Вы тут

Жалезныя птушкі селі... на дарогу


Упершыню на аўтамагістраль прызямліўся масіўны транспартны самалёт «Ан-26».

Найбуйнейшая магістраль краіны — М1 — на некалькі гадзін пераўтварылася ў пасадачную паласу. Спыніўшы рух, аўтатранспарт саступіў месца самалётам і верталётам. У ваколіцах Дзяржынска прайшлі лётна-тактычныя вучэнні беларускай авіяцыі.

26-30

Выкарыстанне ўчасткаў аўтамабільных дарог у якасці запасных аэрадромаў пачало адпрацоўвацца з 2007 года. Тады ўпершыню ў гісторыі Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Беларусі на аэрадромны ўчастак аўтамагістралі прызямліліся два самалёты-штурмавікі «Су-25». Затым на трываласць аўтадарогу «праверылі» знішчальнікі «МіГ-29» і «Су-27». На гэты раз паветраным асам выпала задача не з лёгкіх — пасадзіць на трасу масіўны транспартны самалёт «Ан-26».

Выбраны для пасадкі ўчастак дарогі па шырыні ў тры разы меншы, чым звыклая для лётчыкаў узлётна-пасадачная паласа. Але ж з задачай айчынныя авіятары справіліся на «выдатна». І гэта нягледзячы на тое, што ні радары, ні дыспетчары не ўказвалі лётчыкам каардынат пасадкі. Жалезную птушку садзілі літаральна «на вока». Але перад гэтым на аўтастраду прызямліліся самалёты «Су-25» і «МіГ-29».

— У вучэннях удзельнічаюць найбольш падрыхтаваныя лётчыкі, — расказвае намеснік камандзіра эскадрыллі па ідэалагічнай рабоце 116-й штурмавой авіяцыйнай базы гвардыі маёр Міхаіл СКАЧКОЎ. — Гэта звязана з некаторымі асаблівасцямі: недастаткова шырокая паласа, умовы візуальнага кантакту з дарогай на гэтым участку. Адсутнічаюць таксама радыётэхнічныя сродкі, пры дапамозе якіх выконваецца пасадка на стандартных аэрадромах.

26-29

Па легендзе вучэнняў, дыверсійная група праціўніка заняла лес непадалёк ад аўтадарогі. Неўзабаве над верхавінамі дрэў закружылі верталёты «Мі-8» і «Мі-26» — дэсант накіраваўся на захоп. Адзін за адным вайскоўцы высаджваліся з верталётаў. Некалькі хвілін «бою» — і нашым салдатам спатрэбіўся баявы «правіянт». Тут і прыйшлі на дапамогу паветраныя асы, адзін за адным прызямляючыся на магістраль. Нябесных ястрабаў прыкрывалі зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М2». Дыверсанты былі абяшкоджаны і захоплены. Задача паспяхова выканана!

У гэтым маглі пераканацца не толькі мясцовыя жыхары, але і запрошаныя госці. У якасці назіральнікаў на вучэннях прысутнічалі і прадстаўнікі Народна-вызваленчай арміі Кітая.

— Пасадка ваенна-транспартнага самалёта «Ан-26» на дарогу павышае магчымасці па перакідванні сродкаў паражэння, — падкрэсліў міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — У Беларусі такое прызямленне ажыццёўлена ўпершыню, але асабісты склад з задачай справіўся. На такіх транспартных самалётах можна вырашаць задачы і па перакідванні паліва.

Губернатар Мінскай вобласці Сямён ШАПІРА назваў беларускіх лётчыкаў сапраўднымі асамі: «Мы глыбока перакананы, што наша неба — у надзейных руках. Таму ўсім нам, работнікам сельскай гаспадаркі і прамысловасці, можна смела і добрасумленна працаваць на нашых землях, будучы ўпэўненымі, што ў нашай краіне будзе мір і парадак».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».