Вы тут

Цюхініцкія кавуны падобныя да... ананасаў


Пад Брэстам фермеры паспяхова вырошчваюць бахчавыя культуры.

Ці думалі раней гараджане Ірына і Віталь Кутавенкі, што стануць некалі фермерамі і праца на зямлі будзе прыносіць ім сапраўднае задавальненне? Зусім не. Але жыццё, бывае, само падказвае правільныя кірункі і рашэнні. Так і з імі было. Спачатку купілі хутар пад дачу непадалёку ад Брэста, побач з вёскай Цюхінічы. Потым высадзілі на месцы старога сада, які застаўся ад папярэдніх гаспадароў, маладыя яблынькі і грушы. Сад меркавалі расціць для сябе, для сваіх дзяцей, але... Зацікавіліся элітнымі сартамі садавіны, атрымалі добры ўраджай, і, як гэта нярэдка бывае, першы поспех натхніў.  Паступова пашырылі плошчы пад яго, сталі эксперыментаваць, а потым і не заўважылі, як новая справа захапіла. Сталі цікавіцца літаратурай, звяртаць увагу на тэхналогіі.

[caption id="attachment_102664" align="alignnone" width="600"]26-21 Дэ­гус­та­цыя ў по­лі.[/caption]

Было гэта гадоў дзесяць таму. Прадпрымальнікі Кутавенкі тады пакінулі свой невялікі бізнес у горадзе і канчаткова перабраліся ў вёску. Неўзабаве зарэгістравалі фермерскую гаспадарку «ВераВіта». Над назвай асабліва не думалі, а паставілі ў рад імёны сваіх дачушак. Атрымалася вера ў жыццё («віта» на латыні азначае «жыццё»). Тады дзяцей было двое, цяпер іх у Ірыны і Віталя пяцёра: сям'я расла разам з гаспадаркай.

Цюхініцкія фермеры нядрэнна зарабляюць і на вырошчванні садавіны. Але ў мінулым годзе захацелі паспрабаваць расціць кавуны. Многа пра гэта расказвалі сродкі масавай інфармацыі. Аказваецца, кавуны ўжо растуць нават у Омскай вобласці. Ды і ў суседняй Польшчы бахчавымі даўно займаюцца. «Клімат у нас з заходняй суседкай аднолькавы, дык чаму б не паспрабаваць?» — разважала Ірына.

Кавун, як высветлілася, культура патрабавальная. Трэба дакладна захоўваць тэхналогію, каб атрымаць добры ўраджай. Цюхініцкія гаспадары спачатку вырошчваюць расаду. Насенне высаджваюць у спецыяльныя пасудзіны і змяшчаюць у цяпліцу ў красавіку. Калі парасткі дасягаюць прыкладна васьмі сантыметраў, іх садзяць не проста ў грунт, а на спанбонд, зверху таксама накрываюць ім. Потым, калі добра пацяплее, спанбонд здымаюць, тады кавуны набіраюць сілу пад лагодным летнім сонцам.

Сёлетні ўраджай парадаваў фермераў. Асобныя ягады дасягалі 15 кілаграмаў вагі. Гаспадарка «ВераВіта» вырошчвае аж 12 сартоў кавуноў. Сярод іх — «Лэдзі», «Мілэдзі», «Васка», «Імбар». Апошні, вырашчаны з краснадарскага насення, вельмі цікавы тым, што кавуны гэтага сорту маюць не звыклы чырвоны колер мякаці, а жоўты. А на смак яны нагадваюць ананас. Праўда, пакуль што вырашчана пробная яго партыя, бо насенне «Імбара» вельмі дарагое. Але і чырвоныя традыцыйныя кавуны атрымаліся сёлета вельмі сакавітымі і смачнымі. На плошчы ў чатыры гектары Кутавенкі ўжо сабралі 30 тон ягад, а ўсяго сёлетні валавы збор яны плануюць давесці да сотні тон. Свой ураджай фермеры прадаюць праз гандлёвыя пункты ў Брэсце і Брэсцкім раёне, працуюць яны і з нарыхтоўшчыкамі. Цяпер у адным толькі абласным цэнтры яны маюць каля дзесяці пунктаў продажу. Плануюць прадаваць сакавітыя ягады і на восеньскіх кірмашах.

Сёння фермерская гаспадарка мае ў карыстанні 12 гектараў зямлі. Перспектыўным напрамкам застаецца і садаводства. Пасля ўзвядзення плодаагароднінасховішча яблыкі і грушы Кутавенкі прадаюць аж да мая.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.