Вы тут

Ці можна абараніцца ад рэкламы ва ўласным пад'ездзе?


Упраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама па прапанове «Звязды» плануе звярнуцца ў Мінгандлю, каб ініцыяваць змены ў «Закон аб рэкламе».

Цяпер у сваёй паштовай скрыні гараджане амаль заўсёды знаходзяць цэлую кучу ўлётак і буклетаў, якія прапануюць розныя спосабы патраціць сумленна заробленыя грошы. Падобнымі аб'явамі нярэдка бязлітасна залеплены стэнды для карыснай інфармацыі і дзверы пад'ездаў, кабіны ліфтаў і тамбурныя дзверы, рэкламныя лісткі часам тырчаць нават у шчылінах уваходных дзвярэй у кватэру...

24-34

«Дасталі ўжо!»

Грамадзяне, мякка кажучы, не адчуваюць з гэтай нагоды захаплення. «Кідаюць нам сваю макулатуру ў скрыні проста ў велізарных колькасцях», — кажа інтэлігентнага выгляду пажылая жанчына, якая сустрэлася нам ля дома №29 па вуліцы Асаналіева ў Мінску.

Малады мужчына, які назваўся Аркадзем, яшчэ больш катэгарычны: «Спачатку рынак вывучыце (маюцца на ўвазе рэкламадаўцы. — Рэд.), а потым рэкламу сваю суньце. Наш дом пасля рамонту, усюды стаяць шклопакеты, дык не — высцілаюць пад'езд паперкамі з рэкламай «Памяняйце вокны». Дасталі ўжо!»

«Зразумець, што гаспадары кватэры з'ехалі з горада, можна ўжо па тым, колькі паперы назбіралася ў паштовых скрынях, — кажа мінчанка Галіна Уласенка. — А гэта ўжо можа быць прамым сігналам для злодзея»...

Што кажуць спецыялісты

Ці можна змагацца з надакучлівай рэкламай у сваім доме? І як гэта лепш зрабіць?

З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка аддзела па суправаджэнні рэформаў і інфармацыйна-грамадскай дзейнасці Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Людмілы Шмарлоўскай, але яна толькі развяла рукамі:

— Вам трэба звярнуцца ва ўпраўленне гандлю Мінгарвыканкама. Мы тут нічога зрабіць не можам. Нашы рабочыя па комплекснай прыборцы перыядычна чысцяць дошкі інфармавання ля пад'ездаў ад непатрэбнай рэкламы, якую наляпляюць нядбайныя рэкламшчыкі, заклейваючы пры гэтым нашу інфармацыю, якую мы спрабуем данесці да жыльцоў. Мы тлумачым на сходах апошнім, што нельга размяшчаць несанкцыянаваную рэкламу. Больш ніякіх захадаў мы прымяніць не можам.

Звяртаемся ва ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. Яго начальнік Ніна ЕМЯЛЬЯНАВА тлумачыць:

— Кідаючы рэкламныя ўлёткі ў паштовыя скрыні, ніхто закон не парушае. Заканадаўства нашай краіны не змяшчае забароны на размяшчэнне і распаўсюджванне рэкламы ў жылых дамах, а таксама з дапамогай паштовых скрынь абанентаў. Іншае пытанне, калі б рэкламу распаўсюджвалі вандальным спосабам, г. зн. пашкодзілі паштовую скрыню, напрыклад. Тады пацярпелы мог бы напісаць заяву ў органы ўнутраных спраў аб прыцягненні вінаватай асобы да адказнасці, але пры гэтым трэба ведаць, хто вінаватая асоба. І, дарэчы, у нас цяпер усе пад'езды замкнутыя, усюды дамафоны. Хто пускае гэтых распаўсюджвальнікаў у пад'езд? Самі ж жыльцы...

— Але калі чалавек супраць рэкламы ў сваёй паштовай скрыні, што ён павінен зрабіць, каб пазбавіцца ад яе?

— Можна напісаць зварот рэкламадаўцу (арганізацыя або грамадзянін, дзейнасць або тавары якіх рэкламуюцца) з просьбай аб спыненні размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы пры дапамозе паштовых скрынь па вашым адрасе. Рэкламадавец у адпаведнасці з заканадаўствам абавязаны разгледзець ваш зварот і падрыхтаваць адказ.

Але ж кожнаму не напішаш...

Дзе можа быць рэклама

Рэкламная інфармацыя можа размяшчацца на спецыялізаваных дошках аб'яваў, але толькі з дазволу ЖЭСа і на дагаворнай аснове. Жыльцы дома могуць выкарыстоўваць іх для падачы інфармацыі некамерцыйнага характару — напрыклад, пра зніклых або знойдзеных свойскіх жывёл. Скарыстацца дошкай можа і арганізацыя, якая адказвае за ўтрыманне будынка.

— А калі рэкламу размяшчаюць на фасадах, слупах, тады нядобрасумленных рэкламадаўцаў можна прыцягнуць да адказнасці, — тлумачыць Ніна Емяльянава. — Наша ўпраўленне сёлета склала 41 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за неналежную рэкламу. Пры гэтым мы штрафуем тое прадпрыемства, якое такім чынам рэкламуе сваю дзейнасць. Скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні мы можам таксама і ў дачыненні да таго, хто распаўсюджвае рэкламу на слупах ці фасадах. Памер штрафу за размяшчэнне (распаўсюджванне) неналежнай рэкламы складае ад 20 да 50 базавых велічынь.

Дзе ж выйсце?

Безумоўна, можна паглядзець на рэкламу і як на карысную інфармацыю, якая можа спатрэбіцца ў выпадку, калі вы захочаце аддаць дзяцей у новы развіваючы цэнтр, пра які вы не ведаеце, або наведаць новую цырульню, што адкрылася каля вашага дома. Але што рабіць, калі вы шукаеце падобную інфармацыю ў інтэрнэце і катэгарычна супраць рэкламы ў сваім пад'ездзе?

Пакуль нам даступна толькі наступнае: перш за ўсё, трэба абзавесціся надзейным дамафонам — гэта заўсёды карысна, у тым ліку з меркаванняў бяспекі. І не адчыняць дзверы «паштальёну» або «сантэхніку», якія тэлефануюць у вашу кватэру, каб патрапіць у пад'езд: у паштальёна ёсць свой ключ, у сантэхніка з ЖЭСа таксама, а прыватны майстар ідзе ў канкрэтную кватэру і яго павінны сустрэць гаспадары.

Але, можа быць, пара ўжо, як на Захадзе: калі на паштовай скрыні маецца налепка «Не кідаць аб'явы!», а табе яе кінулі — штрафаваць фірму, якая рэкламуецца падобным чынам? Праўда, для гэтага патрэбны змены ў заканадаўстве. Дарэчы, ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама нас запэўнілі, што плануюць звярнуцца ў Мінгандлю, каб ініцыяваць падобныя змены ў «Закон аб рэкламе».

Святлана БУСЬКО

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.