Вы тут

Гаджэт — спакуса для злодзея


За восем месяцаў гэтага года толькі з навучальных устаноў краіны скралі звыш 100 мабільных тэлефонаў.

12 гадоў таму падобная праблема была амаль незаўважная ў агульнай карціне правапарушэнняў. Але тэхналогіі на месцы не стаяць. І чым больш чалавек назапашвае разнастайных гаджэтаў, тым часцей ён становіцца ахвярай зладзеяў.

25-38

«Крадуць усё, што дрэнна ляжыць»

— Для нашай краіны, як і для астатніх, гэта даволі актуальная праблема, — кажа Ігар ГАТАЛЬСКІ, начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС. — І, на жаль, яна вельмі распаўсюджана сярод непаўналетніх. Каб заахвоціць, бацькі бяруць крэдыты, дораць вельмі дарагія тэлефоны нават самым маленькім школьнікам. А тыя прыносяць іх у школу, на трэніроўкі. Пачынаюць хваліцца, пасля пакідаюць у куртках, а потым іх там не знаходзяць.

Калі восенню, зімой і вясной такія крадзяжы характэрны для школ, летам — для лагераў адпачынку. Забіраюць, зразумела, усё, што дрэнна ляжыць. Але ўсё часцей ахвярамі становяцца ўладальнікі даволі дарагіх тэлефонаў. Напрыклад, iPhone 6, які каштуе прыблізна 600 долараў. Такіх выпадкаў, як паведамілі нам у праваахоўным ведамстве, — мора. Вось толькі некаторыя з іх.

У маі з раздзявальні лядовага палаца «Раўбічы» ў 17-гадовага хлопца скралі мабільны тэлефон коштам 10 мільёнаў беларускіх рублёў. А вось у адной з магілёўскіх гімназій невядомая асоба прысвоіла чужы мабільнік наўпрост з парты. І гэта здарылася ў самы разгар навучальнага дня — з 11:45 да 12:10.

— А ці часта атрымліваецца раскрываць падобныя злачынствы па гарачых слядах? — пытаюся ў суразмоўца.

— Не заўжды. Многія дзеці баяцца расказваць бацькам пра страчаную «цацку». І гэта сапраўды праблема. Але мы на прафілактычных сустрэчах усім кажам: «Калі ў дачыненні да вас здзейснілі злачынства, баяцца не трэба. Звярніцеся адразу да міліцыянера. І не трэба ісці ў раённы аддзел, калі можна паведаміць усё першаму сустрэчнаму праваахоўніку. Ён аператыўна сарыентуецца ў сітуацыі».

Прысвоіў мабільнік, калі быў у гасцях

Але крадуць тэлефоны, планшэты, ноўтбукі, зразумела, не толькі ў дзяцей. Многія дарослыя карыстаюцца гаджэтамі ў грамадскім транспарце, у натоўпе ў метро. Даволі папулярнымі месцам для крадзяжоў, акрамя транспорту, з'яўляюцца рынкі. А ёсць нават тыя, хто гатовы прысвоіць мабільнік сваіх сяброў, знаёмых, калі знаходзіцца ў іх у гасцях, на адпачынку... Сёлета ў аздараўленчым комплексе «Арляня», што пад Жабінкай, толькі з аднаго пакоя скралі 3 мабільныя тэлефоны. Кожны з іх каштуе не менш чым шэсць мільёнаў рублёў.

— Матывы, якія штурхаюць людзей на крадзеж, насамрэч, розныя, — кажа Ігар Гатальскі. — Але найчасцей злачынцы імкнуцца перапрадаць гэтыя гаджэты, каб атрымаць грошы на выпіўку, чарговую дозу наркотыкаў ці на іншыя свае патрэбы.

— Ці разглядаеце заявы аб згубе мабільных тэлефонаў?

— Мы разглядаем усе выпадкі, з якімі прыходзяць да нас грамадзяне.

— Тады жыццёвы прыклад. Чалавек згубіў мабільнік. Аб тым, дзе ён можа быць, сябры перапісваліся з пацярпелай праз інтэрнэт. Усе паведамленні з'яўляліся на экране. Дзякуючы спецыяльнай функцыі, высветлілася і месцазнаходжанне тэлефона. Новы ўласнік паведамленні, безумоўна, бачыў, чытаў. І калі гутарка пайшла пра міліцыю, маўляў, можна прыехаць на месца здарэння з праваахоўнікам, ён сам перазваніў. А дагэтуль не адказваў на званкі. Што цікава, ён вярнуў тэлефон толькі за грашовае ўзнагароджанне...

— У кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкул «Прысваенне знойдзенай маёмасці». У вашым выпадку чалавек відавочна ведаў, што мабільнік згублены, ён не адказваў на званкі, не выходзіў на сувязь. Паводле артыкула, яму пагражала папярэджанне альбо штраф у памерах 5 базавых велічынь. Але ж дзяўчына вырашыла разабрацца па-свойму... У гэтых выпадках трэба абавязкова звяртацца ў міліцыю. Будзе нашмат прасцей. З падобным мы сутыкаемся ўжо не першы год. І многія нясуць адказнасць. Нічога новага для нас у гэтым няма. У міліцыі ёсць свае напрацоўкі, якія дапамогуць знайсці мабільныя тэлефоны.

«Не дэманструйце дарагі тэлефон у коле незнаёмых»

У міліцыі лічаць, што магчымасць страты гаджэта можна мінімізіраваць, калі будзеш выконваць элементарныя правілы перасцярогі.

— Не трэба насіць сотавы тэлефон у незашпіленых кішэнях, навідавоку, — раіць Ігар Гатальскі. —- Сумку заўжды трымайце пад увагай. Не пакідайце тэлефон у кішэнях пры здачы вопраткі ў гардэроб, на століках у рэстаранах, барах. І нават не трэба пакідаць яго на працоўным стале, калі сыходзіце з кабінета ўсяго на некалькі хвілін. Гэта таксама тычыцца і аўтамабіляў. Не трэба доўга карыстацца тэлефонам вечарам ці ўначы на прыпынках, у транспарце. Не давайце званіць са свайго тэлефона незнаёмым. Матывуйце гэта тым, што ў вас, напрыклад, запазычанасць на балансе. Праінструктуйце па гэтым пытанні дзяцей. Бо менавіта яны найчасцей становяцца ахвярамі злачынцаў. Набывайце тэлефоны толькі ў спецыялізаваных крамах. Не купляйце іх на вуліцы ў незнаёмых грамадзян. Падобныя тэлефоны могуць аказацца скрадзенымі. Пасля набыцця абавязкова захоўвайце гарантыйны талон і дакументы. А калі крадзяжу не атрымалася пазбегнуць, адразу звярніцеся ў міліцыю. Пры рабаванні і разбоі важна як мага хутчэй дакладна, падрабязна паказаць месца і час здарэння, апісаць прыкметы рабаўнікоў, напрамак, куды збеглі, марку, колер тэлефона. Абавязкова скажыце нумар мабільнага. Паспрабуйце знайсці сведак. У тых, хто будзе настроены добразычліва, запішыце кантактныя даныя. Магчыма, неўзабаве спатрэбяцца іх паказанні. Калі нічога не дапамагло, сведак няма, патрульных міліцыянераў — таксама, не засмучайцеся. Звярніцеся ў найбліжэйшы аддзел міліцыі. І чым хутчэй вы гэта зробіце, тым вышэйшая верагоднасць вяртання вашай маёмасці.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.