Вы тут

Свой матыў — бліжэй да цела...


Мы ўжо коратка паведамлялі пра тое, што ў Кітаі ўкаранілі новы незвычайны спосаб матывацыі праграмістаў і павышэння прадукцыйнасці іх працы. Інтэрнэт-кампаніі пачалі наймаць прыгожых дзяўчат, каб падымаць настрой работнікам. Фактычна яны выконваюць ролю офісных чырлідараў, ствараючы вясёлую рабочую атмасферу, купляюць праграмістам сняданкі і гуляюць з імі ў пінг-понг. Усё гэта, на думку менеджараў па персанале, настройвае работнікаў (пераважна мужчынскага полу) на эфектыўную працу. («Мужчына, чаго вы на мяне так утаропіліся? Хопіць ужо, вы ж мяне позіркам раздзяваеце!» — «Ну што вы, што вы... Вы ўжо адзяваецеся, а я куру...»).

24-22

Ну, наконт таго, што вынаходка належыць кітайцам, я паспрачаўся б. Ведаю, што ў нашых сталічных інтэрнэт-кампаніях даўно існуе традыцыя, напрыклад, заказваць сушы, якія супрацоўнікам-мужчынам разносяць прыгожыя дзяўчаты топлес. Дарэчы, як думаеце, можа, менавіта з гэтай прычыны праграмісты так няблага зарабляюць? («Дрэнна без дзяўчат...» — «Дрэнна без дзяўчат — гэта добра. Вось калі добра без іх — гэта ўжо дрэнна»). Таму тэма падалася нам вартай увагі, што дало падставы пагаварыць пра матывацыю больш падрабязна. Бо што, як не яна, рухае ўсіх і ўсё наперад?.. («Ёсць мэта? Ідзі да яе! Не атрымліваецца? Тады паўзі да яе! Не можаш? Лажыся і ляжы ў яе кірунку!»). І, мабыць, за рэдкім выключэннем матывацыі патрэбны глядач ці слухач. Праўда, у гэтым выпадку ўсё — дзеля працэсу. Як там у рамантычнай камедыі «Кейт і Леа» адзін герой павучаў другога, як трэба дамагацца ўвагі дзяўчыны? «Навошта мыць посуд, калі гэтага ніхто не бачыць?» Маўляў, закладзі ўсё загадзя ў пасудамыйную машыну, а як толькі яна зойдзе, на яе вачах націсні кнопку.

Вось куды вы скіруеце позірк, убачыўшы, напрыклад, Анастасію Валачкову? (Ну, як жа без гэтага нястомнага ньюсмейкера эратычнага фронту?) Не хвалюйцеся, яна сама падкажа: дзе б колішняя балерына ні знаходзілася, яна абавязкова дэманструе сваю расцяжку. («Мужчына робіць 70 працэнтаў з таго, што абяцаў зрабіць. Жанчына робіць 70 працэнтаў з таго, чаго абяцала не рабіць»). Апошнім разам не ўстрымалася, развяла ногі ў бакі ў... паветры. Ведаеце такую забаўку, калі парашут чапляюць за маторку, якая і цягне яго? Ну вось, парадавала курортнікаў. Іншая тэледзіва, Анфіса Чэхава, вельмі ганарыцца сваёй «фігурыстай» фігурай. Нядаўна яна абвясціла вайну худнечы, заявіўшы, што дыетамі сябе не вымотвае («Пайшла купляць сукенку. Не ўлезла! Настрой сапсаваўся — купіла торцік. Улез, гад...»). І спортам занялася выключна дзеля таго, каб стаць у выніку, як сама ж напісала ў сеціве, «бройлернай курачкай» («Чорны колер робіць стройнай толькі да 48-га памеру. Далей ён ужо нічым не дапаможа»). А Наташа Каралёва што зрабіла, ведаеце? Сэлфі ўласнага дэкальтэ, прычым размясціла камеру так, што яе пышны бюст ледзьве не выскоквае з экрана. (Разам спяваем на манер вядомай песенькі: «Говорят, не повезёт, если грудь размером меньше, чем живот...»). Не паспела яна выкласці фота для ўсеагульнага прагляду, як інтэрнэт тут жа адрэагаваў, як той казаў, секануў крапівою. («Убачыў загаловак у газеце: «Королева оправдалась за свои интимные фото». Няўжо, думаю, англійская каралева вырашыла ўспомніць маладосць? Прыгледзеўся... А, не — гэта Наташка».)

А вы чулі, што нядаўна ў Гродне адна абутковая крама правяла акцыю, падчас якой можна было бясплатна (пах матывацыі ўжо адчуваеце ў паветры?) разжыцца новай парай абутку? Была, праўда, адна ўмова: па боты ці чаравікі трэба было прыйсці ў купальным касцюме. І яшчэ. Па ўмовах акцыі праводзілася фатаграфаванне пакупнікоў у гэтых самых купальных касцюмах і новым абутку з наступным выкладаннем здымкаў у сацыяльных сетках. І што б вы думалі — знайшліся ахвотныя і сярод жанчын (нават цяжарная была), і сярод мужчын! («Спадарожніка жыцця трэба выбіраць не па супадзенні інтарэсаў, а па супадзенні любімых смяротных грахоў»). У купальніках і плаўках яны без кропелькі сарамлівасці дэманстравалі на камеру выбраныя абновы... Гэта пры тым, што фігуры некаторых былі далёкімі ад ідэальных («Калі ўбачыла сваю вагу на шкале вагі, міжволі ўсвядоміла, што надпіс на цукерках «кароўка» — гэта зусім не назва, а папярэджанне»). З гэтай нагоды тут жа разгарнулася дыскусія на тэму «ну, на пляж жа мы менавіта так ходзім». Давайце яшчэ лазню прыгадаем, чаму б не ў такім кантэксце? Але ж галоўнае, на мой погляд, у іншым. Раней пра падобныя «акцыі» мы ведалі выключна з замежнага досведу. А цяпер, выходзіць, тыя самыя замежнікі могуць пра беларусаў сказаць словамі Шуры Балаганава з «Залатога цяляці»: «Пазнаю, пазнаю брата Колю!» Можна колькі заўгодна спрачацца пра тое, была гэта «хвіліна славы» ці «хвіліна ганьбы» для тых людзей, але бясспрэчна адно: пах дармавога пазбавіў іх комплексаў не горш за ласкавае сонейка («Бублік, атрыманы на халяву, па смакавых якасцях набліжаецца да круасана»). Дарэчы, краму зачынілі на некалькі гадзін раней звычайнага: наведвальнікі тэлефанавалі родным, знаёмым, ехалі дадому пераапранацца або адразу распраналіся на месцы. Кіраўніцтва гандлёвага аб'екта спужалася натоўпу, і «атракцыён нечуванай прагнасці» быў спынены. Ці вы лічыце, што гэта было нешта іншае?..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.