялі нашу Айчыну ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І сёння разам абараняем мір, свабоду і незалежнасць нашых дзяржаў.

Яўген ДОЎГАЛЬ, «Ваяр»

dovgal@mod.mіl.by.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.