Вы тут

Новы ўзровень супрацоўніцтва


Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла КНР у Беларусі Цуй ЦІМІНА, нядаўна падпісаная Дырэктыва №5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай» выведзе адносіны дзвюх краін на новы ўзровень. Таксама ён адзначыў, што ў будучыні кітайскі бок жадае выйсці на новыя перспектывы супрацоўніцтва. Такая цікавасць Кітая да Беларусі невыпадковая. Толькі летась агульны таваразварот дзвюх дзяржаў дасягнуў 4 мільярдаў долараў.

Паднябесная сёння

Нягледзячы на запаволенне росту глабальнай эканомікі, у Кітаі яна працягвае развівацца, захоўваючы свой тэмп. «Кітайская эканоміка адчула ваганні фондавага рынку і валютнага курсу, і гэта паўплывала на меркаванне сусветнай супольнасці. Кітайскі прэм'ер Дзяржсавета Лі Кэцян заявіў, што цяпер кітайская эканоміка стабілізуецца і будзе развівацца ў спрыяльным кірунку — яе магчымасці па-ранейшаму застаюцца мацнейшымі за сусветныя выклікі», — адзначыў пасол.

Пра гэта сведчаць і статыстычныя паказчыкі. Так, пасол адзначыў, што ў першым паўгоддзі ВУП Кітая павялічыўся на 7% у параўнанні з мінулым годам. Колькасць працаўладкаваных павялічылася больш як на 7 мільёнаў чалавек, а ўзровень беспрацоўя складае 5%. Працягваецца аптымізацыя эканамічнай мадэлі, з'яўляецца новая прадукцыя і новыя віды камерцыйнай дзейнасці. Кітайскі ўрад падтрымлівае палітыку масавага прадпрымальніцтва і маштабных інавацый. Дзяржсавет КНР цяпер робіць акцэнт на размяшчэнні рэсурсаў на рынку, каб сфарміраваць спрыяльную сферу для адкрыцця і пашырэння бізнесу.

З усходу на захад

Як расказаў саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства КНР у Беларусі Лю СЮЭСУН, у Кітаі сёння назіраецца нераўнамернасць рэгіянальнага развіцця. Паўднёва-ўсходнія рэгіёны развіваюцца вельмі хутка, у той час як заходняя і цэнтральныя часткі застаюцца менш індустрыяльна развітымі. Урад прымае пэўныя захады для ўздыму эканомікі гэтых рэгіёнаў.

«Яшчэ 10 гадоў таму была прынята стратэгія па развіцці заходніх рэгіёнаў. Цяпер мы павялічваем прыцягненне замежных інвестыцый і нават інвестыцый з паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў заходнюю частку. Мы таксама перамяшчаем залішнія вытворчасці на захад краіны. Развіваецца супрацоўніцтва ў рамках праграмы «Адзін пояс — адзін шлях», што з'яўляецца эфектыўнай мерай паскарэння развіцця заходніх рэгіёнаў», — адзначыў Лю Сюэсун.

Гэтая праграма дапамагае нарошчваць супрацоўніцтва і з Беларуссю, якое, на думку кітайскага боку, сёння знаходзіцца на высокім узроўні.

«Дзякуючы кітайскім крэдытам у Беларусі рэалізуецца шэраг праектаў у галіне будаўніцтва аўтамабільных і чыгуначных шляхоў, інфармацыйных тэхналогій», — адзначыў саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях.

Інвестыцыі ў нашы прадпрыемствы

Летась узаемны таваразварот дзвюх краін склаў каля 4 мільярдаў долараў. Тры з іх былі атрыманы дзякуючы гандлю таварамі, на долю паслуг прыпала каля 1 мільярда.

«Сёлета, нягледзячы на цяперашнюю неспрыяльную сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, узаемны гандаль працягвае расці. А гэта яркі паказчык таго, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі развіваюцца на добрым узроўні»,— адзначыў Лю Сюэсун.

Беларусь прывабная для Кітая і ў плане інвестыцыйнага патэнцыялу. Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — красамоўны прыклад такога супрацоўніцтва. З кожным месяцам тут з'яўляецца ўсё больш кітайскіх кампаній, якія праявілі зацікаўленасць у праекце.

Акрамя таго, кітайскі бок разглядае магчымасць набыцця беларускіх прадпрыемстваў, а таксама іх акцый.

«Усё залежыць ад таго, наколькі яны будуць даступныя для кітайскіх інвестыцый, — адзначыў Лю Сюэсун. — Ключавую ролю таксама адыгрываюць прыбытковасць і рэнтабельнасць перспектыўнай вытворчасці».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.