Вы тут

«Такія баі былі, што і ўспамінаць страшна...»


Мікалай Жыльцоў прайшоў вайну ад Калініна да Берліна.

У Птушычах, што ў Асіповіцкім раёне, жыве Мікалай Сцяпанавіч Жыльцоў, карэнны русак. Нарадзіўся ён 15 лістапада 1922 года ў вёсцы Фёдаркава Барэйтаўскага раёна Яраслаўскай вобласці. Пражыў Мікалай у Расіі толькі да 19 гадоў. Большая частка яго жыцця прайшла ў Беларусі, якую ён палюбіў назаўсёды.

[caption id="attachment_102089" align="alignnone" width="600"]23-31 Мі­ка­лай ЖЫЛЬ­ЦОЎ[/caption]

Сям'я Жыльцовых была вялікая: сямёра дзяцей. Мікалай — найстарэйшы. Таму вучыцца доўга яму не давялося: скончыўшы ўсяго тры класы, пайшоў працаваць у хлебапякарню, дзе мясіў уручную цеста для абаранкаў. Рукі распухалі так, што не зашпіляліся гузікі на кашулі.

У Чырвоную Армію Мікалая Жыльцова прызвалі 27 верасня 1941 года. Ішла Вялікая Айчынная вайна. Быў адабраны для работы з сабакамі — вывозіць параненых з поля бою. Немцы наступалі на Маскву. Разгарнуліся баі пад Калініным.

— Зіма была з 50-градуснымі маразамі, — успамінае ветэран. — Сабакам капалі норы-будкі ў берагах ракі Туры, а выхад з такіх будак закрывалі пляцёнкамі. Начальнікам школы сабакаводаў быў падпалкоўнік Мядзведзеў (яшчэ тут вучылі галубоў для паштовай сувязі). Пасля таго, як сабакі сталі слухаць гаспадароў, нам прывезлі нарты і лыжы. Злучыўшы лыжы з нартамі (а гэта былі самыя звычайныя салдацкія насілкі на невялікіх ножках) металічнымі кольцамі і вінтамі, пагрузіліся ў вагоны і паехалі на фронт.

Вайсковая часць, дзе служыў франтавік, называлася атрадам нартавых запрэжак у 1170-м палку 348-й дывізіі. На кожнага салдата — па тры сабакі. Жывёлы атрымлівалі два чырвонаармейскія пайкі. Для іх была спецыяльная кухня. Сабак навучылі зацягваць параненых на нарты: адвязвалі карэннага з запрэжкі, і жывёла цягнула яго за шынель, дапамагала санітару. Яшчэ пускалі сабак адных. Калі яны знаходзілі ў цемры параненых, то бралі спецыяльны скураны жэтон у зубы і беглі назад. На спіне ў сабак была замацавана сумка з медыкаментамі, аловак і блакнот. Калі паранены мог, то перавязваў сябе сам, пасля пісаў запіску. Сабака з тым жэтонам, які быў прымацаваны да яго ашыйніка, бег да санітара, які па яго следзе вяртаўся па байца.

— Сваё баявое хрышчэнне і першае раненне я атрымаў каля Вішары: не змог выцягнуць са снегу параненую нагу, каб дайсці да сабак з нартамі, — успамінае ветэран. — Выратавала мая Берта: перагрызла і парвала павадок, якім была прывязана з нартамі да дрэва. Сам бы выйсці я ўжо не змог па такім снезе. Лёг на нарты і вельмі баяўся, каб не натрапіць на які-небудзь пень. Але мае сабакі ўсё ж такі давезлі мяне да нашых у медсанчасць. Маці пісала мне ў шпіталь лісты. Ёй было вельмі цяжка: бацька таксама ваяваў з фашыстамі, а ў яе на руках было шасцёра малых дзяцей.

Пасля шпіталя — зноў на фронт. Трапіў Мікалай Сцяпанавіч у запасны полк у Калінін (горад ужо вызвалілі ад гітлераўцаў). Тут валілі лес, будавалі зямлянкі. Потым 1,5 месяца падрыхтоўкі на малодшых камандзіраў — і пехам пад Ржэў. «Там такія былі баі, што ўспамінаць страшна, — гаворыць ён. — Фронт наш называўся Калінінскі. Я быў ужо сяржантам, камандзірам аддзялення. Немцы рваліся на Сталінград. Па начах савецкія салдаты тайком здымалі з нашых пазіцый артылерыю і перавозілі туды ж. Каб фашысты не здагадаліся, што фронт аголены, мы пастаянна завязвалі баі мясцовага значэння. Пяхота ваявала ў асноўным з дзесяцізараднымі стрэльбамі. Аўтаматы былі толькі ў ротах аўтаматчыкаў, якія ахоўвалі камандзіра палка, і ў разведчыкаў. Пазней зброі стала больш. А ў той час, нават калі на полі бою здабудзеш аўтамат, то яго трэба было аддаць: разведчыкам ён патрэбен больш. Пяхота ваявала з вінтоўкамі. У Ржэве ацалелі толькі падвалы: усё астатняе было разбіта. Жывых людзей засталіся толькі адзінкі».

Мікалай Жыльцоў удзельнічаў у баях за Ельню, вызваляў Магілёў. І сёння ён памятае пераправы праз Днепр і Дзісну, моцныя баі на рацэ Проні. З Магілёва праз Беразіно, Чэрвень ішлі на Мінск. Немцы, ашалеўшы ад страху, выходзілі з Бабруйскага катла групамі.

[caption id="attachment_102088" align="alignnone" width="600"]23-30 Школь­ні­кі — час­тыя гос­ці ў ве­тэ­ра­на.[/caption]

— У канцы чэрвеня мы выйшлі ў вёску Малы Трасцянец, — расказвае Мікалай Жыльцоў. — У Мінску ўжо ішлі баі. У Малым Трасцянцы мы ўбачылі спаленую вялікую стайню. Яшчэ дагаралі нашы людзі, якіх фашысты спалілі за некалькі дзён да вызвалення... У мяне дагэтуль стаіць перад вачыма напаўабгарэлы труп жанчыны, якая прыціскала да сябе малое дзіця. Яна, відаць было, падкопвалася пад падрубу, але вылезці не паспела. Так і ляжала: палова цела з працягнутай рукой на волю, палова — з абпаленай рукой, якая прыціскае дзіця. У гэтай стайні згарэла больш чым 2,5 тысячы чалавек...

У Мінск Мікалай Жыльцоў з аднапалчанамі прыйшлі, калі горад ужо быў вызвалены. Далей трымалі шлях на Беласток. Тут ён быў паранены другі раз — у другую нагу, асколкам у сустаў. Параненых на самалёце вывезлі ў Магілёў, раны апрацавалі, перабінтавалі і павезлі ў Раслаўль Смаленскай вобласці ў шпіталь. Калі стаў на ногі, накіравалі ў школу санінструктараў. Пасля — зноў баі ў Польшчы. Мікалай служыў санінструктарам у 250-й дывізіі 918-га стралковага палка.

14 студзеня 1945 года, калі пачалося наступленне на ўсіх франтах, дывізію павярнулі на Кёнігсберг. За мужнасць, праяўленую ў тых баях, Мікалай Сцяпанавіч атрымаў медаль «За ўзяцце Кёнігсберга». Сярод яго ўзнагарод — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «За ўзяцце Берліна».

— Якімі б дарогамі ні ішоў я да Берліна (а гэта былі і Ленінградская, і Смаленская вобласці), нідзе так не сустракалі воінаў-вызваліцеляў, як на беларускай зямлі, — успамінае ветэран. — Частавалі чым маглі: малаком, печанай бульбай, вадой, шчаўем ці яблыкамі зялёнымі. Беларусы і партызан кармілі, і самі нешта елі, і фашысты рабавалі-адбіралі, і салдатам яшчэ нешта змаглі вынесці.

Толькі 70 кіламетраў праехаў Мікалай Жыльцоў на грузавіку да Берліна, а так увесь час пешшу. Вайну скончыў 7 мая на Эльбе. Вось толькі сустрэча з амерыканцамі іх палка адбылася не такая, як на гістарычным фотаздымку ваеннай кінахронікі. Перад самай Эльбай амерыканцы абстралялі лес, па якім рухаліся іх роты. Камандаванне выклікала падмогу. «Столькі «Кацюш» я нідзе не бачыў, — расказвае ветэран. — Яны як «сыгралі» — на тым беразе толькі разбітыя «Вілісы» і трупы. Ад нас уцякалі «ўласаўцы». Можа, амерыканцы думалі, што страляюць па «ўласаўцах», якіх яны не хацелі да сябе прымаць, а можа, і нас спрабавалі спыніць. Блытаніна нейкая выйшла. А «Кацюшы» адразу навялі парадак».

Шмат памятае ветэран. Не можа забыцца і на тое, як вызвалялі вязняў з канцлагера. Прыехалі на пяці танках на месца, азначанае на карце, а там — толькі лес, ачэплены калючым дротам. Раптам аднекуль з-пад зямлі пачалі выходзіць дзяўчаты, абутыя ў драўляныя калодкі. Аказалася, што яны былі вывезены з Украіны і працавалі на падземным заводзе па вытворчасці патронаў. Многа іх выйшла з-пад зямлі. Дзяўчаты выцягнулі з сабой на паверхню тоўстага немца — начальніка завода, а наземная ахова даўно разбеглася. Паздымалі нявольніцы калодкі, ды давай біць фашыста па галаве з усёй сілы. Заліло ў таго ўвесь твар крывёй, адзін з салдат не вытрымаў, зняў з пляча аўтамат і застрэліў немца, бо з рук выжыўшых у нечалавечых умовах нявольніц вырваць фашыста было ўжо немагчыма.

Дэмабілізаваўся Мікалай Жыльцоў у 1947 годзе ў Дараганаве, дзе служыў пасля Барысава і Печаў у 1-й Паветранай арміі. Ахоўваў 270-ы авіясклад. Іржавыя, ужо непрыдатныя бомбы ўзрывалі, астатнія — змазвалі, ахоўвалі. У Беларусі знайшоў сваё каханне — птушыцкую дзяўчыну Насцю Халадок. Нарадзілі і выхавалі пяцярых дзяцей. Працаваў лябёдчыкам, грузчыкам, матарыстам спачатку на лесасплаве, а пасля ў леспрамгасе ў Дараганаве. За добрасумленную працу не раз атрымліваў узнагароды, памятныя знакі «Ударнік пяцігодкі».

Здароўя вам, паважаны Мікалай Сцяпанавіч, нізкі паклон да зямлі за вашу мужнасць і адвагу! Мы ганарымся, што жывём побач з такім чалавекам, як вы.

Жанна КАРАЛЕНЯ, дырэктар Дараганаўскага школьнага комплексна-краязнаўчага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.