Вы тут

Першыя крокі ў прафесіі


Як стаць галоўнай «скрыпкай» у школьным «аркестры»?

Як правіла, перад кожным маладым педагогам паўстае шэраг пытанняў. З чаго пачаць? Што сказаць вучням пры першай сустрэчы? Як выстраіць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам? Як зрабіць бацькоў школьнікаў сваімі саюзнікамі? Як прымуць калегі? Маладыя педагогі прызнаюцца, што па першым часе ім даволі няпроста прызвычаіцца да новай ролі. Таму зусім невыпадкова лейтматывам сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія ўсяго некалькі тыдняў назад прыступілі да працы, стала тэма «Ці лёгка быць маладым?». Такія сустрэчы вось ужо дзесяць гадоў арганізуюцца для педагогаў-пачаткоўцаў Мінскім гарадскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі разам з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. На гэты раз удзельнікамі сталі больш як 100 маладых спецыялістаў з усіх раёнаў сталіцы.


Са­мыя ак­тыў­ныя ўдзель­ні­кі  праф­са­юз­на­га ма­ла­дзёж­на­га ру­ху бы­лі ад­зна­ча­ны Па­дзя­кай Мінск­ага га­рад­ско­га ка­мі­тэ­та праф­са­ю­за.

Не пашанцавала з калектывам? Змяніце калектыў!

Былі часы, калі ў галіне заставалася толькі палова маладых спецыялістаў. «Мяне гэта пытанне заўсёды хвалявала, але ў апошнія гады адток маладых спецыялістаў, на шчасце, спыніўся, — адзначыў старшыня Камітэта па адукацыі Міхаіл МІРОНЧЫК. — 25 гадоў назад я таксама прыйшоў у школу маладым спецыялістам. І ўжо пасля першага месяца працы зразумеў: школа — гэта маё. Зразумеў, што не трэба ісці ні ў турызм, ні ў краязнаўства, а я ўжо на сваім месцы. І ніколі аб сваім выбары не пашкадаваў». — Для таго, каб маладыя засталіся ў сістэме адукацыі, значэнне мае ўсё, — лічыць Міхаіл Мірончык. — Як сустрэлі ў педагагічным калектыве? Якія стварылі ўмовы? Натуральна, што ў педагога-пачаткоўца ўзнікае шмат пытанняў пры падрыхтоўцы да ўрока, пры запаўненні дакументацыі, арганізацыі выхаваўчай работы і гэтак далей. Ці не пакінулі яго сам-насам з гэтымі праблемамі больш вопытныя педагогі? Тое, што галіновы прафсаюз падтрымлівае нашых маладых педагогаў, вельмі правільна. Але нават калі вам не пашанцавала з калектывам, не трэба ставіць кропку — можна змяніць калектыў і наймальніка, але не трэба здраджваць свайму жыццёваму выбару. І памятайце: педагогі павінны ўсё жыццё вучыцца. Настаўнік, які не прыносіць у клас чагосьці новага, не будзе цікавы сваім вучням. Я неяк пачуў такую фразу: маўляў, прафесія педагога кар'ернатупіковая. Не магу пагадзіцца з такой думкай. Калі малады педагог амбіцыйны, калі ён удзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства, то можа прэтэндаваць на заўчаснае прысваенне яму больш высокай катэгорыі, ад якой залежыць і яго заробак. Фестываль педагагічных ідэй адкрыты для моладзі Удзельнікам сустрэчы расказалі, колькі зарабляе малады настаўнік, як фарміруецца яго тарыфная стаўка, якія даплаты робяцца маладым спецыялістам сталічных устаноў адукацыі. Адбылася і своеасаблівая прэзентацыя аўтаматычнага разліку стаўкі (акладу) асобных груп работнікаў устаноў адукацыі сталіцы, якую можна знайсці на сайце гаркама прафсаюза (http://profobraz.by). Пры яго распрацоўцы пастараліся ўлічыць найбольш частыя пытанні і вострыя моманты, звязаныя з налічэннем заробку. Маладым настаўнікам патлумачылі, як правільна павінны быць аформлены працоўныя адносіны, расказалі аб правах, абавязках і гарантыях для маладых спецыялістаў. Запрасілі стаць удзельнікамі Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў, які пройдзе падчас восеньскіх школьных канікул ужо чацвёрты раз. Фестываль адкрыты для ўсіх маладых педагогаў рэспублікі. Летась, напрыклад, у гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лідар» пад Мінскам з'ехаліся, акрамя сталічных педагогаў, настаўнікі з Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Плюс каманда педагогаў з Масквы і Маскоўскай вобласці.Тры папярэднія фестывалі паказалі, што зносіны паміж маладымі педагогамі вельмі важныя — гэта выдатны спосаб падзяліцца сваім вопытам і ідэямі, сваімі пытаннямі, сумненнямі і праблемамі. А яшчэ наведаць майстар-класы найлепшых беларускіх і расійскіх педагогаў. Патрабаванняў да мінімальнага прафесійнага стажу на фестывалі не вызначана, таму стаць яго ўдзельнікамі могуць і зусім юныя педагогі з двухмесячным вопытам работы, якія толькі-толькі прыступілі да працы. А вось верхняя планка ёсць — тры гады работы ў сістэме адукацыі.


Пе­ра­мож­ца кон­кур­су «Ста­ліч­ны на­стаў­нік — ста­ліч­най аду­ка­цыі — 2015» у на­мі­на­цыі «Мы — ма­ла­дыя» Яўгент СІТКО па­дзя­ліў­ся з ка­ле­га­мі сва­і­мі пра­фе­сій­ны­мі сак­рэ­та­мі.

Ад усіх праблем выратуе... сальса! 

Старшыня Савета маладых педагогаў сталіцы Таццяна Арлоўская расказала пра дзейнасць сваёй структуры, пра супрацоўніцтва з калегамі з Масквы і аўтапрабег маладых педагогаў Масква — Мінск — Масква, які прайшоў у маі гэтага года. А яшчэ маладых настаўнікаў заклікалі далучыцца да новага праекта «Педагагічная сальса — 2015». Кожную нядзелю ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі педагогаў бясплатна будуць вучыць танцаваць фантастычны лацінаамерыканскі танец. Кубінцы кажуць, што танцаваць сальсу трэба для таго, каб навучыцца па-сапраўднаму весяліцца, радавацца і быць свабодным. Сальса — гэта лад жыцця. Танец дапамагае ставіцца да ўсяго прасцей і адкрывае другое дыханне...

Парада ад таленавітага расійскага педагога-практыка дырэктара школы С.Багуслаўскага: «Не лічыце школу месцам, незусім вартым прымянення вашых выдатных здольнасцяў, месцам, куды вас быццам бы саслалі. Школе не патрэбна ваша ласка. Так, яна вас чакае, і, так бы мовіць, з усёй душой. Яна хоча, каб вы ў яе былі, але ў яе ёсць свая вартасць — гэта дзеці. Таму не трэба глядзець на школу з пагардай, не трэба рабіць ёй ласку».

З пункту погляду псіхалогіі, заняткі сальсай уяўляюць сабой даволі цікавую тэрапію. Акрамя агульных плюсоў, да якіх адносіцца ўменне прыгожа і зладжана рухацца, танец разнявольвае, значна паляпшае каардынацыю і пачуцце рытму. Калі шэрыя будні зацягваюць, а за вакном імжыць дождж, хочацца прыгадаць лета, расфарбаваць сваё жыццё ў яркія пазітыўныя тоны і зарадзіцца энергіяй намнога дзён наперад. І хто, як не выкладчыкі, здольныя ўсё гэта ацаніць! А ў сакавіку адбудзецца фінал «Педагагічнай сальсы», дзе і вызначаць пераможцу.... — Я ўсё запісаў, хто і што вам абяцаў, мы потым у іх запытаемся, — пажартаваў старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА, які падвёў вынікі сустрэчы. — Хачу дадаць, што калі жыццё ў вашым калектыве працякае нецікава, у тым ліку і прафсаюзнае, то ніколі нікога не вінавацьце — вы самі выбралі сваіх лідараў. Майце на ўвазе, што не заўсёды з добрых настаўнікаў атрымліваюцца добрыя кіраўнікі. Паспрабаваць можна, але калі не атрымалася, не варта баяцца прызнаць сваю памылку. Лепш, калі цябе цэняць твае вучні, іх бацькі, паважаюць калегі, калі ты атрымліваеш ад сваёй працы задавальненне. На настаўніцтве ў нашай дзяржаве трымаецца вельмі многае, падкрэсліў Аляксандр Бойка. — Педагогі заўсёды былі ў авангардзе. Цяпер у краіне ідзе эксперымент па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы ў галіне адукацыі. І ў педагогаў школ, уцягнутых у эксперымент, заробак даходзіць да 12 мільёнаў. Але для таго, каб зарабляць, трэба праяўляць ініцыятыву. Спосабы павысіць свае заробкі ёсць, таму звяртайцеся да свайго кіраўніцтва і кажыце, што вы гатовы ўзяць на сябе тую ці іншую дадатковую нагрузку...

Парады маладому настаўніку: * Не стаўцеся да школы проста як да месца працы. * Будзьце гатовы да вялікага аб'ёму працы. На першы погляд, вам давядзецца працаваць нароўні з іншымі настаўнікамі, але вам не будзе дапамагаць вопыт. Давядзецца шмат чаму вучыцца з нуля, таму першы год будзе асабліва цяжкім. Але не сумнявайцеся, што ваш досвед і майстэрства будуць расці, і паступова праца будзе станавіцца менш складанай, але больш эфектыўнай. * Не перажывайце, што вам не ўдасца зрабіць усё. Праца настаўніка вылучаецца тым, што зрабіць усю работу проста немагчыма. * Не бярыце на сябе занадта многа, патрабуйце дакладнага вызначэння кола вашых абавязкаў. * Старайцеся планаваць свой час. Папрасіце, каб калегі падзяліліся сваім досведам у складанні раскладу. * Не прасіце прабачэння за «лішнія» пытанні: вы павінны разумець, што робіце, таму заўсёды лепш запытацца, калі вы ў чымсьці не ўпэўнены. * Атрымлівайце задавальненне ад стасункаў з дзецьмі і калегамі. Радуйцеся поспехам, але памятайце, што пражыць без няўдач немагчыма.* Хваліце вучняў за поспехі. Падрабязна патлумачце ім, што ад іх патрабуецца, каб вучыцца па вашым прадмеце на «выдатна». * Захоўвайце пачуццё гумару. * Будзьце самі сабой.

Надзея НІКАЛАЕВА 

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.