Вы тут

Кіно пра Аляксеева


Напэўна, вы ўжо бачылі кранальны кадр з фільма расійскага рэжысёра Міхаіла Сегала, на якім герой Аляксандра Збруева Мікалай Аляксееў з пяшчотна-шчаслівым тварам прытуліўся да акна ў вагоне хуткага цягніка. Але на пачатку фільма былы паэт-песеннік, бард, інтэлігент, у якога за плячыма насычанае марамі, падзеямі і поспехамі жыццё, прадстаўляецца тым, хто стомлена і абыякава дажывае свой век.

25-15

Некалі ён вывеў формулу, якую эмацыйна-надрыўна даводзіў закаханай у яго дзяўчыне сярод лясных дрэў: «Кахаць — значыць даць чалавеку менавіта тое, што яму патрэбна ў гэты момант». А яшчэ: «Каханне — гэта не калі, а што». Сам Аляксееў, напэўна, любіў увесь свет, таму што па вялікім рахунку плыў спакойна па прызначаным яму цячэнні, калі прасілі — даваў, а праз творчасць казаў любіць яго такім, які ён ёсць.

У фільме два часы: сённяшні, у якім упершыню для гледача з'яўляецца разгублены састарэлы Аляксееў, і мінулы, што паказвае дысануючае сваёй жывасцю і насычанасцю мінулае жыццё героя, дзе і Андрэй Таркоўскі, і Юрый Гагарын, і Уладзімір Высоцкі...

Па сюжэце былога барда Мікалая Аляксеева, таго, які стомлена і абыякава дажывае свой век, запрашаюць на радыё, у адмысловую начную праграму, як музыканта, песні якога і сёння напявае моладзь, аўтара, што пакінуў пэўны след у айчыннай музыцы, паўплываў на яе развіццё. Ён, вядома, спачатку нічога не разумее, толькі паступова ўліваецца ў працэс да салодкага ўсведамлення: ён не забыты. Усё шчаслівае мінулае здольна вызначыцца за час адной невялікай праграмы.

Ва ўсім, праўда, ёсць свае «але», і начное радыё таксама можа мець пэўную частку ілюзорнасці. Паглядзім. Затое простая мараль надзвычайнай гісторыі аднаго забытага музыканта і рэцэпты, як зрабіць так, каб чалавек расцвіў і на яго твары праступіла пяшчотнае шчасце, — на паверхні.

Міхаіл Сегал пачынаў свой творчы шлях у поўным метры якраз на кінастудыі «Беларусьфільм», куды быў запрошаны здымаць фільм «Франц+Паліна» пра гісторыю кахання беларускай вясковай дзяўчыны і нямецкага салдата падчас Вялікай Айчыннай. Потым быў паспяховы саркастычны фільм «Расказы», зняты ўжо ў Расіі, які, дарэчы, удзельнічаў у конкурсе мінскага кінафестывалю «Лістапад». На мінулы «Лістапад» трапіла і «Кіно пра Аляксеева».

Адчуць эмацыянальнасць і незваротна ўцягнуцца ў канву фільма нескладана — пераходы ад мінулага да сучаснага і наадварот, першапачатковая загадкавасць запрашэння на радыё і неверагодная ігра Аляксандра Збруева чапляюць. Тут і музыка дапамагае, і легендарныя асобы ў сюжэце, і нечаканы фінал. Крытык Марыя Куўшынава сказала, што «Кіно пра Аляксеева» — раман «У пошуках страчанага часу», напісаны з выкарыстаннем слоўніка ў 300 слоў. Магчыма. Толькі гледачу гэта не перашкодзіць адчуць тую самую, чалавечую цеплыню.

Фільм пакажа тэлеканал TV1000.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.