Вы тут

Калі не рухацца, можна заржавець


Такім крэда кіруецца ў сваім жыцці ўладальніца аграсядзібы ў Магілёўскім раёне Ірына Семерыкова.

Двухпавярховы дом з гасціннай расцяжкай на фасадзе «У сяброў», адразу кідаецца ў вочы, як толькі заязджаеш на цэнтральную вуліцу вёскі Гародня. Існуе аграсядзіба не так даўно, але яе ўжо паспелі наведаць нават турысты з Расіі і Ізраіля. Жыццярадасная гаспадыня робіць усё, каб прывабіць гасцей. Яна тут і за будаўніка, і за экскурсавода, і за сяброўку, і за перавозчыка. Астатняе дапаўняюць маляўнічыя краявіды — бясконцы сельскі прастор з лесам на гарызонце, рэчка, вадасховішча і нават невялічкі самаробны вадаём з дэкаратыўнымі гарлачыкамі каля самага дома. Плюс чыстае паветра, мора кветак і, нягледзячы на восень, клубніцы на градках.

[caption id="attachment_102663" align="alignnone" width="600"]26-20 Іры­на — май­стар ства­раць утуль­насць.[/caption]

«Іх дзеці ўпершыню ўбачылі, як расце морква»

Запаветнай марай Ірыны заўсёды была магчымасць працаваць на зямлі. У кожны кавалачак аграсядзібы яна ўкладвае душу. Шмат цікавых ідэй бярэ на ўзбраенне падчас сваіх падарожжаў. Калі была ў Іспаніі, хадзіла па замку ХІ стагоддзя і прыглядалася, як зроблена пабудова, якія там камунікацыі. Цяпер марыць з'ездзіць у польскі Мальбарк, каб паглядзець на былую рэзідэнцыю магістраў Тэўтонскага ордэна, пабудаваную ў ХІІІ стагоддзі. Чула, што там па сёння водаправод, каналізацыя і вентыляцыя ў рабочым стане. Цікава даведацца, за кошт чаго. Можа, нешта атрымаецца прымяніць у сябе? Яна не любіць тыпавыя праекты, да ўсяго падыходзіць творча. А яшчэ клапоціцца, каб было не проста прыгожа, але і эканамічна абгрунтавана.

Лягчэй пералічыць усё тое, што Ірына можа рабіць, чым тое, чаго не ўмее. Калі была школьніцай, у яе рукі трапіў каталог моднага жаночага адзення. Замест таго, каб «раскруціць» бацькоў на ўборы, яна пайшла вучыцца на краўчыху. Цяпер шые з любога матэрыялу. А якія цуды вырабляе з дапамогай спіц, вы б толькі бачылі! Будзеце ў яе ў гасцях, звярніце ўвагу на ўтульны клятчасты плед на канапе ў гасцёўні — справа яе таленавітых рук.

Ірына сама сабе дызайнер, кветкавод, аўтамабіліст, а цяпер яшчэ і капітан, як жартам сябе называе. Нядаўна атрымала пасведчанне на права кіраваць маламернымі рачнымі суднамі, збіраецца набыць ёмістую лодку з маторам і вазіць гасцей на рыбалку. «Мне знаёмыя кажуць: ты яшчэ 150 гадоў пражывеш пры такой актыўнасці», — смяецца яна. Сяброў у Ірыны сапраўды шмат. І кожны чымсьці дапамагае.

Нядаўна разам з таварышамі распрацавала дванаццацідзённы тур па славутасцях Беларусі і нават паклапацілася пра яго рэкламу ў Расіі. Уручыла адпаведны праспект сяброўцы, якая займаецца турбізнесам, каб завезла яго на турыстычную выставу ў Маскву. Тое, што расіяне адгукнуцца, не сумняваецца. Узгадвае сваіх знаёмых з Белакаменнай, якія нядаўна гасцілі. Іх дзеці ўпершыню ўбачылі, як растуць морква і буракі. Ірына цярпліва дэманстравала ім, як трэба збіраць караняплоды і апрацоўваць. Эмоцый было не менш, чым ад наведвання суперсучаснага атракцыёна. З дастаўкай турыстаў жанчына таксама не бачыць праблем. Дапамогуць сябры, якія займаюцца трансферам.

[caption id="attachment_102662" align="alignnone" width="600"]26-19 Кве­так у Іры­ны шмат.[/caption]

Дзверы існуюць для таго, каб іх адчыняць

Некаторыя пры першых цяжкасцях апускаюць рукі, але Ірына не з такіх. Гэта, наадварот, яе толькі стымулюе. Нешта не стыкуецца? Будзем вырашаць.

— Памятаеце, калі ўзніклі складанасці пры пераафармленні ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы? — узгадвае яна. — Дык я была «наперадзе планеты ўсёй», адной з першых у вобласці пачала гэтым займацца. Паспрабавала і бачу: нічога не атрымліваецца. Трэба касавы апарат зарэгістраваць, а гэта немагчыма, пакуль няма пасведчання аб рэгістрацыі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства. І наадварот. І такіх недарэчнасцяў шмат. Адным словам, механізм не працуе. Я патэлефанавала ў Міністэрства эканомікі і ў Магілёў прыслалі прадстаўніка. На сустрэчы ў аблвыканкаме, куды і мяне запрасілі, гэтае пытанне было дасканала разгледжана спецыялістамі. А праз тыдзень выйшла дапаўненне да закона. Прыемна, што там улічылі ўсе мае прапановы. Я сутыкаюся з каверзамі ўсё сваё жыццё. Але дзверы і існуюць для таго, каб іх адчыняць.

Аграэкатурзм — перспектыўны бізнес, але і тут ёсць свае складанасці. «Вось нядаўна атрымала крэдыт па дзяржпраграме, пачала будавацца — і раптам выдачу крэдытаў «замарозілі», — дзеліцца набалелым Ірына. — Я чалавек эмацыйны, напісала пісьмо на сайт Міністэрства эканомікі і ў праўленне Белаграпрамбанка. Так і так, маўляў, я сумленная падаткаплацельшчыца, патрыётка, імкнуся працаваць на карысць краіны, развіваць турпаслугі, чаму мне перашкаджаюць? Не паверыце, праз 2 дні крэдытная лінія была адноўлена».

І вока радуюць, і амлет гарантаваны

У гасціннай сядзібе Ірыны ёсць усё, што трэба для адпачынку — утульныя жылыя пакоі, лазня, кветнік, нават парк, які яна нядаўна заклала і збіраецца сабраць у ім калекцыю дрэў, характэрных для Беларусі. Цікавасць да аграсядзібы паступова расце. Нядаўна гасцілі супрацоўнікі адной сур'ёзнай арганізацыі з Магілёва. У калектыў прыйшлі новыя людзі, трэба было згуртавацца. Нехта параіў ім «У сяброў», вось яны і прыехалі. Ад Магілёва да аграсядзібы ўсяго 12 кіламетраў — не адлегласць для тых, хто на колах. Пасля іх візіту Ірына не паспявала атрымліваць удзячныя эсэмэскі.

Турыстаў вабіць яшчэ і тое, што па садавіну і гародніну ў Ірыны далёка хадзіць не трэба — усё побач. Ды яшчэ і ў прыгожым афармленні. Паміж градамі бетонныя сцежкі, можна нават на абцасах хадзіць. І пра свойскія яйкі не трэба думаць, дзе набываць. У Ірыны свая падсобная гаспадарка. У будучыні яна плануе арганізаваць гадавальнік для развядзення курэй і завесці сапраўдных экзотаў накшталт кучаравых і кітайскіх шоўкавых. Карысць двайная — і вока радуюць, і амлет гарантаваны. Ахвотныя змогуць набываць і яйкі, і куранят. Непадалёк ад сядзібы знаходзіцца страусінае ранча, дзе, акрамя самых вялізарных афрыканскіх птушак ёсць коні і вослік. І магчымасць на іх пакатацца.

[caption id="attachment_102661" align="alignnone" width="600"]26-18 Са­жал­ка штуч­ная, а гар­ла­чы­кі са­праўд­ныя.[/caption]

Калі мне дрэнна, еду ў Грудзінаўку

Па праграме развіцця турызму ў Беларусі запланавана адраджэнне ўнікальнага комплексу ХІХ стагоддзя ў вёсцы Быхаўскага раёна Грудзінаўка. Але грошай, каб выратаваць ад разбурэння сядзібу роду Талстых і старадаўні парк, не хапае. Сёння ў інтэрнэце шмат водгукаў заклапочаных занядбаным выглядам гэтага месца. Баліць сэрца па гісторыка-культурнай каштоўнасці і ў Ірыны. Прычым не проста баліць, яна гатова дапамагчы не толькі словам, але і справай.

— Я гатова закансерваваць гэты аб'ект, — бярэ на сябе адказнасць яна. (І я бачу, што не жартуе.) — Балюча глядзець на тое, што такая прыгажосць гіне. Месца незвычайнае: калі мне дрэнна, я еду ў Грудзінаўку, хаджу па закінутых алеях — і мне лягчэе. Трэба хаця б не даць палацу памерці. Мне прапанавалі яго выкупіць, але дзе ўзяць такія грошы? Гэта ж мільёны долараў. Без дапамогі дзяржавы там рабіць няма чаго. Але адрамантаваць дах я ў стане. Забіць вокны, каб туды не траплялі дождж і снег, па сутнасці, можа любы. У сацсетках бясконца расказваюць, як з'ездзілі ў Грудзінаўку, пагулялі па пакоях, а я ім пішу: чаго дарэмна гуляеце, давайце лепш разам папрацуем. Мяне падтрымалі толькі некалькі чалавек. Але гэтага недастаткова. Можа, чытачы «Звязды» адгукнуцца? Сцены стаяць, матэрыяламі я забяспечу, абедамі таксама. Трэба толькі рукі, якія прыб'юць метал і збяруць смецце. Вось адрас маёй электроннай пошты: Іrіnasemerіkova2011@yandex.by

Каментарыі на тэму:

Метадыст абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Ганна Гладкова:

— Аграэкатурызм спрыяе развіццю сельскай мясцовасці, турыстычнай інфраструктуры, садзейнічае стварэнню працоўных месцаў. У вобласці існуе адпаведная грамадская рада, якая штогод арганізоўвае семінары-практыкумы, «круглыя сталы», трэнінгі. Праводзіцца конкурс на самую лепшую аграсядзібу, пераможцы якога атрымліваюць прызы. Усё гэта спрыяе з'яўленню новых. Калі ў 2013 годзе было 162 аграсядзібы, а ў 2014-м — 189, то цяпер — 204. Летась іх паслугамі скарысталіся больш за 37 тысяч чалавек.

Старшыня абласнога грамадскага Савета па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці пры ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Кулягін:

— У павелічэнні колькасці аграсядзіб, пашырэнні паслуг і іх якасці зацікаўлены любы рэгіён, бо гэта садзейнічае развіццю турыстычнай інфраструктуры. Для турыста, які падарожнічае на аўтамабілі, веласіпедзе ці пешшу, з'яўляецца добрая магчымасць атрымаць камфортны начлег, смачную хатнюю ежу, комплекс аздараўленчых паслуг — папарыцца ў лазні, адпачыць на прыродзе. Мы арыентуем нашы аграсядзібы на тое, каб яны выбіралі нейкую спецыялізацыю, стваралі міні-кластар, аб'ядноўваліся ў эфектыўныя групы і прапаноўвалі максімум разнапланавых цікавых паслуг. Напрыклад, у Дрыбінскім раёне актуальны шапавальны кластар, у Слаўгарадскім — сырны. Што датычыцца аграсядзібы «У сяброў», там прапаноўваюць яшчэ і сельскагаспадарчую прадукцыю, ёсць магчымасць наведаць страусінае ранча.

Указ Прэзідэнта №372 вельмі добра паўплываў на развіццё аграэкатурызму. Шмат хто на сяле актыўна стаў займацца гэтым відам дзейнасці, укладваць свае сродкі. Гэта паспрыяла адраджэнню вёскі, бо ўладальнікі аграсядзіб знаходзяцца ў цеснай сувязі з суседзямі, якія забяспечваюць іх мяса-малочнымі прадуктамі хатняй вытворчасці, гароднінай і садавіной. Сама аграсядзіба, як правіла, усім самастойна займацца не можа. Плюс яшчэ і ў тым, што адраджаюцца нейкія традыцыі, промыслы, узгадваецца гісторыя краю: турыстам трэба нешта расказаць і паказаць. Аграсядзібы сябруюць з рамеснікамі або самі ствараюць нейкую сямейную прадукцыю. І цікавасць іншаземцаў да нас павялічваецца.

Насцярожвае, што зараз абмяркоўваецца пытанне павелічэння падатку з уладальнікаў аграсядзіб. Змены могуць сур'ёзна перашкодзіць гэтаму віду дзейнасці. Людзі хвалююцца, што ён стане для іх стратным, бо ёсць аграсядзібы, якія перыядычна пустуюць. Асабліва тыя, якія знаходзяцца ў аддаленні ад абласнога цэнтра і буйных гарадоў. Ёсць прыклады, калі людзі збіраліся падключыцца да справы, але перспектыва такіх вось перамен разахвоціла іх займацца гэтым.

Нельга разбураць тое, што створана. Вось яскравы прыклад. Праз Магілёўскую вобласць праходзіць траса Санкт-Пецярбург—Адэса. Ва Украіне неспакойна, і адбыўся вялікі спад транзітных турыстаў. Тыя аграсядзібы, якія знаходзяцца на трасе, страцілі каля 50% сваіх даходаў. Калі іх паставіць перад новымі выпрабаваннямі, яны проста перастануць існаваць. Так быць не павінна. Мы транзітная дзяржава, звязваем Еўропу і Усход, і нам проста неабходна займацца ўязным турызмам.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.