Вы тут

Міжнародная практыка — новы ўзровень


У Мінску поўным ходам ідзе падрыхтоўка да 79-й Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі (МЭК), якая адбудзецца з 5 па 16 кастрычніка. Як правіла, такія статусныя форумы праходзяць у вядучых краінах, якія з'яўляюцца перадавымі вытворцамі і наватарамі ў сферах электронікі, электратэхнікі і іншых сумежных абласцях, а таксама ў тых, што маюць намер выйсці на гэты ўзровень. Сусветная супольнасць праяўляе высокую зацікаўленасць у прасоўванні гэтых напрамкаў у Беларусі.

image description

Унікальная магчымасць

Яшчэ на раннім этапе падрыхтоўкі для ўдзелу ў мінскай асамблеі МЭК зарэгістравалася звыш 1000 дэлегатаў больш чым з 60 краін свету. Колькасць прадстаўнікоў сусветна вядомых карпарацый на адзін квадратны метр абяцае вельмі здівіць. Беларусь запланавалі наведаць супрацоўнікі Gеnеrаl Еlесtrіс, Sаmsung, Bоsсh, Sоnу, Раnаsоnіс, Sіеmеns, Bауеr, Рhіlірs, Shеll, Еаtоn, Mісrоsоft, Аррlе, Еrісssоn, Hаіеr, Еlесtrоluх. З імі будуць шукаць пагадненняў і магчымасцей заключыць кантракты айчынныя прадпрыемствы і інстытуты кшталту «Інтэграла», «Атланта», «Агат сістэмс», МАЗ, МТЗ, МЗКЦ, «Нафтана», БДУІР, БНТУ, БДТУ, інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мабілізаваць усе структуры і неабходныя рэсурсы стала магчыма дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Дыялог абяцае быць прадуктыўным, бо нашай краіне ёсць што паказаць і прапанаваць.

«Для нас вельмі важна сачыць за тэндэнцыямі, якія развіваюцца ў галіне стандартызацыі ва ўсім свеце. Асабліва па кірунках электратэхнікі, электронікі і ўсіх сумежных абласцях. Наша краіна імкнецца быць адным з актыўных удзельнікаў у гэтых сферах», — адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Беларусь з'яўляецца паўнапраўным членам МЭК з 1993 года. Зараз 224 тэхнічныя эксперты з 54 прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі ўдзельнічаюць у працы 92 тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў МЭК. Генеральная асамблея разглядаецца як унікальная магчымасць для наладжвання прафесійных зносін з сусветнымі распрацоўшчыкамі, а таксама для абмеркавання пытанняў, цікавых для прамысловасці і бізнесу краіны. Адной з галоўных тэм для Беларусі з'яўляецца энергаэфектыўнасць і энергаэфектыўнае абсталяванне.

Перспектыўныя Інвестыцыі

У Беларусі сістэмна вырашаюць такія ключавыя пытанні, як зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР), выкарыстанне мясцовых відаў паліва і аднаўляльных крыніц энергіі. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы энергазберажэння валавы ўнутраны прадукт краіны за гэты час вырас у 2,6 раза пры нязначным росце валавога спажывання ПЭР, а яго энергаёмістасць знізілася амаль на 60%. Больш эфектыўна прымяняць прагрэсіўныя падыходы і тэхналогіі ў гэтых абласцях стала магчыма з уступленнем у сілу сёлета ў ліпені новага закона «Аб энергазберажэнні». Цяпер можна сказаць, што далейшае прасоўванне ў сферы энергаэфектыўнасці і энергазберажэння адбываецца толькі на аснове інавацыйных рашэнняў, якія стануць бліжэй да Беларусі дзякуючы правядзенню асамблеі МЭК. Гэтыя меры забяспечаць больш эканомнае выкарыстанне энергарэсурсаў, павысяць тэхнічны ўзровень і канкурэнтаздольнасць вытворчасці, зніжаючы пры гэтым негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Стандарты МЭК рэгулююць патрабаванні да прадукцыі, працэсаў яе стварэння і з'яўляюцца прызнанымі сусветнай супольнасцю. Іх прымяненне мае вялікую важнасць для Беларусі. Зараз у краіне дзейнічае 264 дзяржаўныя (СТБ) і 945 міждзяржаўных стандартаў (ДАСТ), распрацаваных на аснове дакументаў МЭК, якія своечасова абнаўляюцца і дапаўняюцца. Акрамя таго, цяпер распрацоўваюцца два тэхнічныя рэгламенты ў галіне энергаэфектыўнасці электрычнай прадукцыі: «Пра інфармаванне спажыўца аб энергетычнай эфектыўнасці электрычных энергаспажывальных прылад» і «Аб патрабаваннях да энергетычнай эфектыўнасці электрычных энергаспажывальных прылад». Для забеспячэння выканання патрабаванняў гэтых дакументаў, яшчэ на праектным этапе, у краіне ўжо развіваецца неабходная выпрабавальная база. Ажыццяўленне гэтага стала магчымым дзякуючы праграме Еўрапейскага саюза па падтрымцы ў галіне нормаў і стандартаў энергаэфектыўнасці спажывецкіх тавараў і прампрадукцыі. На базе БелДІСС ствараецца ўнікальная лабараторыя па выпрабаваннях шырокага кола электратэхнічных прыбораў. На яе выдзелена 3,5 млн еўра са сродкаў праекта. Стварэнне такой лабараторыі з'яўляецца выгаднай інвестыцыяй для ўсёй краіны. Згодна з указам Прэзідэнта, яна ўключана ў інвестыцыйную праграму на 2015 год, а на яе патрэбы з рэспубліканскага бюджэту выдзелена каля 30 млрд беларусіх рублёў. Увядзенне лабараторыі ў эксплуатацыю запланавана на канец гэтага года.

Акунёмся ў атмасферу распрацоўкі стандартаў

Важнай асаблівасцю Генеральнай асамблі МЭК з'яўляецца правядзенне ў рамках яе праграмы пасяджэнняў тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў па стандартызацыі. Гэта дазваляе спецыялістам з усяго свету штогод выпрацоўваць канкрэтныя патрабаванні да прадукцыі, тэхналогій, метадаў вымярэння і кантролю, іншых аспектаў.

«Правядзенне падобных пасяджэнняў МЭК у Мінску дае нам шанц акунуцца ў рэальную атмасферу распрацоўкі міжнародных стандартаў, адчуць барацьбу інтарэсаў і вызначыць сваё месца ў ёй, каб паўнапраўна ўдзельнічаць у глабальнай канкурэнцыі, — лічыць сакратар Нацыянальнага камітэта МЭК Беларусі, дырэктар прадпрыемства «Выпрабаванні і сертыфікацыя бытавой і прамысловай прадукцыі «БЕЛЛІС» Юрый Пашык. — Для нашых спецыялістаў удзел у такіх пасяджэннях стане неацэнным вопытам.

У Беларусі чакаюць атрымаць максімальную карысць ад будучага мерапрыемства. Галоўныя чаканні звязаны найперш з павышэннем бізнес-рэйтынга і інвестыцыйнай прывабнасці. Вельмі важна, каб запланаваныя мерапрыемствы надалі новы імпульс для далейшага развіцця тэхнічнага рэгулявання як у краіне, так і ў ЕАЭС. У найбліжэйшы час гэта адзіная магчымасць наладзіць адносіны з перадавымі кампаніямі ў тэхнічных сферах, а таксама заявіць пра беларускую прадукцыю на ўвесь свет.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.