Вы тут

Прыгожыя да жаху, альбо Крывое люстэрка анарэксіі


Мала хто любіць адкрыта гаварыць пра свае хваробы з чужым чалавекам. З Марынай я пазнаёмілася праз сацыяльную сетку. Напаўненне асабістай старонкі можа многае расказаць пра чалавека. У дзяўчыны на ёй было мноства «паблікаў», рэкламы, інфармацыі пра дыеты, цудадзейныя пілюлі і напоі, якія спрыяюць зніжэнню вагі. А вось асабістых фота на старонцы не было. Маю прапанову сустрэцца дзяўчына рашуча адхіліла, але праз нейкі час усё ж пагадзілася адказаць на пытанні, але толькі ў завочна-друкаваным фармаце. Вось ужо паўтара года, як сямнаццацігадовая Марына змагаецца з анарэксіяй...
[caption id="attachment_102208" align="alignnone" width="600"]24-7 У 2008 годзе італьянская марка адзення Nolіta, якая ўваходзіць у групу Flash & Partners, пачала кампанію пад назвай No Anorexіa. На фота 27-гадовая францужанка Ізабэль Каро, якая на той момант адчайна змагалася з анарэксіяй (пры росце 1,65 метра важыла 33 кілаграмы). Здымаў дзяўчыну скандальны італьянскі фатограф Аліўера Таскані.[/caption]

Ідэя пахудзець захапіла яе ў 15 гадоў. Пасля санаторнага лячэння дзяўчына трохі паправілася, і калі прыйшла ў родную школу, аднакласніцы сталі шаптацца: «Марына так патаўсцела, на карову стала падобная». Тады, як прыгадвае яна, у яе зямля ўцякла з-пад ног. Паколькі вагаў дома не было, дзяўчына стала круціцца каля люстэрка, і чым больш яна ўглядалася, тым мацней пераконвалася ў праваце школьных «сябровак». Апошняй кропляй стала заўвага каханага хлопца. Той у жартаўлівай форме паляпаў дзяўчыну па шчочцы, назваўшы «хамячком»... Гэта цяпер Марына разумее, што асаблівай прыбаўкі ў вазе ў яе ніколі і не было. Так, трохі паправілася, але асяроддзе адрэагавала жорстка. Паколькі раней дзяўчына ніколі спецыяльна не худзела, то і не ведала, як гэта зрабіць без шкоды для здароўя.

Самым эфектыўным на той момант падалося звычайнае галаданне. Устаноўка была на кубак зялёнай гарбаты і некалькі галет за суткі. Маці шмат працавала, таму адразу не заў-
важыла асаблівых змен у харчаванні дачкі. Айчым ніколі не цікавіўся жыццём Марыны, а пры зручным выпадку стараўся яе зняважыць. З кожным днём Марына ўсё больш сыходзіла ў сябе, адносіны з аднакласнікамі зусім сапсаваліся. «Я зненавідзела сябе, зненавідзела ўсё сваё асяроддзе, галаданнем я хацела як бы адпомсціць ім за прычыненыя крыўды», — дзеліцца мая суразмоўца.

Кілаграмы «раставалі», але радасці Марына чамусьці не адчувала. «Я глядзела на сябе і бачыла тую самую «тлустую карову», дыеты цалкам завалодалі мной», — распавядае дзяўчына. «Мама вельмі моцна перажывала, мне і цяпер сорамна перад ёй...» — і шмат сумных смайлікаў. Адчувала дзяўчына сябе жудасна, у яе прапалі «крытычныя дні», валасы проста сыпаліся. Праз чатыры месяцы Марына пагадзілася на шпіталізацыю...

Анарэксія ўжо даўно ступіла з подыумаў у падлеткавае асяроддзе і зламала нямала лёсаў. Пікавасць захворвання прыпадае на ўзрост 13—20 гадоў. Ахвяры — пераважна дзяўчаты. Калі мы паспрабуем намаляваць псіхалагічны партрэт анарэксіка, то, магчыма, заўважым такія якасці, як перфекцыянізм, або «сіндром выдатніка», педантызм, упартасць. Да асноўных прычын медыкі звычайна адносяць сацыяльную дэзадаптацыю і біялагічную пераемнасць, акцэнтуючы ўвагу ўсё ж такі на псіхалагічных фактарах.

Урач-псіхатэрапеўт цэнтра пагранічных станаў Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Алена КАЯН:

— На станаўленне паўнавартаснай асобы велізарны ўплыў аказвае блізкае асяроддзе — сям'я. У зоне рызыкі знаходзяцца дзеці, якія выхоўваюцца ва ўмовах непахіснага аўтарытэту аднаго з бацькоў, пастаяннага кантролю, пакеплівання. Немалы ўклад у фарміраванне светапогляду маладых людзей адыгрываюць сучасныя СМІ. Тыя ж глянцавыя часопісы рэкламуюць хваравітую худнечу як ідэал прыгажосці, але замоўчваюць пра паслугі фоташопа. Пры анарэксіі адбываецца бачнае парушэнне схемы цела. Хворы і бачыць, і адчувае сябе тоўстым. Закранаецца вобраз мыслення, а гэта цяжка паддаецца карэкцыі.

Хвароба цалкам завалодвае ахвярай, прымушаючы яе ўсё з большай стараннасцю вылічваць спажытыя калорыі. Адной з самых распаўсюджаных памылак тых, хто худнее, з'яўляецца ўжыванне прадуктаў з мінімальным працэнтам тлушчу. Возьмем, напрыклад, дзве ўпакоўкі кефіру — тлустасцю 3,2% і 1,5%. Як толькі прадукт абястлушчваецца, ён аўтаматычна страчвае тэрмін годнасці. Для таго, каб яго падоўжыць, выкарыстоўваюцца кансерванты, узмацняльнікі смаку, эмульгатары і г.д. Кожная з гэтых дабавак мае сваю каларыйнасць, таму 1:0 — на карысць кефіру з 3,2% тлушчу.

Другой не менш важнай памылкай з'яўляецца рэзкае галаданне. Людзі думаюць, што калі нейкі час не будуць есці зусім, то ўвесь лішні тлушч «растане» ледзьве не на вачах. Але ва ўмовах галадання арганізм можа існаваць вельмі абмежаваны час, які залежыць ад колькасці і якасці яго запасаў. Калі паступленне ежы спыняецца, арганізм пераходзіць на эндагеннае харчаванне — ужывае ўласныя запасы. Можна сказаць — «есць сам сябе». Арганізм пачынае расшчапляць уласныя тканкі дзеля атрымання энергіі. У першую чаргу расходуюцца запасы вугляводаў — глікаген, які патрэбен для функцыянавання цела і мозга. Запасы глікагена вельмі хутка заканчваюцца. Далей, каб сілкаваць мазгавыя клеткі і чырвоныя клеткі крыві, арганізм вырабляе неабходную для іх глюкозу, пераўтвараючы гліцэрын, што змяшчаецца ў тлушчавай тканцы, і расшчапляючы амінакіслоты, якія знаходзяцца ў мышачных тканках. Калі ўсе запасы глюкозы ў арганізме цалкам вычарпаны (а гэта адбываецца прыкладна на трэці дзень галадання), пячонка пачынае вырабляць кетоны. На гэтай стадыі, калі ўзровень глюкозы вельмі нізкі, пачынаецца працэс, што называецца кетозісам. Дзякуючы яму мозг, мышцы і сэрца яшчэ атрымліваюць нейкую энергію.

Урач-дыетолаг мінскага медыцынскага цэнтра «Гарызонт» Наталля ДАВЫДАВА:

— Арганізм рэагуе на стрэсы мабілізацыяй усіх рэсурсаў для выжывання. Пры наяўнасці запасаў лягчэй перанесці голад, таму галаданне прыводзіць не да змяншэння колькасці тлушчу, а да яго паскоранага назапашвання. Недарэчна імкнуцца адпавядаць заяўленым стандартам 90—60—90. У кожнага з нас розны шкілет, аб'ём грудной клеткі.

Анарэксія нясе ў сабе страту важных для арганізма мікраэлементаў, парушаюцца электралітныя працэсы. Страўнікавы сок, што выдзяляецца, пашкоджвае зубы. Зніжаецца сексуальная цяга. У дзяўчат знікаюць «крытычныя дні». Могуць не развівацца другасныя палавыя прыкметы. У стацыянары хворыя праходзяць курс псіхатэрапіі і прымаюць антыдэпрэсанты. У цяжкіх выпадках іх кормяць унутрывенна або праз катэтар...

Алёна ЯКАВЕНКА, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».