Вы тут

Месца ў інтэрнаце можна атрымаць, а можна «зарабіць»


Што неабходна рабіць, каб атрымаць месца ў інтэрнаце? З гэтым пытаннем я звярнулася да Міхаіла ЧАРАПЕННІКАВА, намесніка прарэктара па вучэбна-выхаваўчай працы і сацыяльных пытаннях БДУ:

— Калі студэнту не далі месца ў інтэрнаце сёлета, то ёсць толькі адзін варыянт — чакаць. Чарга рухаецца ўвесь год, таму што ва ўніверсітэце заўсёды адбываюцца нейкія змены. Хтосьці на завочнае аддзяленне сыходзіць, кагосьці, на жаль, адлічваюць, нехта адмаўляецца ад інтэрната, напрыклад, дзяўчаты замуж выходзяць і перасяляюцца.

Пры гэтым ёсць выразная траекторыя, што можна зрабіць для таго, каб засяліцца ў інтэрнат. Яна апісана ў нашым крытэрыі прадастаўлення жылога памяшкання.

1 частка. Тыя, хто мае льготы, засяляюцца па-за чаргой. Зразумела, яны не могуць не атрымаць месца ў інтэрнаце.

2 частка. Тыя, хто мае права на засяленне ў першую чаргу. Гэтую частку ўніверсітэт пашырыў. Гаворка ідзе пра паспяховых студэнтаў (пры сярэднім бале паспяховасці за ўвесь перыяд навучання, за выключэннем вясновай экзаменацыйнай сесіі 2014/2015 навучальнага года, 6.0 і вышэй), шматдзетныя сем'і, студэнтаў з няпоўных сем'яў, інвалідаў ІІІ групы, тых, у каго бацькі загінулі або памерлі. Універсітэцкаму актыву прадастаўляецца жыллё пры сярэднім бале паспяховасці за ўвесь перыяд навучання, за выключэннем вясновай сесіі 2014/2015 навучальнага года, 7,5 і вышэй.

Мы ўсіх заклікаем актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта. Адукацыя — гэта не толькі вучоба, лекцыі і практыка, але і тая частка, якая звязана з самарэалізацыяй і выхаваннем.

Са студэнцкага актыву першымі ў спіс прэтэндэнтаў на месца ў інтэрнаце трапляюць спартсмены. Ацэньваюцца актыўны ўдзел у спартыўным жыцці і высокія дасягненні (майстры і кандыдаты ў майстры спорту). Пад гэты ж крытэрый трапляюць і студэнты, якія маюць І разрад па гульнявых відах спорту.

Яшчэ варыянт — гэта актыўны ўдзел у навуковай дзейнасці, у культурным жыцці ўніверсітэта (ёсць агульнаўніверсітэцкія калектывы, якія маюць званне заслужаных і народных).

Грамадскае жыццё. Ва ўніверсітэце велізарная колькасць арганізацый. Практычна ў любой з іх можна сябе праявіць.

Ёсць варыянт удзелу ў студэнцкіх атрадах. Але гэта не азначае, што калі ты трапіў, напрыклад, у будатрад, дык аўтаматычна засяліўся. Пры ўмове, калі ты якасна адпрацаваў, то, вядома, будзеш мець такое права.

Усе гэтыя варыянты — для будучага года. Што рабіць таму, каму не далі месца ў інтэрнаце сёлета? Па-першае, чакаць чаргі, па-другое, мы дапамагаем з найманнем жылля: на сайце bsu.bу перыядычна абнаўляецца спіс, па-трэцяе, студэнты дзённай бюджэтнай формы навучання могуць атрымліваць кампенсацыю ў тры базавыя велічыні ў месяц (гэта 540 тысяч рублёў), падаўшы дакументы ў Студгарадок. Дзяржава кампенсуе не наём жылля, а ложка-месца ў пакоі. Умоўна кажучы, здымны пакой каштуе 100 долараў, а ў інтэрнаце студэнты не жывуць па адным у пакоі, таму калі здымаць утраіх, 540 тысяч — тыя ж 30 долараў з чалавека. У прынцыпе, ложка-месца кампенсуецца амаль у поўным аб'ёме. Гэта добрая дапамога.

А як студэнты сталічных ВНУ спраўляюцца з праблемай пошуку даху над галавой?

Радзівон МАГІЛЕЎЧЫК, ІІІ курс эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, г. Барысаў:

— Безумоўна, хацеў бы жыць у інтэрнаце. Весялей, лягчэй рыхтавацца да сесіі, ёсць магчымасць наведваць трэнажорную залу. Улетку я пайшоў у будатрад, таму атрымаў магчымасць засяліцца ў інтэрнат. Разам з іншымі студэнтамі фарбаваў, прыбіраў, мыў свой жа інтэрнат. Я лічу, калі задацца мэтай атрымаць месца ў ім, то ўніверсітэт прапануе дастатковую для таго колькасць шанцаў. Так што мая думка такая: не прыклаў намаганняў — плаці.

Аліна ГАЎРЫЛЕНКА, ІІІ курс факультэта электрасувязі Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі, г. Дуброўна:

— Я жыла ў інтэрнаце тры гады, а цяпер здымаю жытло за 90 долараў на «Пятроўшчыне». Жыву з гаспадыняй, але пакой асобны. Вучэбны корпус знаходзіцца на вуліцы Ф. Скарыны. Да яго еду каля 50-60 хвілін.

Алеся ЗУБОК, ІІІ курс філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, г. Бабруйск:

— Ужо некалькі разоў была ў будатрадзе і тры гады — у самакіраванні. Я жыву ў інтэрнаце трэці год. Там мая другая сям'я — мой любімы студэнцкі савет. На першым курсе я стала яго старшынёй. Давялося вучыцца кіраваць, быць лідарам і пазбавіцца комплексаў і страхаў.

Настасся ЖУХАРАВА, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.