Вы тут

Не гняві Бога, не жадай чужога


Не гняві Бога, не жадай чужога

Гэтую гісторыю мне расказваў бацька.

Такім чынам, у далёкія пасляваенныя гады ў іх вёску на падводах прыехалі цыганы. Спыніліся каля вясковай крамы: людзей у нядзелю там шмат было, на гасцей яны пазіралі з цікавасцю... Тыя марудзіць не сталі: старэйшы з прыехаўшых з усімі павітаўся і гучна спытаў, ці не трэба вяскоўцам дапамагчы — адрамантаваць, напрыклад, плугі, бароны, матыкі, косы.

— Як гэта «не трэба»? — зашумелі сяляне. — Трэба! Яшчэ і як! Вясна ж ідзе! У поле хутка — сеяць, араць...

Таму, відаць, мужыкі — з абодвух бакоў — марудзіць не сталі: тут жа ўдарылі па руках. А значыць, госці ўжо назаўтра (усё ў іх з сабою было!) адкрылі адмысловую кузню на беразе возера.

І пайшоў, пацягнуўся туды народ: заказаў з галавою было, бо неслі іх яшчэ і з суседніх вёсак!

А таму працавалі кавалі зранку і да позняга вечара, гадзін не лічылі, па сем скур у якасці платы з людзей не дралі... Усё як мае быць было — цэлы тыдзень.

Напрыканцы яго, бліжэй да вечара, завяршылі кавалі работу. Нават больш за тое — аб'явілі вяскоўцам, што хочуць аддзячыць ім — за прытулак, за добры стол... «Чым гэта?» — цікавяцца тыя. «Ды святам, — кажуць. — Усіх пачастуем адмысловай юшкаю... А рыбу для яе будзем лавіць у вашым жа возеры, бараной (?!), бо на вуды яна брацца зараз не будзе: на беразе цэлы тыдзень столькі шуму было».

Вяскоўцы тут жа ў рогат:

— Ну вы ляпнулі: «...бараной»! Хто ж гэта ёю ды рыбу ловіць?

Цыганы ім спакойненька:

— Мы... Бо ведаем, як гэта робіцца.

І барану паказваюць — складная такая, відаць, лёгкая... Кожны зуб на ёй востры-востры, на сонейку — аж блішчыць.

Карацей, прыціхла вёска, і старыя, і малыя сышліся да возера на той цуд паглядзець. Нехта, можа, думаў пры гэтым: «Чым чорт не жартуе, пакуль Бог спіць?» Але ж разумнейшых людзей куды болей было: пасміхаліся, не верылі, што такія «цуды» магчымыя. А самыя смялейшыя дык і наогул пальцамі ля скроняў круцілі: маўляў, не ўсе дома ў гэтых прыезджых...

Праўда, верылі яны ці не верылі, але ж на беразе стаялі: ва ўсе вочы глядзелі, як той, старэйшы з цыганоў, абмацваў барану, як пальцам правяраў вастрыню зубоў, як потым скамандаваў прывязаць вяроўкі і закінуць гэту прыладу ў возера.

Маладзейшыя з прыезджых паслухалі — закінулі, хвілін праз колькі — выцягнулі назад. На баране, як і варта было чакаць, анічога (апроч ціны ды травы). Вяскоўцы на беразе ў рогат...

А візіцёрам хоць бы хны — ні на што не зважаюць: закідваюць барану яшчэ раз, потым яшчэ, хоць рыбы па-ранейшаму няма...

Затое ля «рыбакоў» неяк цішком з'яўляецца малое цыганя: прыбягае з вёскі, нешта шэпча ў вуха старэйшаму. Той амаль адразу ж аб'яўляе «гледачам»: маўляў, ваша ўзяла, мусіць, мала тут рыбы... Альбо яна ў вас дужа разумная — бараной не ловіцца.

На гэтым «прадстаўленне», можа, і завяршылася б: сабралі госці сваё прычындалле, паселі ў падводы і паехалі.

Вяскоўцы таксама, сённяшняй мовай кажучы, яшчэ трохі «патусаваліся», пасмяяліся з гасцей ды пайшлі па дамах. Але ж тут ля бліжэйшага загаласіла адна жанчына, следам за ёй — другая, трэцяя, чацвёртая... І так — амаль на кожным падворку!

Бо зноў жа ці не з кожнага, пакуль гаспадары пазіралі на барану ў чаканні рыбы, жонкі ды дзеткі тых цыганоў скралі грошы, нейкія рэчы, гусей з курамі ды іншыя прыпасы.

...У народзе кажуць: «Не гняві Бога, не жадай чужога», але ж не ўсе гэту мудрасць чулі. Нават цяпер. А ўжо тады і пагатоў...

Лілія Скіндзер,

г. Івацэвічы

«Адшчапенец»

У пачатку 1960-х гадоў, пасля чарговага партыйнага з'езда, які абвясціў, што ў хуткім часе людзі зажывуць пры камунізме, усё насельніцтва былога Савецкага Саюза толькі пра тое і гаварыла. Яшчэ б — такая перспектыва: пачакай, «перакантуйся» нейкіх дваццаць гадоў, а ўжо тады... Новыя лідары (і ў прыватнасці вяскоўцам) абяцалі, што аніхто з іх больш не будзе сеяць сотак ды трымаць на падворках жыўнасць, займацца гаспадаркай — усім і ўсіх забяспечыць дзяржава!

Пра гэту светлую будучыню паўсюль сталі чытацца лекцыі, праводзіцца партканферэнцыі і палітзаняткі.

Дык вось. У той дзень двое землякоў, Ігнат ды Міхал, былі на далёкім балоце, сушылі і вазілі дадому сена. А толькі разгрузіліся ды распрэглі коней, каб адпачыць — іх, галодных ды стомленых, «папрасілі» ў «чырвоны куток» на вельмі важную, як сказаў брыгадзір, сустрэчу.

Што гэта і напраўду так, мужчыны разумелі адразу, яшчэ з парога, бо не так часта прыязджаў да іх сам сакратар райкома партыі...

Ён жа стаў выступаць з прамовай: настойліва даводзіць прысутным, што пры сацыялізме, які на прасторах вялікай дзяржавы ўжо амаль дабудаваны, размеркаванне ўсіх матэрыяльных каштоўнасцяў ідзе па прынцыпе: «Ад кожнага — па здольнасцях, кожнаму — па працы!». Пры камунізме ж запануе лепшы лозунг: «Ад кожнага — па магчымасцях, кожнаму — па патрэбах!».

Карацей, гаварыў ён доўга, прыгожа, упіваўся ўласным красамоўствам, але ж нарэшце скончыў і сеў. Старшыня сходу тут жа падхапіўся і бадзёра спытаў:

— Якія будуць пытанні?

У зале на нейкі час павісла цішыня, потым з апошняга раду ўзнялася рука, а за ёй і постаць Міхала.

Быў ён чалавекам досыць разумным, разважлівым, а паколькі яшчэ і галодным, то пачаў не з лозунгаў. Ён сказаў:

— Мне вось тут не зусім зразумела... Ну настане той камунізм, навараць на ўсіх капусты з мясам. Дык тыя ж, хто працуе ў канторы ці на складзе, першымі прыпруцца на абед. Яны ж (ім спяшацца няма куды — работа не гарыць) і ўволю наядуцца. А вось мы з Ігнатам можам зноўку паехаць на сенакос. Дарога да балота няблізкая, калі вернемся, у катле адна жыжка застанецца, а мяса ні кавалачка... Не, браткі, такая камунія нам не па нутру. Я хачу, каб мне мая жонка тую капусту варыла. І са свайго мяса.

Вяскоўцы дружна засмяяліся і тут жа заціхлі, чакаючы тлумачэнняў.

Сакратар райкама — відаць было — хацеў іх даць: ён шукаў, што сказаць, але чамусьці не знаходзіў, бо гаварыць пра нейкія высокія матэрыі — гэта адно, а пра вось капусту з мясам...

На выручку зноў жа прыйшоў старшыня сходу:

— Так, таварышы, пасмяяліся і добра. У каго яшчэ будуць пытанні? Няма? Тады я вам так скажу: партыя ведае, што робіць. А нам з вамі застаецца верыць, што жыць пры камунізме будзе добра — куды лепш, чым цяпер. Усе са мною згодны?

Вяскоўцы, каб хутчэй разысціся па справах, сказалі «так»: гучна заляпалі крэсламі, дружна пайшлі да выхаду...

Назаўтра ў арцельнай сценгазеце на «адшчапенца» Міхала, які не «разумеў» усіх пераваг камунізму, з'явілася карыкатура.

Асобныя з вяскоўцаў глядзелі на яе ды пасміхаліся: маўляў, і праўда — адсталы чалавек, не хоча, як іншыя, у камунізм паверыць...

Але ж, як паказала жыццё, рацыю мела зусім не большасць.

Уладзімір Пугач,

аграгарадок Навасёлкі, Петрыкаўскі р-н

А «каня» як чорт панёс...

Спытай у чалавека, з чаго пачынаецца сям'я, і ён, напэўна ж, скажа: «З таго, што сустракаюцца двое, з часам (а бывае сходу) разумеюць, што кахаюць адно аднаго, што павінны жыць разам...». І гэта будзе правільны адказ. Але ж не зусім, бо «за кадрам», так бы мовіць, застаюцца сем'і гэтых дваіх, іх бацькі, якім, можа, больш чым сабе, хочацца шчасця «дзеткам».

Узяць маю сваячку Любу. З мужам Сцяпанам яны выгадавалі двух харошых сыноў і вельмі ж рады былі, калі ў старэйшага з'явілася не нейкая там чарговая сяброўка на месяц-другі, а менавіта нявеста, сапраўдная! Бачылі бацькі, што хлопец іх закахаўся! І, дзякаваць Богу, дзяўчыну выбраў сур'ёзную — без пяці хвілін медсястру, гаспадыню, спартсменку...

Факт, што маладыя занеслі заяву ў ЗАГС, а бацькі з абодвух бакоў сталі думаць пра вяселле.

Час настаў і сустрэцца ім на так званых дагаворах, каб усё абмеркаваць.

Вызначылі дзень. Сцёпа напярэдадні купіў сабе новыя джынсы, Люба спякла два вялікія пірагі — з капустай і цыбуляй... Забавілася, праўда, па той бок ночы дастала іх з духоўкі, ды ўлеглася спаць.

Але выспацца не паспела, на жаль, бо а шостай раніцы ўжо будзільнік зазвінеў. Такой бяды, падумала, дасплю ў аўтобусе. У іх са Сцяпанам ён свой, хай невялічкі, няновы...

А таму, падхапіўшыся з ложка, Люба нават бігудзі не здымала: на галаву накінула лёгкую касынку, на светлыя піжамныя штонікі — цёплы жакет, ды і завалілася на задняе сядзенне, накрылася пледам.

Спала яна соладка — муж асцярожненька вёз, але ж праз нейкі час прачнулася. Бачыць, «бусік» іх збочыў у лес на нейкую дарогу і стаў там; мужа паблізу няма (відаць, «налева» пайшоў), а раніца прыгожая-прыгожая...

Люба, каб хоць трохі ёй палюбавацца, таксама з аўтобуса вылезла, пастаяла... Падумала, каб потым яшчэ раз не спыняцца, «направа» схадзіць, за кусцікі.

І, здаецца ж, недалёка зусім адышлася! І нядоўга была (шаша побач гудзела), а вярнулася назад і вачам не паверыла: аўтобуса... нямашака — з'ехаў!

Люба куляй на дарогу — рукамі махае, крычыць...

Але ж хто яе, бедную, чуе — у вялікім лесе?

Іншая справа — на шашы. Машын там не сказаць, каб мала было, але ж на прыгажуню ў бігудзі і піжаме ўвагу звярталі ўсе. Асобныя нават падсігнальвалі: сядай, маўляў, падвязу...

Люба ад граху падалей сышла з дарогі, зняла бігудзі, пяцярнёй прыгрэбла валасы, паправіла кофту, трохі пасядзела ў надзеі, што муж усё ж азірнецца на задняе сядзенне, згледзіць «прапажу» і вернецца. Але ж дзе там!..

Дзякаваць Богу, развіднела ўжо. Да таго ж на лясной дарозе «Беларус» з'явіўся. А трактарыстам Люба давярала чамусьці больш, чым кіроўцам машын. Таму смела падняла руку. Трактар спыніўся.

— Табе чаго? — высунуўся з кабіны нястрыжаны дзядзька.

Люба замест адказу толькі заплакала.

— Што, нехта пакрыўдзіў? — дапытваўся той, «прызямліўшыся».

— Ды родны мужык! — прызналася Люба.

А потым увачавідкі ўбачыла, што край у нас не без добрых людзей. І якое ж шчасце, што ці не ўсе яны пры мабільніках!..

Але не думайце, што ўсё так проста: што той трактарыст са свайго тэлефончыка пазваніў Любінаму Сцяпану і гісторыя на гэтым скончылася. Не! Сцёпа — чалавек «абачлівы» і нават клапатлівы. Ён яшчэ да выезду з дому ў тэлефоне гук... адключыў, каб жонку не будзіць. А сам тэлефон у «бардачок» паклаў, бо ў кішэні новых джынсаў ён замінаў...

Шчасце, што ў трактарыста быў знаёмы «даішнік». Звязаліся з ім, той перадаў калегам нумар аўтобуса, папрасіў, каб яго затрымалі...

Сцяпан гэтую праверку на дарозе прыняў як належнае: затармазіў, прывычна паказаў дакументы, здзівіўся, але ж ахвотна сказаў, куды ён едзе і нават чаго. А вось калі спыталіся, з кім, ды папрасілі яшчэ і паказаць, абурацца ўзяўся...

Зрэшты, добра ўсё, што добра канчаецца. Хоць і з прыгодамі, але бацькі жаніха даехалі да бацькоў нявесты. І пазнаёміліся там, і пра ўсё пагаварылі. Добрае атрымалася вяселле.

І я там была! Напярэдадні дапамагала Любе прысмакі гатаваць. Вось яна і расказала мне, з чаго пачалася сынава сям'я... Мы ад душы пасмяяліся...

В. Хадасок,

г. Мінск

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.