Вы тут

Хутка — міліцэйскае дэрбі


Сёлета ўпершыню дзве каманды Міністэрства ўнутраных спраў прадстаўляюць ведамства ў найвышэйшай лізе чэмпіянату краіны па міні-футболе. І калі «Ахова-Дынама» — баец вопытны, гродзенскі УУС-«Дынама» толькі дэбютаваў сярод наймацнейшых. Карэспандэнт «Звязды» патэлефанаваў трэнерам каманд і пагутарыў з імі аб планах на сезон, айчынным зальным футболе, балельшчыках і ведамасным дэрбі.

[caption id="attachment_102451" align="alignnone" width="600"]99,9 працэнта гульцоў «Аховы-Дынама» — супрацоўнікі міліцыі. 99,9 працэнта гульцоў «Аховы-Дынама» — супрацоўнікі міліцыі.[/caption]

Стаўка на беларусаў

У мінулым сезоне «ахоўнікі» выступілі нядрэнна: упершыню прабіліся ў плэй-оф першынства краіны і сталі пераможцамі чэмпіянату свету сярод паліцэйскіх, які праходзіў у Галандыі. Неўзабаве яны паедуць адстойваць тытул, а зараз праводзяць матчы першынства краіны. Размову з Валерыем ЗЯРНЕНКАМ, трэнерам «Аховы-Дынама», мы распачалі з тэмы падрыхтоўкі да чэмпіянату краіны.

— Рыхтавацца да першынства пачалі са жніўня, — кажа трэнер. — Мы адны з апошніх выйшлі з адпачынку, але часу на трэніроўкі ў нас было дастаткова. Усю запланаваную працу мы выканалі. У чэмпіянаце правялі два матчы і ўсе з лідарамі — з мінскім «Дарожнікам» і «Лідсельмашам». На жаль, саступілі, але ў кожным з матчаў у нас былі шанцы на поспех. Не хапіла вопыту, майстэрства і шанцавання.

— Якія задачы паставіла кіраўніцтва Дэпартамента аховы перад камандай? Выйсці ў плэй-оф?

— Было б неразумна паніжаць задачы. Тым больш тады, калі мы ўжо ўдзельнічалі ў плэй-оф. Акрамя чэмпіянату, перад намі стаіць яшчэ некалькі задач. Мы размаўляем з вамі напярэдадні першынства свету па міні-футболе сярод паліцэйскіх, у якім мы летась перамаглі. Трэба, як мінімум, заваяваць любыя медалі, максімум — паўтарэнне пераможнага выніку.

— А як камплектаваліся перад пачаткам чэмпіянату?

— Мы робім стаўку толькі на сваіх хлопцаў. 99,9 працэнта нашых футбалістаў — супрацоўнікі міліцыі. І амаль усе з іх — нашы выхаванцы.

— Дарэчы, цікавы факт. У нашым міні-футболе легіянераў з Украіны значна больш, чым у вялікім. У вашу каманду замежнікі не прасіліся?

— Іх колькасць ужо зашкальвае! Калі б мы гулялі ў адкрытым чэмпіянаце краіны, пытанняў не было б, але ж мы ўдзельнічаем у першынстве незалежнай Беларусі. І нашым функцыянерам трэба ўсё ж такі вызначыцца, у якім турніры гуляем. Аднак я не магу сказаць, дрэнна гэта ці добра. Замежнікі ёсць амаль у кожнай камандзе, акрамя МАПІДа і нашай «Аховы-Дынама». Хаця сёлета перад падрыхтоўкай да чэмпіянату тэлефон літаральна награваўся ад прапаноў па расійскіх і ўкраінскіх легіянерах. Многія гатовы былі прыехаць да нас на прагляд. Але паколькі ў камплектаванні мы арыентуемся выключна на супрацоўнікаў міліцыі, ім даводзілася адмаўляць.

— Амаль усе гульцы служаць у праваахоўных органах. І працуюць усе далёка не ў адну змену. Як атрымліваецца сабраць усіх разам на трэніроўцы?

— Мы стараемся падстройвацца ледзь не пад кожнага. І з трэніровачнага працэсу хлопцы выпадаюць вельмі рэдка. Наша кіраўніцтва стараецца ісці насустрач футбалістам і дазваляе прафесійна развівацца.Трэніруемся тройчы на тыдзень у спарткомплексе МАПІДа. Калі трэба арганізаваць чацвёртую трэніроўку, ладзім яе ў сваёй зале. Яна крыху саступае стандартам міні-футбола, але нам яе магчымасцяў хапае.

— Атрымліваецца, каманда толькі напалову прафесійная.

— Так, менавіта да такой катэгорыі мы адносімся. Хаця гульцы выконваюць працу на футбольнай пляцоўцы, зарабляюць за гэта грошы. Калі адштурхоўвацца ад гэтага, я не магу сказаць, што мы толькі паўпрафесіяналы. Праўда, у нас ёсць цалкам прафесійныя клубы, дзе гуляюць футбалісты, якія спорт сумяшчаюць з працай, напрыклад Юрый Рабыка. Ён служыць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, гуляе за віцебскі «Вітэн» і абараняе колеры зборнай Беларусі. Яго язык не павернецца назваць паўпрафесіяналам. І мне здаецца, ад гэтага тэрміну паступова трэба адыходзіць. Ён некарэктны.

— Сярод балельшчыкаў пераважае актыў Дэпартамента аховы?

— Менавіта. На матчы таксама прыходзяць сваякі гульцоў, сябры, знаёмыя. Актыўна падтрымліваюць нас і хлопцы з вучэбнага цэнтра Дэпартамента аховы. Некаторыя гульні збіралі больш за 200 гледачоў.

— Многія каманды з вялікага футбола нават і гэтым пахваліцца не могуць.

— Так, і я лічу, што за гэтую лічбу балельшчыкаў нам не сорамна.

— Людзей на матчы вы ў тым ліку заклікаеце праз сваю групу ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

— Пра сябе трэба заяўляць, каб цябе чулі і ведалі. І не трэба, дарэчы, раздзяляць вялікі і малы футбол. Мы не развіваемся асобна. Мы адно цэлае. Гэтыя гульні — аднаго поля ягады. У Еўропы многія футбольную кар'еру пачынаюць з зальнага варыянта. І калі мы надалей будзем развівацца ў адным ключы з вялікім футболам, новыя зорачкі з'явяцца і на паркеце, і на вялікіх палях.

— Валерый, а якія ў вас чаканні ад гэтага чэмпіянату?

— Кожны год перад лёсаваннем заўжды думаю аб тым, што прынясе нам новы сезон. Гэтым разам павінна быць цікава. Хаця б з той прычыны, што ў Беларусі гуляюць шмат легіянераў. Мяркую, барацьба за выхад у плэй-оф будзе жорсткай і бескампраміснай.

— Матчы з гродзенскай камандай стануць для вас важнымі, асаблівымі?

— Я не акцэнтую ўвагу толькі на адным саперніку. Кожны з іх для нас прынцыповы. Штораз настройваемся на перамогу. Да матчаў з «Дынама» будзем рыхтавацца так, як гэта робім напярэдадні сустрэч з іншымі клубамі.

[caption id="attachment_102450" align="alignnone" width="600"]УУС-«Дынама» пазмагаецца за пуцёўку ў плэй-оф. УУС-«Дынама» пазмагаецца за пуцёўку ў плэй-оф.[/caption]

Амбіцыёзны дэбютант

«Дынамаўцы» — навічок найвышэйшай лігі. Каманду на берагах Нёмана арганізавалі год таму, але яна нечакана для многіх вокамгненна апынулася ў эліце беларускага міні-футбола. Пасля двух тураў на рахунку калектыву нічыя і паражэнне.

— Стварыць каманду мы вырашылі ў маі 2014 года, — узгадвае Андрэй КОЗІЧ, галоўны трэнер УУС-«Дынама». — З падобнай прапановай выступіў Вадзім Сіняўскі, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. І першапачаткова каманда складалася з супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, міліцыі, ратавальнікаў, часткова з цывільных. Мы знайшлі крыніцы фінансавання, атрымалі дазвол ад міністра ўнутраных спраў, узгаднілі фінансаванне з губернатарам і заявіліся ў першую лігу. Поспех, а мы занялі другое месца, у сумленнай барацьбе трапілі ў найвышэйшую лігу, нечаканасцю для нас не стаў. У складзе нашай каманды былі вопытныя футбалісты, якія гулялі на высокім узроўні.

— Збіраецеся пазмагацца за пуцёўку ў плэй-оф?

— Найперш хочацца годна выглядаць на фоне сапернікаў. Але мы таксама жадаем пазмагацца за плэй-оф. Чаму б і не? Мы правялі даволі добрую перадсезонную падрыхтоўку. Зрабілі ўсё, што хацелі. І я ўпэўнены, што наша каманда падрыхтавана да ўдзелу ў найвышэйшай лізе. Праўда, правялі толькі дзве сустрэчы, і ацаніць свае магчымасці пакуль складана. Сезон пакажа, на што мы здатны. Трэніруемся па вечарах. Большасць хлопцаў паралельна працуе. Міліцыянеры за нас таксама гуляюць.

— Але ёсць у вашым складзе і ўкраінец.

— Іх у нас ужо два. Раней да нас прыйшоў даволі добры варатар Яўген Змысля, які летась выступаў за «Нёман» з Бярозаўкі, а літаральна на днях, каб узмацніць атаку, падпісалі кантракт з Дзянісам Мазным — яшчэ адным украінцам. Што тычыцца самой каманды, яна ў нас вельмі маладая. Па гэтым паказчыку мы трэція ў чэмпіянаце, а стартавы склад у нас наогул самы малады.

— Сярод вашых футбалістаў хапае тых, хто гуляў на рэспубліканскім узроўні ў вялікі футбол. Напрыклад, ёсць некалькі былых гульцоў мастоўскага «Нёмана».

— Так, але многія з іх ужо даўно перакваліфікаваліся на зальны футбол, гулялі за каманду з Бярозаўкі. Што тычыцца вялікага футбола: у нас няма школы міні-футбола, і ўсе калісьці гулялі ў вялікі. Нехта перайшоў у «міні» пазней, нехта — раней.

— Хто падтрымлівае вашу каманду?

— Родныя гульцоў, а таксама супрацоўнікі міліцыі. У Гродне наогул вельмі любяць міні-футбол. І вельмі добра, што мы прывезлі сюды гэты від спорту. Раней свае каманды з'явіліся ў Лідзе і Бярозаўцы, а цяпер яна ёсць у абласным цэнтры. Гульнявая зала спарткомплекса «Вікторыя», дзе мы прымаем сапернікаў, можа змясціць адначасова 360 чалавек. На нашай першай гульні было 250 чалавек, на другой — 300. Мяркую, калі будзем перамагаць, залу цалкам запоўняць заўзятары.

— Узровень новых для сябе спаборніцтваў ужо адчулі?

— Моц адчуваецца. У чэмпіянаце гуляюць больш за 30 украінскіх легіянераў даволі высокага ўзроўню. Наша першынства, безумоўна, расце.

— Матчы з «Аховай-Дынама» чакаеце з нецярпеннем?

— Гэта будуць проста цікавыя сустрэчы. Па вялікім рахунку, стваральнікам гэтых каманд з'яўляецца Вадзім Сіняўскі, былы кіраўнік Дэпартамента аховы, які зараз узначальвае УУС Гродзенскага аблвыканкама. З гэтай камандай у нас сяброўскія стасункі. Мне падаецца, будуць добрыя матчы без злых намераў. Дарэчы, першы паядынак адбудзецца ў снежні. Ён стане апошнім матчам першага круга.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.