Вы тут

Камандны дух і асабістае майстэрства


Беларусы ўпэўнена ўзялі «серабро» на конкурсе «Воін Садружнасці».

Беларускія вайскоўцы занялі другое месца на VІІ Міжнародным конкурсе ваенна-прафесійнага майстэрства ваеннаслужачых дружалюбных армій «Воін Садружнасці».
Упершыню за гады існавання спаборніцтва канкурсантаў прымаў Казахстан. Гаспадары і сталі пераможцамі. «Бронза» дасталася расійскай камандзе.

[caption id="attachment_102099" align="alignnone" width="600"]23-47 За зван­не быць най­леп­шым вай­скоў­цам Са­друж­нас­ці зма­га­лі­ся сал­да­ты з шас­ці кра­ін.[/caption]

Сёлета за званне быць найлепшым вайскоўцам Садружнасці змагаліся салдаты з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. На некалькі дзён ваенная база «Атар», што непадалёк ад Алматы, стала эпіцэнтрам ваеннага майстэрства, інтэлекту і таленту. Вайскоўцы розных армій прадэманстравалі, што могуць не толькі годна абараняць сваю краіну, але і ўдзельнічаць у інтэлектуальных дэбатах, паказаць свае творчыя магчымасці.

У камандзе — па чатыры чалавекі: тры хлопцы і дзяўчына. Толькі, нягледзячы на баявы камандны дух, кожны з іх быў сам за сябе. Пераможцу вызначылі пасля праходжання інтэлектуальнага тура «Эрудыт», ваенна-спартыўнага спаборніцтва «Атлет», конкурсаў па прадметах баявой падрыхтоўкі «Прафесіянал» і «Снайпер», а таксама своеасаблівага шоу талентаў «Кавалер» («Спадарыня»).

Дарэчы, перш чым сустрэцца ў Казахстане, вайскоўцы прайшлі сур'ёзны адбор у сваёй краіне. На працягу некалькіх этапаў іх выбіралі ў відах Узброеных Сіл, родах войск, камандаваннях, ваенных акругах, на флатах, у галоўных і цэнтральных упраўленнях. І, нарэшце, у казахскай сталіцы сабраліся найлепшыя. Айчынную каманду прадставіла эліта — ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый.

Ганна Кавалеўская ў «Воіне Садружнасці» ўдзельнічала другі год запар. Летась дзяўчына спаборнічала з сапернікамі на беларускай зямлі. Цяпер і ў Казахстане паказала, чаго вартыя жанчыны нашых Узброеных Сіл. Ганна заняла другое месца ў выпрабаванні «Снайпер». І гэта нягледзячы на тое, што ў агульным заліку за месца пад сонцам на роўных умовах змагаліся як жанчыны, так і мужчыны. Акрамя таго, наша ваеннаслужачая стала другой у намінацыі «Жанчына-воін».

Дарэчы, да 2011 года ў конкурсе ўдзельнічалі толькі мужчыны. Аднак усе добра разумелі, што ваеннаслужачыя жаночага полу — неад'емная частка армейскай рэчаіснасці. Таму рашэннем Савета Міністраў абароны краін — удзельніц СНД у каманду дазволілі ўключыць адну жанчыну. І, калі глядзець на вынікі, якія яны сёння паказваюць, недарэмна. Жанчыны нароўні з мужчынамі займаюць выдатныя месцы ў агульным заліку. І наша Ганна — яскравы прыклад.

Яшчэ адзін удзельнік беларускай каманды зрабіў немалы ўнёсак у наша «серабро». Камандзір мабільнага аддзялення 38-й асобнай мабільнай брыгады Андрэй Гедзька, зусім крыху саступіўшы казаху, другім пераадолеў усе этапы ваенна-спартыўнага спаборніцтва «Атлет».

— Выпрабаванне было не з лёгкіх, сітуацыю ўскладняла гарачае надвор'е, — дзеліцца ўражаннямі старшы сяржант. — Самымі моцнымі сапернікамі, безумоўна, былі вайскоўцы з Казахстана: яны — у сябе на радзіме, таму ім было лягчэй. Але перамога казахаў цалкам заслужаная.

Як лічыць беларуская каманда, адна з галоўных мэт конкурсу — умацаванне сяброўскіх сувязяў паміж арміямі краін — удзельніц СНД — дасягнута. Андрэй Гедзька падзяліўся, што пасябраваў з вайскоўцамі ўсіх каманд. «Сапернікамі мы былі толькі на этапах, па-за конкурсам сталі сапраўднымі сябрамі», — перакананы вайсковец.

І для гэтага арганізатары зрабілі ўсё неабходнае. Акрамя ўдзелу ў спаборніцтвах, вайскоўцы пазнаёміліся з культурай і гісторыяй Казахстана, дакрануліся да святыняў і каштоўнасцяў краіны.

— Ужо ў першы дзень казахі наладзілі вечар сяброўства, дзе віталі кожную дэлегацыю: нам, напрыклад, спявалі «Белавежскую пушчу» і «Касіў Ясь канюшыну», — расказвае старшыня беларускай дэлегацыі, старшы афіцэр аддзялення ідэалагічнай работы камандавання сіл спецыяльных аперацый Вольга ЗУБАРЭНКА. — Удзельнікам паказалі горы, славутасці Астаны, дзе адбыўся заключны гала-канцэрт з цырымоніяй узнагароджання, на якой прысутнічаў міністр абароны Казахстана. Правёўшы столькі дзён разам, вайскоўцы розных краін развітваліся ўжо сябрамі. І гэта вельмі важна: ужо на такім узроўні яны могуць разлічваць на сваіх калег, падставіць плячо ў складанай сітуацыі. У гэтым і ёсць залог ваеннага супрацоўніцтва паміж краінамі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фотаздымак прадастаўлены тэлекампаніяй «ВаенТБ»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.