Вы тут

Галоўнае — каб была вытворчасць


Учора на Беларускім металургічным заводзе была запушчана новая вытворчая лінія.

Удзел у запуску новай вытворчай лініі — драбнасортна-драцянога стана прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Увод у строй дадзенай лініі дазволіць заводу збалансаваць вытворчасць сталі з яе паглыбленай перапрацоўкай. Фактычна гаворка ідзе аб выпуску ўжо не проста нарыхтовак, а канчатковай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам.

26-39

Падчас наведвання БМЗ кіраўніку дзяржавы далажылі аб далейшых перспектывах развіцця вытворчасці. Закранулі таксама і тэму эфектыўнасці кіравання прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у структуру холдынга «Беларуская металургічная кампанія». Кіраўнік дзяржавы даручыў да 1 студзеня прыняць рашэнне па некаторых праблемных пытаннях.

Прэзідэнт паведаміў, што магчымасць аказання падтрымкі Беларускаму металургічнаму заводу будзе разгледжана ў найбліжэйшы час. Падрыхтаваны адпаведны праект указа кіраўніка дзяржавы. Гаворка ідзе аб адтэрміноўцы часткі выплат па крэдытах БМЗ шляхам выпуску прадпрыемствам аблігацый і размяшчэння іх у дзяржаўных банках. Такім чынам, на найбліжэйшыя гады прадпрыемства зможа вызваліць абаротныя сродкі і накіраваць іх на развіццё і атрыманне дадатковага прыбытку, а пазней ажыццявіць выкуп аблігацый.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што адпаведны праект указа разгледзяць як мага хутчэй і будзе прынята канкрэтнае рашэнне. Аднак пры гэтым ён паставіў шэраг умоў. Адна з іх, каб працэнты па размяшчаемых аблігацыях былі прадугледжаны на мінімальна магчымым узроўні. «Для нас галоўнае, каб была вытворчасць. Перш чым я падпішу ўказ, вы (звяртаючыся да чыноўнікаў. — Заўвага БЕЛТА) мне гэта на стол усё пакладзяце: гарантыі, што мы не страцім прадпрыемства, што банкі не змогуць гэтыя аблігацыі прадаць некаму. Мне патрэбна бяспека і гарантыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ адна ўмова тычыцца скарачэння выдаткаў на вытворчасць і істотнага зніжэння сабекошту вырабленай на БМЗ прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы вярнуўся да гэтай тэмы і ў час размовы з работнікамі прадпрыемства. Ён адзначыў, што праблема рэалізацыі і кошту прадукцыі з'яўляецца галоўнай ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусветных рынках, асабліва ў сённяшніх эканамічных рэаліях. Прэзідэнт растлумачыў, што пры рэзкім абвале сусветных цэн на металапрадукцыю прадпрыемству складана абслугоўваць і выплачваць крэдыты, узятыя раней пад стварэнне новай вытворчай лініі.

«Ваша кіраўніцтва звярнулася з просьбай прыняць меры, каб вы маглі працаваць. Мы дамовіліся — члены ўрада, міністр, ваша кіраўніцтва, што ў найбліжэйшы час мы разгледзім гэтае пытанне разам і мною будзе прынята рашэнне. Вядома, мы не можам спыніць завод. Але вы не адзіныя, хто просіць падтрымкі ў гэты цяжкі час», — адзначыў беларускі лідар.

«Скарачаць сабекошт, затраты на вытворчасць прадукцыі вам давядзецца. Калі вы гэтага не зробіце, я нават і разглядаць указ аб падтрымцы прадпрыемства па крэдытах не буду. Кажу вам гэта шчыра і сумленна, нягледзячы на палітычны момант», — заявіў Прэзідэнт.

Падчас гутаркі з работнікамі БМЗ Аляксандр Лукашэнка закрануў і надзённыя для грамадства пытанні.

Мяжа пад надзейнай аховай

Пытанні бяспекі на беларуска-ўкраінскай граніцы знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва краіны, і Беларусь здольна выставіць надзейны заслон спробам пранікнення бандытызму на сваю тэрыторыю, пра што заявіў Прэзідэнт. Ён канстатаваў наяўнасць пэўных праблем, што прыходзяць з Украіны, з якімі ў Беларусі вымушаны змагацца шляхам умацавання пагранічнай бяспекі. «Я ўжо не кажу аб наркотыках... Зброю, аўтаматы, боепрыпасы вязуць, самі едуць сюды. Мы ўмацоўваем граніцу. Мы яе поўнасцю закрылі, а цяпер узвядзём інжынерныя збудаванні, каб мыш не прапаўзла. Мы забяспечым бяспеку сваёй краіны», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Я многіх украінцаў ведаю, якія прыехалі. Мы стараемся забяспечыць усіх работай. Але мы цяпер будзем вельмі сур'ёзна ўсіх сартаваць, каб сюды бандыты не прыехалі, якія хочуць дэстабілізаваць становішча ў Беларусі. А тыя, хто прыехаў жыць і працаваць, — калі ласка», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб мігрантах з Блізкага Усходу

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на праблемы з масавым прытокам мігрантаў з дзяржаў Блізкага Усходу, якія назіраюцца цяпер у краінах Еўрасаюза, гэты паток не хлыне ў Беларусь. «Мы не Еўрасаюз, не Амерыка. Мы там не ваявалі. Гэта яны разбурылі гэтыя дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён нагадаў аб забойствах Муамара Кадафі, Садама Хусэйна, якія няхай, магчыма, і не вызначаліся дэмакратычным стылем праўлення, але трымалі пад кантролем сітуацыю ў сваіх краінах, што ўплывала і на рэгіянальную бяспеку ўвогуле. «Яны (Захад. — Заўвага БЕЛТА) поўнасцю дэстабілізавалі арабскі Усход і атрымалі тое, што хацелі. Таму гэта іх праблема, і няхай яны з ёй разбіраюцца. Гэтага наплыву (у Беларусь. — Заўвага БЕЛТА) не будзе», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што адна з галоўных праблем Беларусі — гэта дэмаграфічная сітуацыя, і ў прынцыпе краіна зацікаўлена ў павелічэнні насельніцтва, у тым ліку за кошт мігрантаў. Аднак рэзкая аднамомантавая міграцыя вялікай колькасці людзей не можа не ствараць пэўных праблем, у тым ліку ў частцы росту злачыннасці, незадаволенасці карэннага насельніцтва. «У нас няма пакуль праблем з гэтым і не будзе. Я вам гэта гарантую. Мы тут у нейкую дэмакратыю гуляць не маем намеру», — заявіў Прэзідэнт, адзначыўшы пры гэтым, што Беларусь не закрывае граніцу для тых людзей, якія трапілі ў бяду.

Аб магчымасцях АЭС

«З увядзеннем у строй Беларускай атамнай электрастанцыі ў краіне маюць намер пашырыць сферы выкарыстання электраэнергіі», — расказаў Прэзідэнт. Цяпер Беларусь вымушана часткова імпартаваць электраэнергію або выкарыстоўваць для яе вытворчасці прыродны газ, які таксама нятанны. У той жа час з уводам праз некалькі гадоў БелАЭС у краіне наадварот з'явіцца лішак электраэнергіі, які неабходна неяк выкарыстоўваць.

«Таму я даручыў ураду знайсці варыянт, што мы будзем з гэтай электраэнергіяй рабіць. Значыць, будзем гэты напрамак у краіне развіваць: газавыя пліты на кухні заменім і да электрамабіляў. Вопыт ёсць», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама не выключыў магчымасці таго, што для заахвочвання насельніцтва да больш шырокага выкарыстання электраэнергіі ў тых ці іншых сферах у шэрагу выпадкаў будуць уводзіцца больш нізкія цэны.

Аб адмове ад тэлеэфіру

Закраналася падчас сустрэчы з калектывам БМЗ і выбарчая тэматыка. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы растлумачыў прычыны, з якіх ён не скарыстаўся эфірным часам, што прадастаўляецца кандыдатам у Прэзідэнты на тэлебачанні і радыё. Як адзначыў беларускі лідар, само па сабе яго выступленне ў тэлеэфіры не з'яўляецца праблемай, яго заява па тых або іншых актуальных пытаннях і цяпер практычна штодзённа паказваецца тэлеканаламі. «Я лічу, што павінен неяк на практыцы рэагаваць на працэсы, што адбываюцца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ну што, я сяду за экран і раскажу, якая ў нас будзе адукацыя або ахова здароўя? Той, хто сочыць за маёй палітыкай, цудоўна ведае мае падыходы: адукацыя і ахова здароўя павінны быць у асноўным бюджэтнымі. Дзяцей, старых будзем берагчы як зрэнку вока».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават у перыяд перадвыбарнай кампаніі ў большай ступені займаецца практычнымі пытаннямі развіцця краіны, робіць розныя замежныя візіты. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, праанансаваў, што ў бліжэйшы час у яго павінна адбыцца сустрэча з кіраўніком Міжнароднага валютнага фонду для абмеркавання магчымасцей супрацоўніцтва. Акрамя таго, чакаецца ўдзел у саміце ААН, запланавана шмат сустрэч з лідарамі замежных дзяржаў. «Думаю, у мяне будзе яшчэ магчымасць звярнуцца да вас і сказаць літаральна некалькі слоў на працягу 5-7 хвілін напярэдадні выбараў», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

* * *

Прэзідэнт заклікаў прысутных любіць сваю краіну, падтрымліваць у ёй парадак і бяспеку. «Чалавек павінен любіць сваю краіну і быць упэўнены, што гэта яго дом, цёплы і ўтульны. Гэта клопат Прэзідэнта. Як-ніяк мы забяспечваем гэта. Далей горш не будзе. Я вам гарантую», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе сацыяльныя і палітычныя катаклізмы ў дзяржавах амаль заўсёды выкліканы ўнутранымі прычынамі. Прыклад таго — суседняя Украіна, дзе злачыннасць і карупцыя прывялі да самых цяжкіх наступстваў.

«Які б у вас ні быў Прэзідэнт, ён таксама не без недахопаў, але ні ён, ні яны (чыноўнікі. — Заўвага БЕЛТА) не раскралі краіну. Мы яе не разбурылі. Хапае праблем. Але, калі народ бачыць, што гэтая ўлада не злачынная, ён перацерпіць, перанясе ўсё. А калі мы акунёмся ў карупцыю, ліхадзейства, расцягнем, раздзелім краіну, мы хутчэй рухнем, чым Украіна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.