Вы тут

Радыё «Сталіца» адзначыла дзень нараджэння


Дэвіз «Слухай любімае!», шматлікія перадачы на культурную і гістарычную тэматыку і, вядома ж, беларускі і замежны рок ужо сталі візітоўкай радыёстанцыі «Сталіца», якая напярэдадні адзначыла дзень нараджэння і пачатак новага вяшчальнага сезона маштабным рок-канцэртам «Ведай нашых» у адным з мінскіх клубаў.

25-2

— Наша радыёстанцыя — структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі, створанае на базе былой Мінскай абласной рэдакцыі Беларускага радыё, якая тады вяла вяшчанне 2 гадзіны ў суткі на Мінск і Мінскую вобласць. Пасля сур'ёзнай тэхнічнай мадэрнізацыі і прадуманай арганізацыйнай рэструктурызацыі «Сталіца» ператварылася ў сучасную радыёстанцыю, — згадвае яе дырэктар Алег МІХАЛЕВІЧ. Перад намі стаяла нялёгкая задача: стварыць дзяржаўную беларускамоўную радыёстанцыю, здольную канкурыраваць з недзяржаўнымі. І наш калектыў з гэтай задачай справіўся і даказаў, што дзяржаўнае радыё можа быць цікавым, уплывовым, канкурэнтаздольным.

Сёння «Сталіца» вяшчае 24 гадзіны ў суткі на ўльтракароткіх хвалях па ўсёй краіне і на частаце 105,1 FM у Мінску. Слухаюць яе і ва ўсім свеце ў рэжыме рэальнага часу праз інтэрнэт: у Еўропе, Кітаі, ЗША, Канадзе, Японіі, Аўстраліі... А ў Беларусі яна ўваходзіць у топ-5 самых папулярных радыёстанцый.

Музычна-забаўляльныя праграмы радыё «Сталіца» арыентаваны на моладзь і дарослых, якія цікавяцца рок-музыкай.

— У свеце налічваецца больш за 300 напрамкаў рока, — гаворыць намеснік дырэктара «Сталіцы» Дзмітрый АБРАМЧЫК. — І мы імкнёмся іх усе прадставіць у нашым эфіры: як найноўшыя кампазіцыі самых розных сучасных кірункаў, так і класіку, якая даўно палюбілася сталым меламанам.

Дарэчы, з новага сезона ў абноўленым выглядзе загучаў праект «Крок да рока». Беларускія рок-гурты прыходзяць на прамы эфір і ладзяць імправізаваныя «жывыя» канцэрты ў студыі.

— Але наш цэнтральны музычны праект называецца «Ведай нашых», — расказвае кіраўнік аддзела музычных праграм Таццяна ШЫШЛО. — Ён інтэрактыўны і мае на мэце адкрыць новыя імёны на айчыннай рок-сцэне. Мы даём магчымасць маладым і нераскручаным гуртам паспрабаваць сябе ў барацьбе за тытул «Песня месяца». Кожнае першае чысло 10 новых песень пачынаюць ратацыю ў эфіры. Галасаванне за найлепшую кампазіцыю адбываецца ў інтэрнэце. Абмежаванняў па мове песень няма, галоўнае, каб яны былі аўтарскія, арыгінальныя (кавер-версіі да ўдзелу ў конкурсе не прымаюцца). За год існавання праекта аб сабе здолелі заявіць шмат цікавых каманд.

— Менавіта так адбылося з намі, — заўважае лідар гурта Nevrіda Павел ТАІПАЎ. — Дзякуючы праекту «Ведай нашых» мы знайшлі спонсара, які пачуў нас выпадкова ў прамым эфіры. Не трэба гнацца за лайкамі і рэпостамі ў сацыяльных сетках, лепш сканцэнтравацца на тым, каб рабіць якасны матэрыял, які зацікавіць патэнцыяльнага слухача.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Андрэя ЧЫСТАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.