Вы тут

Акадэмія мужнасці і патрыятызму


У галоўнай ваеннай ВНУ краіны няма «свабодных» дыпломаў.

Ваенную акадэмію называюць кузняй ваенных кадраў краіны. Нягледзячы на шырокі спектр ВНУ, задзейнічаных у сістэме ваеннай адукацыі, яна па-ранейшаму застаецца асноўнай базай для падрыхтоўкі афіцэраў. Са сцен адной з найбуйнейшых навучальных устаноў рэспублікі выйшла не адно пакаленне лейтэнантаў. Сярод іх — вядомыя военачальнікі, славутыя навукоўцы і спартсмены, кіраўнікі грамадзянскіх структур.


 Бу­ду­чыя аба­рон­цы Ай­чы­ны з пер­шых кро­каў на­ву­чан­ня ша­ну­юць тыя тра­ды­цыі, якія спа­кон ве­ку іс­на­ва­лі ў ар­міі (на­чаль­нік Ва­ен­най ака­дэ­міі Сяр­гей БОБ­РЫ­КАЎ уру­чае па­го­ны).

Не менш таленавітыя юнакі асвойваюць прафесію абаронцы Айчыны і сёння. Наколькі запатрабаваная яна ў сучасным грамадстве, чаму беларуская ваенная школа лічыцца прэстыжнай для армій шэрагу краін, якімі інавацыйнымі дасягненнямі могуць пахваліцца ваенныя вучоныя — пра гэта і шмат пра што іншае расказвае начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Сяргей БОБРЫКАЎ.

— Сяргей Валянцінавіч, апошнім часам даводзіцца чуць, што прэстыж афіцэрскай прафесіі падае...

— Сёлета заўважана павышэнне актыўнасці паступлення ў Ваенную акадэмію. Нягледзячы на змяншэнне колькасці выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных школ, конкурс быў вышэйшы, чым у мінулыя гады. Прычым юнакі прыйшлі да нас з больш высокімі баламі. Таму прэстыж ваеннай службы якраз падымаецца. Аб гэтым сведчыць яшчэ і тое, што ўсё больш салдат, якія адслужылі тэрміновую службу, паступаюць на службу па кантракце.

— Будучых вайскоўцаў рыхтуюць і на ваенных факультэтах вядучых ВНУ краіны. Хіба сем факультэтаў Ваеннай акадэміі не цалкам забяспечваюць патрэбу Узброеных Сіл у афіцэрскіх кадрах?

— Ваенная акадэмія рыхтуе афіцэраў не толькі для Узброеных Сіл, але і для іншых сілавых структур краіны. У нас шмат спецыяльнасцяў. Па вялікім рахунку, кожны факультэт — ваеннае вучылішча. Але ёсць такія спецыялісты, як, напрыклад, ваенны дырыжор або ваенны фінансіст, якіх з-за невялікай колькасці навучаць у акадэміі немэтазгодна. Ці навошта ў нас рыхтаваць ваенных урачоў, калі з гэтым выдатна спраўляецца медыцынскі ўніверсітэт? Шэраг факультэтаў Ваеннай акадэміі рыхтуе афіцэраў і па сумежных спецыяльнасцях. Штогод каля сотні юнакоў адпраўляем для навучання ў Расійскую Федэрацыю. У гэтым выпадку нам важна паглядзець, як рыхтуюць спецыялістаў за мяжой.

— У сваю чаргу, Ваенная акадэмія рыхтуе афіцэраў і для армій шэрагу замежных дзяржаў. Чым тлумачыцца жаданне апошніх мець спецыялістаў з дыпломам беларускага ўзору?

— Прэстыж Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь вядомы далёка за межамі нашай краіны. З 1963 года (Ваенная акадэмія — правапераемніца двух вышэйшых ваенных вучылішчаў. — Аўт.) мы падрыхтавалі звыш пяці тысяч ваеннаслужачых з 48 краін свету. Акадэмія традыцыйна забяспечвае самы высокі ўзровень падрыхтоўкі замежных афіцэраў і курсантаў па цэлым спектры спецыяльнасцяў, валодае выдатнай вучэбна-матэрыяльнай базай і прадастаўляе годныя жыллёва-бытавыя ўмовы з улікам нацыянальных і рэлігійных асаблівасцяў нашых навучэнцаў. Замежныя выпускнікі апошніх гадоў ярка заявілі пра сябе ў нацыянальных арміях. У прыватнасці, выпускнікі факультэта Генеральнага штаба займаюць самыя высокія ключавыя пасады ў сілавым блоку шэрагу постсавецкіх дзяржаў. Не адстаюць і маладыя афіцэры, якія годна выступаюць на міжнародных ваенных гульнях па танкавым біятлоне, у спаборніцтвах артылерыстаў і спецыялістаў войск супрацьпаветранай абароны. Гэта найлепшая рэклама рэальных магчымасцяў Ваеннай акадэміі па падрыхтоўцы ваеннай эліты для армій брацкіх дзяржаў. Цяпер мы імкнёмся ахапіць яшчэ большую адукацыйную прастору на тэрыторыі краін СНД і далёкага замежжа.

— А хто ў кузні ваенных кадраў «кавалі»?

— У Ваеннай акадэміі працуе каля 700 выкладчыкаў. Суадносіны паміж колькасцю выкладчыкаў і курсантаў у нас значна вышэйшыя, чым у іншых ВНУ. Справа ў тым, што ў акадэміі вельмі шмат навучальных дысцыплін. Прыкладна 40% прафесарска-выкладчыцкага складу — дактары і кандыдаты навук. Нямала ў нас і перспектыўных вучоных, якія на базе ўстановы стварылі свае навуковыя школы. Іх навуковыя дасягненні сёння запатрабаваныя. Напрыклад, вучоныя акадэміі распрацавалі беспілотны авіяцыйны комплекс «Маскіт», які ўжо паступіў на ўзбраенне беларускай арміі і неўзабаве будзе вырабляцца серыйна. Наш праграмна-інфармацыйны комплекс «Вучэнні» дазваляе камандзірам ажыццяўляць планаванне ваенных дзеянняў і садзейнічае прыняццю імі рашэнняў у мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Распрацоўкамі навукоўцаў акадэміі таксама з'яўляюцца сістэма навігацыі, сувязі і апазнавання «Альманах», якая дазваляе рэалізоўваць працэсы кіравання на тактычным узроўні, апаратура «Сатэліт», прызначаная для абароны самалётаў ад апрамянення і паражэння зенітна-ракетнымі комплексамі. Гэта вельмі сур'ёзныя навуковыя дасягненні, якія ўжо рэальна ўвасоблены ў вайсковую практыку.

— А ў будучых вайскоўцаў ці ёсць цяга да інавацыйнай дзейнасці?

— За курсантамі, якія цікавяцца навукай, мы сочым з першага курса. Яны ўдзельнічаюць у шматлікіх навуковых гуртках, таварыствах. Мы прыглядаемся і да тых юнакоў, якія добра зарэкамендавалі сябе на алімпіядах. Па выпуску ствараем банк даных адоранай моладзі і праз некаторы час службы ў войску запрашаем іх да сябе ў магістратуру. Найбольш перспектыўныя паступаюць у ад'юнктуру і на працягу двух-трох гадоў абараняюць кандыдацкія дысертацыі. Пасля чаго для іх адкрываюцца два кірункі: або выкладчыцкая дзейнасць, або навуковая. Такім чынам, у нас існуе вельмі добрая сістэма падрыхтоўкі сваіх вучоных і навукова-педагагічных кадраў.

— Не баіцеся, што захопленаму навукай юнаку так спадабаецца ў войску, што ён не захоча вяртацца ва ўніверсітэцкія сцены?

— Значыць, ён там будзе больш патрэбны. У любым выпадку два-тры гады афіцэр павінен паслужыць у войску. Стэрыльны вучоны нам проста не патрэбен. Перш, чым нешта распрацоўваць, ён павінен пастаяць на аэрадроме, пабываць у полі, пазнаёміцца з тэхнікай...

— Ваенная акадэмія — адна з нямногіх ВНУ краіны, дзе ў прыярытэце практычныя заняткі. Яшчэ курсантамі заўтрашнія афіцэры праходзяць ваенную стажыроўку, а некаторым удаецца паўдзельнічаць і ў буйных ваенных вучэннях...

— Чым адрозніваецца інжынер грамадзянскі ад ваеннага? У першага ёсць шмат часу, каб пачытаць спецыяльную літаратуру і ўкараніць свае веды ў практыку. У ваеннага інжынера ў баі на гэта часу проста не хопіць. Менавіта таму практычным заняткам мы надаём вельмі вялікую ўвагу. А гэта каля 70% вучэбных заняткаў. Як тэарэтычна можна навучыцца вадзіць танк? Ці як у тэорыі скакаць з парашутам або кіраваць самалётам? Нашы навучэнцы абавязаны дасканала ведаць сучасную баявую тэхніку. Але перш, чым выйсці ў поле, курсанты павінны навучыцца валодаць ёй на камп'ютарах і сімулятарах, затым — на лёгкіх і складаных трэнажорах.

— Але практыка — гэта яшчэ і пэўныя грашовыя выдаткі. Камп'ютарызаваць навучальны працэс вельмі дорага?

— Дорага вучыцца непасрэдна на баявой тэхніцы. На сімулятарах і трэнажорах значна танней. Напрыклад, мы доўга вывучалі, як рыхтуюць лётчыкаў. Дарэчы, на постсавецкай прасторы мала дзе вядзецца іх навучанне. У Арменіі, адкуль я нядаўна прыехаў, падрыхтоўка лётчыкаў крыху іншая. Там у асноўным вучацца на баявых тыпах авіятэхнікі, а гэта вельмі дорага. Мы ж выбралі вельмі ўдалую схему навучання. На першым курсе курсанты лятаюць на планёры. З другога па чацвёрты курс займаюцца ў аэраклубах: лётчыкі лятаюць на самалёце «Як-52», верталётчыкі — на верталёце «Мі-2». Потым лётчыкі асвойваюць рэактыўны самалёт «Л-39», а верталётчыкі — баявыя тыпы верталётаў. І на выпуску кожны з курсантаў мае больш за 200 гадзін налёту. Гэта дастаткова шмат. Як у Савецкім Саюзе.

— Ці шмат юнакоў сыходзяць з дыстанцыі на шляху да афіцэрскіх пагонаў?

— З пяцісот першакурснікаў яшчэ падчас курса маладога байца сышлі 22 чалавекі. Пры паступленні мы папярэджваем юнакоў, што тут няпроста вучыцца. Гэта тычыцца не толькі фізічных нагрузак, а і навучальных дысцыплін. Не ўсе могуць змірыцца і са шматлікімі абмежаваннямі, воінскай дысцыплінай. Але на месца тых, хто сышоў, мы дабралі новых юнакоў, якія ўжо сталі ў строй. Па непаспяховасці на працягу года з акадэміі адлічваецца 20—30 чалавек. Гэта нармальная з'ява. Не ўсе могуць вучыцца ў ВНУ, не кожны можа працаваць самастойна, а мэта вышэйшай школы якраз не ў максімальным набыцці ведаў, а ва ўменні іх здабываць самастойна. Не ўсе да гэтага гатовы.

— І гэта нягледзячы на тое, што курсанты цалкам знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні? Многія студэнты ім па-добраму зайздросцяць!

— І ёсць чаму. Мы не ўтойваем, у чым перавагі навучання ў Ваеннай акадэміі. Па-першае, гэта якасная адукацыя. Па-другое, стапрацэнтнае ўладкаванне: нашы выпускнікі са «свабодным» дыпломам не выпускаюцца. Па-трэцяе, вельмі сур'ёзны сацыяльны пакет: на працягу чатырох гадоў навучання бацькам не трэба клапаціцца аб тым, як сваіх дзяцей накарміць, апрануць, колькі трэба заплаціць за здымнае жыллё. Акрамя таго, курсанты атрымліваюць добрую стыпендыю, бясплатна здаюць на вадзіцельскія правы. Дык чаму ж ім не зайздросціць?

— Усё часцей ваеннай прафесіяй цікавяцца дзяўчаты. Калі ім, як раней, дазволяць паступаць у Ваенную акадэмію?

— На працягу апошніх чатырох гадоў набор дзяўчат мы не ажыццяўлялі. Нам трэба было зрабіць аналіз, паглядзець, як нашы выпускніцы будуць служыць: ці пойдуць у дэкрэтны водпуск, ці будуць вяртацца, працягваць кантракт. Сітуацыя атрымалася нармальная: пасля нараджэння дзіцяці большасць з іх вяртаецца ў войска. Сёлета з авіяцыйнага факультэта выпусцілася, як кажуць лётчыкі, крайняя дзяўчына. Але на наступны год (колькасць я пакуль сказаць не магу) мы дакладна будзем набіраць дзяўчат. Прычым не толькі на авіяцыйны факультэт, а і на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Так што, дзяўчаты, прыходзьце да нас у акадэмію!

— Увогуле, на ваш погляд, якая роля жанчын у арміі? Ці, можа, гэта зусім не жаночая прафесія?

— Гэта агульнасусветная практыка. Жанчыны служаць ва ўсіх дзяржавах. Прычым ёсць краіны, дзе стаўленне да жаночай службы больш пільнае. Напрыклад, у Ізраілі ў абавязковым парадку служаць усе. Я мяркую па сваёй дачцэ, старшым лейтэнанце. Я бачу яе адносіны да службы — адказныя, нават вельмі адказныя! Дзяўчаты адрозніваюцца стараннасцю. Як правіла, пры паступленні яны маюць высокія балы. Яны дысцыплінаваныя, абавязковыя. Ды і юнакі, калі дзяўчаты ў калектыве, паводзяць сябе больш стрымана і спакойна. А калі і ствараюцца сямейныя пары, дык гэта ж добра.

— А ваша дачка сама выбрала афіцэрскі шлях? Ці ўсё ж такі гэта быў выбар бацькі-генерала?

— Сын не захацеў стаць ваенным, уся надзея была на дачку (смяецца). Калі шчыра, то гэта было яе рашэнне. Мой бацька, яе дзядуля, таксама быў вайскоўцам. Магчыма, захацела працягнуць сямейную дынастыю. Спадзяюся, што ўсё на гэтым не скончыцца, і яе сын, мой унук, калі падрасце, таксама зробіць выбар на карысць прафесіі афіцэра.

— Сяргей Валянцінавіч, вы ўжо шмат гадоў узначальваеце галоўную кузню ваенных кадраў краіны. Упэўнена, вам добра вядома, як выхаваць прафесіянала. А як зрабіць з яго яшчэ і патрыёта?

— Патрыёта мы шукаем ужо тады, калі ў межах прафарыентацыі выязджаем у школы і вучылішчы краіны. І нават калі гэты хлапчук, у якога гараць вочы, паступіць да нас з дрэннымі баламі, мы будзем дапамагаць яму, бо цвёрда ведаем, што з яго вырасце вельмі добры спецыяліст. Падрыхтоўка патрыёта — самая галоўная задача акадэміі. Выхоўваем патрыётаў на канкрэтных прыкладах. У межах шэфства над установамі курсанты даглядаюць хворых, інвалідаў, людзей старога ўзросту. Мы невыпадкова надаём увагу гэтым пытанням: нашы курсанты павінны быць гатовы да розных жыццёвых сітуацый. Каб веды, атрыманыя ў акадэміі, спатрэбіліся не толькі ў войску, а і ўвогуле былі накіраваны на карысць нашай Радзімы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.