Вы тут

Канікулы па-кадэцку


432 навучэнцы з Беларусі і Расіі сталі ўдзельнікамі грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены «За гонар Айчыны».

Нягледзячы на тое, што купальны сезон ужо скончыўся, на беразе возера Нарач надзвычай шматлюдна. Для юнакоў і дзяўчат, якія з'ехаліся сюды з розных куточкаў Беларусі і Расіі, лета зацягнулася: у нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» праходзіць грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена для навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны».

[caption id="attachment_102097" align="alignnone" width="600"]23-41 Па­рад ка­дэ­таў.[/caption]

Тры тыдні — пад агульным дахам. Кожны дзень напоўнены спартыўнымі спаборніцтвамі і творчымі сустрэчамі, тэматычнымі дыскусіямі і новымі знаёмствамі. Ужо ў дзявяты раз навучальны год для старшакласнікаў-кадэтаў з Беларусі і Расіі пачынаецца не ў звыклых класах, а тут — на ўлонні прыроды.

Выхаванцы спецыялізаваных кадэцкіх навучальных устаноў, вучні кадэцкіх класаў у «Зубраня» прыязджаюць заўсёды найлепшыя. Сёлета ў Нарачанскім краі сустрэліся 432 кадэты. Але перш чым трапіць сюды, юнакі і дзяўчаты праходзяць адбор. Яно і не дзіўна: ахвотных правесці першы месяц восені ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў нашай краіны нямала!

— Я ўпершыню ў Беларусі, але ў мяне такое адчуванне, быццам я дома, — дзеліцца ўражаннямі навучэнец кадэцкай школы-інтэрната імя Ражкова Ніжагародскай вобласці Дзмітрый Воранаў. — З нашага класа на кадэцкую змену прыехалі 12 чалавек. Гэта тыя, хто добра вучыўся ў мінулым годзе, актыўна ўдзельнічаў у спартыўным і творчым жыцці школы-інтэрната.

У тым, што ў «Зубраняці» сабраліся сапраўдныя таленты, можна было ўпэўніцца падчас Дня Саюзнай дзяржавы, які прайшоў на базе цэнтра. На конкурсных пляцоўках «Калейдаскоп дасягненняў» падлеткі арганізавалі віктарыну «70 пытанняў пра вайну», малявалі, гулялі ў шахматы, чыталі вершы... На ваенна-спартыўных спаборніцтвах прадэманстравалі сваю фізічную падрыхтоўку, веды па ваеннай гісторыі. Спявалі, танцавалі, інсцэніравалі эпізоды з кадэцкага жыцця.

21 дэлегацыя з Расіі і 15 з Беларусі — адна за адной урачыстым маршам яны крочаць падчас парада. Іх адрознівае форма, аб'ядноўвае — не па-дзіцячы ваенная выпраўка і вялікае жаданне служыць сваёй Айчыне. Амаль кожны з кадэтаў (і дзяўчаты не выключэнне) марыць стаць калі не вайскоўцам, дык міліцыянерам ці ратавальнікам.

Камандзір дэлегацыі Маскоўскага казачага кадэцкага корпуса імя Шолахава Аляксей Ступніцкі хоча працягнуць ваенную дынастыю сваёй сям'і. Яго дзядуля служыў у марскім флоце, бацька (дарэчы, у мінулым суворавец) — палкоўнік медыцынскай службы. Прадзед Пётр радавым мотастралковай дывізіі дайшоў да Берліна, а прадзед Андрэй у гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў партызанскі атрад у лясах Украіны.

Высокі, прыгожы юнак з гонарам вядзе сваю дэлегацыю па пляцы. На яго кадэцкай форме зіхаціць ужо некалькі крыжоў — унутраных узнагарод. Кожны з іх у кадэта з'явіўся не проста так.

[caption id="attachment_102096" align="alignnone" width="600"]23-40 Ка­дэ­ты са збро­яй на «ты».[/caption]

— Залаты крыж даецца за выдатную вучобу, — расказвае Аляксей. — Такі ёсць амаль у кожнага кадэта: адукацыя ў корпусе на высокім узроўні. Сярэбраны крыж выдаецца за спартыўныя дасягненні. Я, напрыклад, уваходжу ў каманды корпуса па лёгкай атлетыцы, лыжах, футболе і стральбе. Неаднаразова з'яўляўся пераможцам у тых ці іншых спаборніцтвах. Белым крыжам узнагароджваюць за актыўны ўдзел у творчым жыцці калектыву. Яшчэ да таго, як стаць кадэтам, я скончыў музычную школу, таму вельмі часта прадстаўляю корпус на розных канцэртах. Сіні крыж атрымаў за першае месца ў асабістым першынстве сярод кадэцкіх карпусоў па стральбе: з 50 выбіў 49 ачкоў.

У Беларусі Аляксей Ступніцкі раней быў толькі праездам. «Заўсёды падчас падарожжаў здзіўляўся, як тут прыгожа і чыста, — прызнаецца юнак. — А які вы адкрыты і шчыры народ! Сярод кадэтаў-беларусаў я знайшоў вельмі шмат сяброў, з якімі, спадзяюся, буду падтрымліваць зносіны. Дагэтуль я быў у такіх вядомых лагерах, як «Арляня» і «Артэк», і скажу шчыра: у «Зубраняці» мне спадабалася найбольш. Тут вельмі маляўнічыя мясціны, лагер тэхнічна абсталяваны, добра арганізаваны навучальны працэс і адпачынак».

— Праводзіць грамадзянска-патрыятычную кадэцкую змену навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны» для нас стала традыцыяй, — расказвае дырэктар нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Надзея Ануфрыева. — Упершыню падобная змена была рэалізавана ў «Зубраняці» ў 2007 годзе. За дзевяць гадоў тут пабывала звыш 200 дэлегацый, а гэта больш чым тры з паловай тысячы кадэтаў з Беларусі і Расіі.

Ілья Холадаў, выхаванец ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС Беларусі, у «Зубраня» прыехаў ужо другі раз. Як жа прыемна яму было сустрэць таварышаў, з якімі пазнаёміўся на мінулай змене! Тут у яго шмат аднадумцаў: з самага дзяцінства ён марыць стаць ратавальнікам.

— Ратаваць людзей — справа высакародная, — лічыць Ілья. — У ліцэі мы вучымся па агульнаадукацыйнай праграме. Праўда, у нас ёсць такія дадатковыя заняткі, як аварыйна-выратавальная падрыхтоўка, асновы пажарабяспекі, пажарна-выратавальны від спорту...

Аляксей Вайцяховіч, выхаванец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, вырашыў стаць сувораўцам яшчэ за тры гады да паступлення. «Дзевяцігадовым хлопцам глядзеў парад па тэлебачанні, і мяне вельмі ўразілі сувораўцы, якія прайшлі перад трыбунамі, — узгадвае юнак. — Мінула некалькі гадоў, і на месцы тых сувораўцаў быў ужо я. Сувораўскае вучылішча ўклала ў мяне стрыжань — любіць Радзіму, абараняць яе з малых гадоў. Пасля яго заканчэння буду паступаць у сістэму вышэйшай ваеннай адукацыі Беларусі, бо хачу стаць афіцэрам».

Неўзабаве юныя патрыёты раз'едуцца па сваіх карпусах і вучылішчах і будуць рабіць усё дзеля таго, каб наблізіцца да сваіх мар.

Сёлета ў летні перыяд у «Зубраняці» адпачывалі дзеці з 17 краін. Усяго за год цэнтр прымае 16 тысяч чалавек, 6200 з якіх прыязджаюць сюды летам. Рэалізуецца 10 навучальных змен працягласцю 21 дзень, 5 летніх — працягласцю 18 дзён і 3 змены падчас восеньскіх, зімовых і вясенніх канікул (ад 9 да 18 дзён).

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Мядзельскі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».