Вы тут

Незвычайная вёска,


у якой дарослыя жыхары працуюць 24 гадзіны ў суткі.

15 двухпавярховых будынкаў пасёлка Вопытны, што побач з Бараўлянамі, звонку нагадваюць дагледжаныя і ўтульныя катэджы заможных беларусаў. На паперы яны значацца як дзіцячая вёска «Вытокі». Жыхары яе — дзеці-сіроты ці тыя, што страцілі бацькоўскую апеку, і дарослыя, якія працуюць бацькамі-выхавальнікамі.

[caption id="attachment_102665" align="alignnone" width="600"]26-22 Ды­рэк­тар «Вы­то­каў» Тац­ця­на Сла­бо­дзіч — жа­да­ны госць у кож­ным до­ме.[/caption]

Дзіцячая вёска — альтэрнатыва дзіцячым дамам, створаная для прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва. У кожным доме разам жывуць бацькі і дзеці: родныя і няродныя. Аднак, не ведаючы, нізавошта не здагадаешся, дзе свае, а дзе прыёмныя, бо практычна ўсе называюць бацькоў мама і тата і лічаць адно аднаго сёстрамі і братамі.

Кіраўніцтва вёскі, якое таксама знаходзіцца ў адным з дамоў, стараецца не парушаць межаў сям'і і не заходзіць у жылыя катэджы без асаблівай патрэбы. Кантраляваць выхаваўча-працоўны працэс спецыяльна не трэба — усё навідавоку, як у сапраўднай вёсцы.

Бацькі-касманаўты

Ля кожнай хаты — свой невялічкі зямельны надзел. Пакуль шукала адміністрацыйны будынак, нагледзелася на кветнікі, лаўкі, дэкаратыўныя сцяжынкі і нават невялічкія грады. Мамы працуюць у «Вытоках» на поўную стаўку, таты — на палову стаўкі, бо днём яны выпраўляюцца на працу ў горад, а вечарам прыязджаюць дахаты. Усё, як у сапраўднай сям'і.

— Самая адметная рыса нашай вёскі ў тым, што прыёмнымі бацькамі працуюць сем'і: і тата, і мама — і мы гэтым вельмі ганарымся, — заўважыла на пачатку размовы Таццяна СЛАБОДЗІЧ, дырэктар дзіцячай вёскі «Вытокі». — Нашы дзеці бачаць правільную мадэль сям'і, дзе мама — ахоўніца ачага, тата — здабытчык і галава, яго слова важкае, аднак не супярэчыць матулінаму. Дарэчы, менавіта таты, як правіла, ініцыятары працаваць у нас, і менавіта яны першымі безумоўна і абсалютна прымаюць дзяцей як сваіх родных.

Існуе яшчэ адна частка дзяржаўнай дзіцячай вёскі — у пасёлку Крынічны, што каля Ждановіч, якая адкрылася на год раней, у 2009-м. Там жыве дзевяць сем'яў, большасць бацькоў у якіх да ўладкавання ўжо мела вопыт прыёмнага бацькоўства. Менавіта «бацькі са стажам» найбольш мякка і гарманічна ўпісваюцца ў такую форму сямейнага ўладкавання дзяцей, як дзіцячая вёска.

Усе бацькі, што працуюць у «Вытоках», прайшлі грунтоўную псіхалагічную і адукацыйную падрыхтоўку. Адзін з асноўных крытэрыяў конкурснага адбору — псіхалагічная настроенасць на работу з дзецьмі. Сваіх дзяцей мець неабавязкова, але ж без здольнасці і жадання аддаць сябе выхаванню, практычна адмовіўшыся ад папярэдняга ладу жыцця, лічы, нічога не атрымаецца.

— Наша праца цяжкая, бо яна кругласутачная, як і ў любых бацькоў. Ніхто ж не скажа свайму дзіцяці: «Прабач, я не буду сёння размаўляць з табой, таму што ў мяне выхадны», — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — Працаваць даводзіцца не са станкамі, а з дзіцячымі душамі і жыццямі, якімі мы не можам рызыкаваць, так што адбор у нас — гэта як падрыхтоўка ў касманаўты. Некаторыя прыходзяць у «ружовых акулярах», упэўніваюць, што ў іх шмат нерастрачанай любові, часу і ідэй. Аднак праз нейкі час разумеюць, наколькі тут цяжка, асабліва калі дзяцей не двое-трое, а 10 і яны за свае пяць-шэсць гадоў жыцця пабачылі столькі, што не кожны дарослы можа ўявіць.

Дзень кабачка

Каб выйсці за тэрыторыю вёскі з дзецьмі, трэба папярэдзіць кіраўніцтва, а калі хочаш паехаць у горад ці адправіцца ў падарожжа па Беларусі, мусіш аформіць паперы. Аднак гэта мера засцярогі, а не кантролю, бо адказнасць за дзяцей у першую чаргу ляжыць на дырэктары. Згодна са статутам «Вытокаў», ён з'яўляецца апекуном усіх выхаванцаў, якіх сёння 109 чалавек.

У астатнім усё, як у звычайных сем'ях. Дзеці займаюцца ў бараўлянскай школе, наведваюць аднакласнікаў, іх сябры таксама прыходзяць на тэрыторыю ў госці. Бацькі возяць малых у развіваючыя гурткі і секцыі, некаторыя з іх займаюцца там ужо сур'ёзна і прафесійна. Так атрымалася, што вытокаўцы больш схільныя да спартыўнай «тэматыкі». Футбол, барацьба, рэдкія (бо вельмі дарагія) заняткі картынгам у Баравой. У вёсцы ў Крынічным развіты музычны напрамак, працуе нават гурток цырульнага майстэрства пад кіраўніцтвам адной з мам.

Увогуле, амаль усе мерапрыемствы вёскі арганізуюцца намаганнямі і стараннямі бацькоў: спартыўныя «Вясёлыя старты», свята ўраджаю, дзень кабачка. Да Дня маці, дарэчы, дзеці будуць пячы для матуль прысмакі, а затым усе разам паласуюцца імі.

— Штодзённа ў нашым адміністрацыйным будынку адбываюцца розныя трэнінгі і мерапрыемствы для дзетак, мы стараемся арганізоўваць для іх экскурсіі, але не забываемся і пра бацькоў, — дадае Таццяна Слабодзіч. — Нашы сапраўдныя сябры — дабрачынная асветніцкая ўстанова «Добрыя перспектывы» —
у мінулым годзе ўстанавілі выдатную практыку: раз на месяц для кожнай сям'і яны арганізоўвалі дзень «рэлаксу» — бацькам давалі магчымасць пабыць удваіх: пайсці ў кіно ці тэатр, каб на нейкі час цалкам змяніць абстаноўку. З дзецьмі ў гэты час займаліся супрацоўнікі арганізацыі.

[caption id="attachment_102666" align="alignnone" width="600"]26-23 Такія вочы і ўсмешкі могуць быць толькі ў шчаслівых дзяцей і бацькоў.[/caption]

Родныя — тыя, што выхавалі

Адзін са станоўчых момантаў сямейнага выхавання дзяцей у вёсцы — іх уменне рабіць літаральна ўсё па гаспадарцы і веданне акалічнасцяў догляду сябе, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Перш за ўсё гэта фінансавая дасведчанасць, што вынікае з самастойных паходаў у краму. Дзяўчаткі на прыкладзе маці вучацца кухонным і бытавым клопатам пра сям'ю: гатаваць, мыць, прасаваць. Хлопцы ўмеюць і цвікі забіваць, і мэблю рамантаваць, і ў машынах разбіраюцца, і ў электрыцы. І тут татава аўтарытэтная роля вельмі важная, бо нават правільна галіцца без нагляднага прыкладу навучыцца цяжка.

Вытокаўцы, як правіла, ведаюць і памятаюць сваіх біялагічных бацькоў, многія з якіх жывуць побач, у Бараўлянах. Аднак жаданне аднавіцца ў правах і забраць дзіця дадому выказваюць адзінкі. Большасць проста час ад часу наведваюць выхаванцаў вёскі.

— Мы не перашкаджаем стасункам дзяцей з іх біялагічнымі бацькамі, хоць я як маці-выхавальніца не магу зразумець, чаму яны ці іх сваякі не хочуць, каб малыя жылі з імі, — заўважыла Таццяна Уладзіміраўна. — У асноўным нашы дзеці нармальна ўспрымаюць такія наведванні. Яны гутараць з бацькамі, забіраюць падарункі і спакойна вяртаюцца да прыёмных бацькоў.

Як правіла, дзеці жывуць у «Вытоках» да паступлення ў каледжы, тэхнікумы ці ВНУ, пасля чаго выходзяць на самастойны шлях. Аднак не заўсёды выхаванцы і бацькі хочуць расставацца. Пакуль дзеці вучацца ва ўстановах, на іх афармляецца патранатнае выхаванне, каб мець магчымасць забіраць дахаты на канікулы і выхадныя.

Кладоўка для абутку і баксёрская груша

Каб паглядзець, як выглядае катэдж знутры, я разам з Таццянай Уладзіміраўнай завітала ў госці да сям'і Бандарэвічаў.

Першае адчуванне — унутры дома — шмат прасторы і... вышыні. Адразу пасля ўваходу трапляеш у хол-гасцёўню, дзе сям'я бавіць час разам. За ёй — пакой для гульняў, дзе, апроч іншага, вісіць баксёрская груша і стаіць піяніна. Велізарная кухня са сталом такіх памераў, што за ім можна смела святкаваць юбілеі (аднак, як мне патлумачылі, удзесяцёх за ім усё ж цеснавата, можна хаця б яшчэ з паўметра дадаць). На першым паверсе месцяцца таксама пакой для гасцей, асобная кладоўка для абутку і ванны пакой, які памерамі хутчэй нагадвае маленькую пральню.

Драўляная лесвіца вядзе на другі паверх. У старэйшых дзяўчат Дзіяны і Юлі тут асобныя пакоі, Сяргей і Максім — разам у адным, Дзіма і Ілья — у другім, Віка і Каця — таксама ў сваім. Непадалёк бацькоўская спальня, асобныя санвузлы для хлопцаў і дзяўчат і яшчэ адна кладоўка памерам з невялікі пакой.

Усяго ў сям'і восем дзяцей, аднак на час майго візіту дома былі чацвёра. Астатнія хто на вучобе, хто ў ад'ездзе. Дзеці крыху саромеліся мяне, аднак па вачах было відаць, як яны ганарацца, дэманструючы свае пакоі, і як задаволены маімі роспытамі.

— Я сама выбрала дызайн у цёмных тонах, бо мне так падабаецца, а бацькі ўсё аплацілі, — кажа Дзіяна, якая сёлета заканчвае школу. Яна трапіла да Вольгі і Сяргея ўжо дарослай і вельмі хацела, каб яе ўдачарылі, але з-за пэўных абставін гэта было немагчыма. Аднак зусім нядаўна справа вырашылася, і, пэўна, хутка на адно роднае дзіця ў Бандарэвічаў стане больш.

Юля вучыцца ў 10-м класе, менавіта яна заказала ў якасці падарунка ад Дзеда Мароза баксёрскую грушу. Максім, які вярнуўся са школы акурат да майго адыходу, — аматар турніка. Дзевяцікласнік Сяргей любіць гантэлі і добра кулінарыць, варыць смачны суп. Віка — родная дачка Вольгі і Сяргея — любіць іграць на піяніна.

Вядро бульбы

На абед вялікай сям'і патрэбна не менш за вядро бульбы, якая гатуецца ў вялікай каструлі.

— Напэўна, найбольш часу я праводжу на кухні за гатаваннем ежы, хоць дзеці і дапамагаюць, — кажа мама Вольга. — Яны тут завіхаюцца таксама шмат. Нават урокі ўмудраюцца за сталом рабіць, а паралельна яшчэ і гутарыць. У нас бесперапынны «канвеер» прыёму ежы.

Бацькамі ў «Вытоках» сям'я працуе ўжо тры гады. Калі наведваюцца ў сваю трохпакаёвую кватэру ў Мінску, ім здаецца, што там цесна.

Сям'я Бандарэвічаў любіць падарожнічаць. Сёлета наведалі «Лінію Сталіна», ездзілі на Мінскае мора. Праўда, каб пакупацца на Вячы, напрыклад, прыйшлося два рэйсы рабіць на аўтамабілі. Сяргей — прынцыповы прыхільнік адпачынку ў Беларусі, аднак дзяўчаты кажуць, што хацелі б на Чорнае мора.

— У нашай сям'і дэмакратыя: кожны мае права голасу, а я прымаю рашэнне, выслухаўшы ўсіх, — адказвае бацька.

Калі дзеці крыху да мяне прызвычаіліся, я даведалася і пра кошку Багіру, якая цягала цукеркі з матулінай сумкі і сама выкідвала абгорткі; і пра кажана, якога яны ў вёсцы кармілі морквай; і пра чарапашку, якую спрабавалі аднесці на сметнік, бо думалі, што яна памерла, але па дарозе тая варухнула лапкай...

Дырэктар — прыёмная мама

Кіраўніца «Вытокаў», якія з'яўляюцца дзяржаўнай установай адукацыі, таксама не звычайны чыноўнік, а прыёмная мама.

— Я заўжды хацела прыёмнае дзіця, бо сама вырасла ў вялікай сям'і, а ў мяне быў толькі адзін сын. Сваю першую прыёмную дачку я шукала, так атрымалася, дзевяць месяцаў. Мне прапанавалі ўзяць Святлану, і мы з мужам пагадзіліся. Тады ёй было пяць, а нашаму сыну — тры. Спачатку я ніяк не магла прызвычаіцца да новай ролі, толькі праз тры гады канчаткова да дзяўчынкі прыкіпела і адчула, што гэта маё дзіця, — расказвае Таццяна Слабодзіч.

З цягам часу ў яе «з'явілася» сямёра прыёмных дзетак. Адна з іх — Каця Карагіна, вядомая на ўсю Беларусь маленькая спявачка, за якую краіна «хварэла» падчас тэлевізійнага праекта АНТ «Я пяю. Сезон-2010».

— Зараз у мяне ўжо тры выпускнікі, якія трапілі да мяне падлеткамі. Адзін вучыцца ў Ваеннай акадэміі, другі — у БНТУ, трэці — у вучылішчы. І ўсе прыязджаюць да мяне, а не да біялагічных бацькоў, і я ўсімі імі ганаруся і шчаслівая ад таго, што яны ў мяне ёсць!

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?