Вы тут

Максімальная даступнасць


Людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць галасаваць не толькі дома.

Інвалідам-калясачнікам у выпадку неабходнасці дапамогуць трапіць на ўчастак для галасавання валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а інваліды па зроку змогуць скарыстацца падчас галасавання спецыяльным трафарэтам. Падчас учарашняга пасяджэння Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў асобна было разгледжана пытанне аб дадатковых мерах па забеспячэнні ўдзелу ў выбарах фізічна аслабленых асоб.

Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты з правам дарадчага голасу ўпершыню за гэту кампанію прынялі ўдзел у пасяджэнні Цэнтральнай камісіі. Туды прыйшлі Ілья Улаховіч, прадстаўнік Мікалая Улаховіча, Леанід Бабічаў, прадстаўнік Сяргея Гайдукевіча, і Ігар Лялькоў, прадстаўнік Таццяны Караткевіч.

Прапановы па справе

Уладзімір Патапенка, старшыня Беларускага таварыства інвалідаў, які быў запрошаны на пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, паведаміў, што выбары для яго маюць асаблівае значэнне.

— Нягледзячы на тое, што я перамяшчаюся на калясцы, я заўсёды імкнуся галасаваць на тым выбарчым участку, на якім я прапісаны, — прызнаўся ён журналістам. — Але, на жаль, некаторыя выбарчыя ўчасткі знаходзяцца на другім паверсе, які бывае цяжкадаступны для калясачнікаў. Зыходзячы з таго, што многія члены Беларускага таварыства інвалідаў засяроджвалі ўвагу на гэтай праблеме, мы звярнуліся ў Цэнтральную камісію.

У выніку прадстаўнікоў Беларускага таварыства інвалідаў запрасілі на абмеркаванне гэтага пытання ў ЦВК.

— У нас ёсць канкрэтныя прапановы, — адзначыў Уладзімір Патапенка. — Па-першае, мы прапануем размяшчаць участкі для галасавання, стацыянарныя скрыні ў будынках, што адпавядаюць нормам даступнасці, — гэта даступнасць падходу да будынка, магчымасць прыпаркавацца каля яго. Калі ж няма магчымасці забяспечыць даступнасць на такіх умовах, мы просім, каб на ўчастку былі людзі, якія маглі б граматна аказаць дапамогу чалавеку падчас галасавання.

У сваю чаргу Лідзія Ярмошына выказала думку, што інваліды, мабыць, вельмі сціплыя людзі, бо яны не накіроўвалі у Цэнтрвыбаркам зваротаў на гэтую тэму. Старшыня Цэнтральнай камісіі адзначыла, што да наступных выбараў неабходна будзе абавязкова ўказваць у статыстыцы, колькі участкаў для галасавання абсталявана для інвалідаў. На яе думку, гэта будзе стымуляваць мясцовыя ўлады, і яны будуць працаваць над даступнасцю ўчасткаў.

Падчас учарашняга пасяджэння Лідзія Ярмошына прадэманстравала спецыяльныя трафарэты са шрыфтам Брайля, якія будуць выкарыстоўваць сляпыя выбаршчыкі і выбаршчыкі са слабым зрокам. Плануецца, што на кожным участку будзе па два такія трафарэты. Размаўляючы з журналістамі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што дапамагаць інвалідам на ўчастках для галасавання, калі ўзнікне такая неабходнасць, павінны перш за ўсё маладзёжныя арганізацыі. Як паведаміла Лідзія Ярмошына, такая ініцыятыва была агучана з боку Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

— Прадстаўнікі БРСМ будуць прыцягнуты да дзяжурства на ўчастках для галасавання, — заўважыла старшыня ЦВК. — Зноў-такі, гэта будзе там, дзе будуць галасаваць інваліды-калясачнікі. Думаю, у дзённыя гадзіны такое дзяжурства будзе арганізавана.

Справаздача СНД — аб'ектыўная

Каментуючы абнародаваныя на днях прамежкавыя справаздачы назіральнікаў ад СНД і БДІПЧ АБСЕ, Лідзія Ярмошына адзначыла, што назіральнікаў ад СНД справаздача атрымалася вельмі добрая.

— У тым плане, што яна не змяшчае ні пазітыўных, ні негатыўных ацэнак, а толькі аб'ектыўную інфармацыю, — заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі. — Што да справаздачы АБСЕ, то, з аднаго боку, падагульняльнай ацэнкі няма. Але высновы справаздачы ўнушаюць менш аптымізму.

Лідзія Ярмошына праінфармавала, што ў краіне на 24 верасня акрэдытаваны 771 міжнародны назіральнік. З іх 340 чалавек акрэдытаваны ад БДІПЧ АБСЕ, 68 — ад ПА АБСЕ, 330 — ад СНД (у тым ліку ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД — 42). Акрамя таго, акрэдытавана 9 назіральнікаў ад ПАСЕ і 19 чалавек — ад арганізатараў выбараў у іншых краінах.

Галасаваць можна і без пашпарта

На пасяджэнні ЦВК была прынята пастанова аб тым, якія дакументы неабходны для таго, каб атрымаць бюлетэнь на выбарчым участку і прагаласаваць. Не ўсе могуць прыйсці на ўчастак з пашпартам — напрыклад, пашпарт можа быць здадзены ў пасольства для атрымання візы. Такім чынам, дакументам, які замяняе пашпарт, можа быць пасведчанне кіроўцы, ваенны білет (для вайскоўцаў тэрміновай службы), службовае пасведчанне дзяржслужбоўца, студэнцкі білет, даведка органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, пенсійнае пасведчанне (калі ў ім ёсць фотаздымак). Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі грамадзянін ужо ўнесены ў спіс выбаршчыкаў, і тое, што ён мае беларускае грамадзянства, не выклікае сумненняў.

Адказваючы на пытанне наконт магчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства, а не па месцы рэгістрацыі, старшыня ЦВК заўважыла, што такое дапускаецца.

— У тым выпадку, калі ў грамадзян ёсць доказы пражывання на тэрыторыі канкрэтнага ўчастка ў Мінску, то яны змогуць тут прагаласаваць — у нас закон гэта дазваляе, — паведаміла яна. — Для гэтага неабходна прадаставіць дагавор арэнды кватэры і з пашпартам прыйсці на той участак, на тэрыторыі якога знаходзіцца арандаванае жытло. У гэтым выпадку ўчастковая выбарчая камісія ўнясе выбаршчыка ў спіс. Але яна абавязана звязацца з той участковай выбарчай камісіяй, на тэрыторыі якой зарэгістравана гэтая асоба — тады яе выключаць са спісаў галасавання па месцы рэгістрацыі.

Учора ЦВК прыняў таксама пастанову датычна галасавання асуджаных на адбыванне пакарання ў ЛПП або ва ўстанове адкрытага тыпу, а таксама людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт і знаходзяцца ў следчым ізалятары.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.