Вы тут

Інтэграцыя — гэта ўзаемнае дапаўненне, а не паглынанне


Яўген АБАЛЕНСКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:

24-461

— У Сочы, на Другім форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, я выступіў з дакладам аб гарманізацыі заканадаўства Саюзнай дзяржавы ў сферы прамысловай палітыкі. Пошук агульных падыходаў у прамысловай палітыцы Беларусі і Расіі быў галоўнай тэмай сочынскіх мерапрыемстваў. Вопыту супрацоўніцтва вядучых прадпрыемстваў дзвюх краін былі прысвечаны і выстаўка прадукцыі, і тэматычныя дыскусіі. Акрамя таго, прайшлі шматлікія перагаворы кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання і органаў улады. Удзельнікі форуму вырашалі задачу не толькі нарасціць таваразварот, але і паглыбіць вытворчую кааперацыю. Быў заключаны шэраг кантрактаў, падпісана каля 15 міжрэгіянальных пагадненняў. Таму форум, на маю думку, стаў чарговым фактарам глыбокага ўзаемапранікнення тавараў Беларусі і Расіі.

На долю Расійскай Федэрацыі летась прыпадала больш за 42% усяго экспарту тавараў з Беларусі і амаль 55% усяго імпарту. Больш за 60% беларускіх буйных і сярэдніх прадпрыемстваў ажыццяўляюць кааперацыю з расійскімі. Вядучымі ў эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю з'яўляюцца Цэнтральная, Прыволжская, Уральская, Паўночна-Заходняя федэральныя акругі, а таксама Масква і Санкт-Пецярбург. Разам з тым, беларусы цудоўна разумеюць, што неабходна не проста адстойваць, але ўвесь час пашыраць сваю нішу на расійскім рынку. Любому новаму кантракту папярэднічае вялікая работа па ўдасканаленні якасці прадукцыі і прасоўванні яе да патэнцыйнага спажыўца.

Мы павінны выпрацаваць агульныя правілы па прасоўванні тавараў, падтрымцы вытворцаў, каб беларуская прадукцыя на тэрыторыі Расіі і расійская на тэрыторыі Беларусі не лічылася замежнай. Гэтаму паслужыць адмысловая маркіроўка еўразійскіх тавараў, што досыць актыўна абмяркоўваецца апошнім часам. Але спачатку неабходна ліквідаваць бар'еры на шляху тавараў унутры як Саюзнай дзяржавы, так і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Прыклад такіх бар'ераў — Пастанова Урада Расійскай Федэрацыі №1224 ад 24 снежня 2013 года. Яна абмяжоўвае допуск беларускай станкаінструментальнай прадукцыі для патрэб расійскай абароны. Яшчэ адзін — рэкамендацыя Фонду садзейнічання рэфармаванню ЖКГ Расіі выкарыстоўваць матэрыялы і абсталяванне толькі расійскай вытворчасці. Падобныя перашкоды для расійскіх вытворцаў існуюць і з беларускага боку. Стварэнне для беларускіх і расійскіх вытворцаў аднолькавых умоў дазволіла б нашым МАЗам у большай ступені ўдзельнічаць ва ўрадавых мерах Расіі па падтрымцы аб'ёмаў рэалізацыі аўтатэхнікі ў сітуацыі падзення рынку, тым больш што да 60% камплектуючых сучаснага аўтамабіля МАЗ вырабляецца на расійскіх прадпрыемствах.

Усё гэта сведчыць пра тое, што па факце прадукцыя Саюзных дзяржаў застаецца ў катэгорыі замежнай, і гэта супярэчыць базавым прынцыпам інтэграцыі. На форуме былі агучаны меры, якія павінны ліквідаваць гэтую праблему. На пленарным пасяджэнні прыняты праект адпаведнага рашэння. Сочынскі форум дапамог узгадніць бачанне розных бакоў, прыйсці да адной роўніцы, адштурхнуцца ад гэтага і далей весці больш плённы дыялог.

Прамысловая інтэграцыя павінна грунтавацца на ўзаемным дапаўненні, а не паглынанні або замяшчэнні. Прынцыпы роўных правоў, уліку нацыянальных інтарэсаў, узаемавыгаднасці, добрасумленнай канкурэнцыі, празрыстасці і выключэння дыскрымінацыі закладзены ў аснову прамысловай палітыкі і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы павінны выпрацаваць агульныя падыходы ў адзінай прамысловай палітыцы з улікам інтарэсаў як Беларусі, так і Расійскай Федэрацыі. Каб нашы тавары не ўспрымаліся ў Расіі як замежныя і наадварот. І каб разам, з дапамогай кааперацыі, мы выраблялі прадукцыю, якая б карысталася попытам на тэрыторыі трэціх краін. Гэта магчыма, калі мы дасягнем згоды па найбольш важных рэчах.

Нездарма кіраўнік нашай дзяржавы ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку бягучага года адзначаў, што «стварэнне сумеснай канкурэнтаздольнай прадукцыі за кошт аб'яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў умацуе нашы пазіцыі на міжнародных рынках і дазволіць канкурыраваць з трэцімі краінамі».

Беларусь і Расія ў сваіх напрацоўках могуць паслужыць штуршком для ЕАЭС. Саюзная дзяржава можа тут задаваць і тэмп, і пэўную планку. У Расійскай Федэрацыі ўжо прыняты закон «Аб прамысловай палітыцы», мы толькі прыступаем да такога. Вельмі важна не толькі гарманізаваць заканадаўства дзвюх краін, але і ўлічыць узаемадзеянне ўсіх членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэты арыенцір нельга выпускаць з-пад увагі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.