Вы тут

Саліст гурта Mіsters Ян Маерс: «Не думаю, як прадаць сябе...»


На сцэне прафесіянал, а ў жыцці — просты і шчыры чалавек. Саліст гурта Mіsters, мне здаецца, менавіта з такіх. Ён вучыўся і вучыцца ў самых лепшых (напрыклад, у Васіля Раінчыка, пад кіраўніцтвам якога быў у ансамблі «Верасы»), умее пралічваць свае крокі (удзел у праектах «Містар Беларусь» і «Хачу да Меладзэ» таму пацвярджэнне), не баіцца быць сапраўдным ні на сцэне, ні за яе межамі. І можа быць розным, спалучаючы ў сабе і творцу, і кіраўніка. Як складваюцца яго адносіны з калегамі, якіх ілюзій ён назаўсёды пазбавіўся і чаму імкнецца ўсё трымаць пад кантролем? Аб гэтым спявак расказаў карэспандэнту «Чырвонкі».

24-17

— Нядаўна вы з Кацяй Волкавай парадавалі прыхільнікаў песняй «Мы станем бліжэй». Як узнікла ідэя папрацаваць разам?

— Першы раз пра Кацю я даведаўся, калі ішло шоу «Хачу ў ВІА Гру», дзе яна ўдзельнічала. На Тыдні беларускай моды мы з ёй былі ў адным паказе. Яшчэ перасякаліся на здымках розных праектаў тэлеканала АНТ і так паступова пасябравалі. Першай нашай сумеснай працай стаў запіс навагодняга трэка. Потым Каця вырашыла падарыць гурту Mіsters песню ўласнага аўтарства. Я, паглядзеўшы матэрыял, зразумеў, што можа атрымацца выдатны дуэт. Мы дапрацавалі з ёй музыку, і ў выніку атрымалася класічная лірычная кампазіцыя.

— Што натхніла вас на думку зняць кліп?

— Студыя ў мяне знаходзіцца дома, таму часта важныя падзеі адбываюцца за кубачкам кавы на кухні. Неяк Каця прыйшла ў госці і мы пачалі размаўляць пра кліп. Мы з жонкай тады былі пад уражаннем ад прагляду «Абацтва Даўнтан», дзе прыгожыя касцюмы, дэкарацыі, таму вырашылі зняць нешта ў такой стылістыцы. Падзяліліся думкай з рэжысёрам Ільём Шапірам, і ён адразу знайшоў натуру для здымкаў. Праводзілі іх у двух месцах: у Гродне, у Каралінскім фальварку Тызенгаўза каля вадасховішча Юбілейнае, і ў сядзібе Чацвярцінскіх у вёсцы Жалудок... З Кацяй працаваць было весела, але месцамі складана, нават сварыліся на здымачнай пляцоўцы. Паколькі мы дзве яркія творчыя асобы, то кожны адстойваў свае ідэі. Але ў спрэчцы нарадзілася тое, што цяпер гледачы могуць убачыць на экране.

— Калі гаварыць наогул пра вашы ўзаемаадносіны ў артыстычным асяродку, то якія яны?

— Ніколі нікому не набіваюся ў сябры. Хоць упэўнены, што сяброўства паміж артыстамі магчымае. Наш асяродак — канкурэнтная сфера, і мы, творчыя людзі, вельмі ранімыя. Таму, можа, і не проста знайсці сяброў сярод калег. Але я імкнуся з усімі падтрымліваць добрыя стасункі. Заўсёды радуюся, назіраючы за чужым поспехам. Я прытрымліваюся думкі, што ў кожнага выканаўцы знойдзецца свой слухач, калі правільна працаваць.

— Ствараючы музычны прадукт, вы думаеце пра тое, ці зможаце зарабіць?

На мой погляд, артысту не варта думаць пра грошы ў першую чаргу. Ёсць жа менеджар, канцэртны дырэктар... Той, хто піша музыку, перш за ўсё павінен думаць пра творчасць. Зразумела, ствараючы песню, я задумваюся, ці спадабаецца яна слухачам, ці возьмуць яе ў ратацыю на радыё (бо для гэтага яна павінна быць фарматнай), ці зможам мы выконваць яе на тэлебачанні. Але не думаю, як гэта будзе прадавацца, бо тады прападзе элемент творчасці ў напісанні музыкі. Мне б такога не хацелася, таму што кожная кампазіцыя для мяне па-свойму дарагая.

— А ці складана сёння трапіць у ратацыю на радыё?

Напачатку майго творчага існавання ўпісацца ў фармат было складана. Быў час, калі мае песні наогул не бралі ні на адну радыёстанцыю. Цяпер сітуацыя складваецца ўжо па-іншаму. Таму магу сказаць, фармат — гэта ў першую чаргу якаснае, сучаснае гучанне. Плюс наяўнасць сэнсу ў тэксце. У прынцыпе патлумачыць паняцце «фармат для радыё» складана. Трэба проста «паварыцца» ў гэтым, паслухаць радыёстанцыі, каб разумець тэндэнцыі.

24-20

— Калі вы выкладваеце песні ў інтэрнэт, вам не крыўдна, што за іх не заплацяць?

Музычны рынак СНД пакуль не гатовы да той формы ўзаемаадносін, калі за кампазіцыю ў сеціве трэба плаціць, як робяць гэта ў Еўропе, Амерыцы. Мы прызвычаіліся атрымліваць музыку бясплатна. Я пакуль не ў тым статусе, каб ламаць гэты стэрэатып. Як пачатковец, хачу верыць, што нехта, праслухаўшы нашу музыку, захоча пацікавіцца, хто такія гэтыя хлопцы з гурта Mіsters? Прадаваць музыку сёння для мяне раскоша, якую зараз не магу сабе дазволіць.

— Прыняўшы рашэнне паспрабаваць сябе ў тэлешоу «Хачу да Меладзэ» вы думалі аб тым, ці гатовы — калі ўсё складзецца — пачаць з чыстага ліста ў іншым праекце?

Тым, хто верыць у ілюзіі, быццам у такія праекты бяруць неправераных людзей, варта зразумець, што цуды бываюць толькі ў казках. І мая мэта была не ў тым, каб трапіць у новую групу, для мяне гэта была магчымасць засвяціцца. Зразумеўшы, што на шоу са мной хочуць весці гульню, на правілы якой я першапачаткова не падпісваўся, проста сказаў «дзякуй» і сышоў... Такія конкурсы не прыносяць поспеху, яны даюць у лепшым выпадку пазнавальнасць. Бо, калі не прыкладаюць сіл для далейшага развіцця, ніякі чараўнік вас ратаваць і прасоўваць не будзе.

24-18

— У групе вы і кіраўнік, і чалавек, які піша музычны матэрыял. Складана ўсё рабіць самастойна?

Мяне жыццё навучыла, што рашэнні заўсёды трэба прымаць самастойна, бо табе і несці за іх адказнасць. З хлопцамі мы адразу дамаўляліся пра такія ўзаемаадносіны. Сумяшчаць творчасць з іншымі абавязкамі складана.

Я ніколі не марыў быць аранжыроўшчыкам, стылістам, кіроўцам і гэтак далей, але даводзіцца выконваць розныя ролі, бо так можна скараціць выдаткі. Разумееце, калі ў 18 гадоў я прыехаў са Слуцка і вучыўся, падпрацоўваючы ў рэстаране, то мне на жыццё хапала. Але заплаціць за гатовую песню я не мог, таму стаў імкнуцца рабіць усё сам. Студыя ў мяне з'явілася пасля вяселля, за што ўдзячны ўсім нашым гасцям. На ім пазнаёміўся з Ільём Шапірам і цяпер мы супрацоўнічаем... Я за тое, каб спадзявацца толькі на свае сілы і заставацца заўсёды самім сабой.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.