Вы тут

Выпрабаванне якасцю


Як правяраюць замежныя прысмакі і касметыку?

Згодна з новымі правіламі, імпартныя тавары, перш чым трапіць на прылавак, павінны прайсці дзяржаўную санітарна-гігіенічную экспертызу. Пастаўшчыкі прадстаўляюць у санслужбу дакументы на прадукцыю, якую ўвозяць, і спецыялісты на падставе гэтых папер вырашаюць, ці адпавядае яна патрабаванням бяспекі і якасці. Для імпарцёраў, чый тавар даследаваўся ў рамках сертыфікацыі і дэкларавання і ўжо мае гатовыя пратаколы выпрабавання, усё проста. Астатнім жа, каб атрымаць дакументы, давядзецца здаваць партыю ў лабараторыю. Што шукаюць у замежных прысмаках, выпрабаванні якой прадукцыі абыдуцца даражэй і чым небяспечная няправільная этыкетка? Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі ў лабараторыях Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

[caption id="attachment_102288" align="alignnone" width="600"]24-42 Па ва­дзе і па­вет­ры ў пра­бір­ках экс­пер­ты вы­зна­ча­юць, коль­кі хі­міч­ных рэ­чы­ваў вы­дзя­ляе ў на­ва­коль­нае ася­род­дзе тая ці ін­шая рэч.[/caption]

Майка ў прабірцы

Лабараторыі пакуль не загружаны. Пастаўшчыкі толькі разбіраюцца ў механізме экспертызы: на мінулым тыдні зала, разлічаная на 50-60 чалавек, дзе праходзяць кансультацыі, кожны раз была цалкам забіта. Але спецыялісты запэўніваюць, што справяцца з наплывам тавараў. Толькі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя ў Беларусі каля 130 лабараторый, і ўсе яны будуць задзейнічаны для экспертызы. Непасрэдна самі выпрабаванні будуць праводзіць у найбольш моцных цэнтрах, з добрым абсталяваннем (такіх па краіне амаль 40), а браць пробы могуць і дробныя раённыя пункты.

Для экспертызы, дарэчы, улічваюцца пратаколы любых акрэдытаваных лабараторый у краіне: Дзяржстандарта, Мінсельгасхарча, Акадэміі навук. Імпарцёру, у якога на руках дакументы, выдадзеныя гэтымі ўстановамі, не трэба праводзіць дадатковыя даследаванні.

Сярод тавараў, што падпадаюць пад экспертызу, — рыбныя кансервы, каўбасы, напоі, макароны і крупы, прыправы, харчовыя дабаўкі. Здаваць на выпрабаванні неабходна таксама дзіцячае адзенне і цацкі, касметыку, мэблю, будаўнічыя матэрыялы. А вось прадукты з тэрмінам прыдатнасці да 30 дзён і адзенне, што было ў карыстанні, ад праверкі вызвалены.

[caption id="attachment_102285" align="alignnone" width="600"]24-39 Урач-ла­ба­рант Ган­на Ле­ус рых­туе дзі­ця­чую ма­шын­ку да вы­пра­ба­ван­няў.[/caption]

— З ежай, якая хутка псуецца, зразумела. А чаму сэканд-хэнд не даследуюць? — пытаемся ў спецыялістаў.

— Усё такое адзенне праходзіць дэзапрацоўку і толькі пасля дапускаецца ў рэалізацыю, — тлумачыць загадчык аддзела нагляду і кантролю за гігіенічнай бяспекай тавараў Вольга БАБКО. — Гэты механізм дзейнічае ўжо каля дзесяці гадоў. Таму дадатковы кантроль непатрэбны.

Мы ідзём у хімічную лабараторыю. Тут у прадуктах харчавання шукаюць пестыцыды, кансерванты, забароненыя дабаўкі. Спецыялісты таксама правяраюць ежу на солі цяжкіх металаў, такіх як свінец, цынк, волава, кадмій, і іншыя таксічныя элементы. Праўда, самі прадукты ў гэтай лабараторыі вы не ўбачыце — адны прабіркі з празрыстай вадкасцю. Справа ў тым, што каўбаса ці макароны спальваюцца, попел разводзіцца ў вадзе і ў такім выглядзе ежа трапляе на хімічную экспертызу.

— Ёсць шэраг рэчываў, якія могуць прыводзіць да хранічнай інтаксікацыі, незаўважнай на першы погляд. Такі эфект аказваюць, напрыклад, солі цяжкіх металаў. Яны пакрысе назапашваюцца ў арганізме, а потым становяцца ферментнай атрутай, не спрыяюць пераносу кіслароду. Таму ў харчовых прадуктах (і яшчэ касметычных крэмах) нарміруецца ўтрыманне цяжкіх металаў, — каментуе выканаўца абавязкаў намесніка галоўнага ўрача Вадзім ГУЛІН.

У суседні кабінет на праверку прынеслі майку, а дакладней прабірку з выцяжкай. Па ёй з дапамогай спецыяльнага прыбора — храматографа — вызначаюць, колькі хімічных рэчываў выдзяляе адзенне ў паветра. Сярод непажаданых «мігрантаў» — фармальдэгід, стырол, пластыфікатыры (надаюць матэрыялам эластычнасць), антыпірэны (павышаюць тэрмаўстойлівасць). Павышаная канцэнтрацыя гэтых рэчываў у паветры, якое ўдыхаем, не найлепшым чынам уплывае на здароўе чалавека.

[caption id="attachment_102287" align="alignnone" width="600"]24-41 На гэ­тай кух­ні ва­раць па­жыў­нае ася­род­дзе для мік­ра­ар­га­ніз­маў.[/caption]

Небяспечныя кропельніцы

Каб паглядзець, як тэсціруюць касметыку і парфумерыю (санслужба прызнала іх аднымі з самых небяспечных імпартных тавараў), накіроўваемся ў таксікалагічную лабараторыю. Гэтыя даследаванні, дарэчы, самыя дарагія — кожнае можа каштаваць да двух мільёнаў рублёў. Наколькі крэмы і шампуні небяспечныя, правяраюць на клетках некаторых раслін, на курыных эмбрыёнах. Асобныя эксперыменты ставяць на жывёлах: у клетках віварыя сядзяць дзясяткі пацукоў, марскіх свінак і трусоў. Па тэрмінах выпрабаванні на жывёлах яшчэ і найбольш доўгія. Калі ўжо ўзялі ў эксперымент пацука, то неабходна пасля ўздзеяння на працягу пэўнага часу назіраць за ім, бо могуць развівацца адтэрмінаваныя таксікалагічныя эфекты.

— А без жывёл ніяк нельга?

— Там, дзе магчыма, мы выкарыстоўваем альтэрнатыўныя мадэлі, — кажа Вадзім Вячаслававіч. — Але, каб ацаніць скурараздражняльнае ўздзеянне, неабходны выпрабаванні на млекакормячых. Зараз у многіх людзей назіраецца гіперадчувальнасць. Таму надзвычай важнае пытанне — адпаведнасць інфармацыі на ўпакоўцы. Тут дробязяў быць не можа. Калі штосьці не пазначылі, а ў чалавека праз гэты кампанент развілася алергія, гэта ўжо справа падсудная.

Жывёл выкарыстоўваюць яшчэ і для таго, каб праверыць, ці не выклікае прадукцыя (не толькі касметыка, але і, напрыклад, медыцынскія прэпараты і інструменты) павышэння тэмпературы. Спецыялісты ўзгадваюць, як нядаўна ў адной з бальніц пацыенты, якім ставілі кропельніцы, пачалі скардзіцца на тэмпературу. Аказалася, што партыя тых кропельніц, завезеных з Індыі, не праходзіла выпрабаванні. Звярніся імпарцёр у лабараторыю, прылады не трапілі б у бальніцы: у труса, на якім пасля тэсціравалі небяспечны тавар, адразу падскочыла тэмпература.

[caption id="attachment_102286" align="alignnone" width="600"]24-40 «Тэс­ці­роў­шчы­кі» крэ­маў і шам­пу­няў.[/caption]

У пошуках жывых арганізмаў

І зноў да харчовых прадуктаў. Яшчэ адзін паказчык, па якім тэсціруюць ежу, — мікрабіялагічны. Эксперты даследуюць, ці няма ў імпартных прысмаках залацістага стафілакока, кішэчнай палачкі і астатніх арганізмаў, што могуць выклікаць харчовае атручванне. Так, у сухафруктах шукаюць цвіль, у каўбасе і малацэ — сальманэлы. Ала МАРЭЙКА, урач-бактэрыёлаг, называе сваю лабараторыю вялікай кухняй. Сапраўды, падобна. Халадзільнік, набіты смятанай, тварагом і сасіскамі (усё для выпрабаванняў), пліта з каструлямі, у якіх вараць пажыўнае асяроддзе. Гэтае асяроддзе, для кожнага прадукту сваё, разліваецца па флаконах. Туды змяшчаюць дробныя кавалачкі ядомых тавараў і адпраўляюць у тэрмастат. Свежыя прадукты — на 5-6 дзён, кансерваваныя — на 11. За гэты час усё жывое, што ёсць у прысмаках, павінна сябе праявіць. Да апрацоўкі выкарыстанага посуду ставяцца вельмі ўважліва, бо ўсе кубкі, на якіх выраслі арганізмы, лічацца патэнцыйна небяспечнымі.

Пастаўшчыку выпрабаванні харчовых прадуктаў абыдуцца найтанней — каля 500 тысяч за адно найменне. Сума быццам бы невялікая, але ў сеціве былі меркаванні, што ўвядзенне экспертызы прымусіць імпарцёраў павысіць кошты. Замежныя тавары сапраўды ў хуткім часе падаражэюць?

— Думаю, экспертыза — не настолькі істотная затрата, як гэта жадаюць некаторыя прадставіць, — выказваецца Вадзім Вячаслававіч. — Не можа яе кошт у разы адбіцца на тавары. Падлічыце: 150-300 тысяч за экспертызу плюс 500 тысяч за выпрабаванні пры тым, што адна фура прадуктаў ацэньваецца ў 15-20 тысяч долараў. Справа, хутчэй, у гандлёвай нацэнцы. Тым больш, асноўная частка экспертыз — разгляд раней праведзеных работ па ацэнках адпаведнасці. Часцей гэта і заканчваецца прызнаннем тых пратаколаў.

Так і ёсць: усе 400 заключэнняў, атрыманыя імпарцёрамі з 27 верасня, выдадзены згодна з гатовымі пратаколамі выпрабаванняў. Пастаўшчыкі праводзілі даследаванні раней, у рамках сертыфікацыі і дэкларавання, таму спецыяльна для экспертызы тэсціраваць нічога не давялося. За тры тыдні, што дзейнічае пастанова №666, была толькі адна адмова — з прычыны няпоўнага пакета дакументаў. Аднак у санслужбе папярэджваюць: лічбы неадпаведнасці пойдуць потым, калі ў лабараторыі хлынуць астатнія імпарцёры. І некаторыя з іх загадзя ведаюць, што выпрабаванне якасцю не вытрымаюць. Днямі Міністэрства аховы здароўя расказала, што асобныя пастаўшчыкі дзіцячых бразготак, разумеючы, што іх тавар не адпавядае стандартам, спрабавалі замаскіраваць свой недагляд. Свядома завышалі ўзроставае прызначэнне цацак. Але навошта малому, старэйшаму за тры гады, бразготка? Выпадак не адзінкавы. У санслужбе прыводзяць прыклады, калі імпарцёры посуду, якія пяць гадоў працуюць на рынку, за ўвесь час так і не аднеслі тавар у лабараторыю. Спадзяюцца на добрасумленнасць вытворцы. Аднак у пытаннях небяспекі наўрад ці варта верыць на слова.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.