Вы тут

Вызначаецца новы парадак дня


Саміт ААН па пытаннях развіцця праходзіць у Нью-Ёрку.

З учарашняга дня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку праходзяць мерапрыемствы высокага ўзроўню 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у тым ліку Саміт ААН — 2015 па пытаннях развіцця. Гэта, як заўважыў на чарговым брыфінгу Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства знешніх спраў, найбольш важная падзея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый за апошнія гады.

Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што «на Саміце чакаецца ўхваленне новага парадку дня ўстойлівага развіцця на найбліжэйшыя 15 гадоў».

Удзельнікі Саміту ААН — 2015 падвядуць вынікі рэалізацыі Мэт развіцця Дэкларацыі тысячагоддзя, прынятай кіраўнікамі дзяржаў у 2000 годзе. Як паведаміў Дзмітрый Мірончык, наша краіна паспяхова выканала пяць з васьмі Мэт развіцця: выкараніла крайнюю галечу і голад, забяспечыла ўсеагульную пачатковую адукацыю, знізіла мацярынскую і дзіцячую смяротнасць, дамаглася прагрэсу ў забеспячэнні роўнасці мужчын і жанчын.

— Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, гэты паказчык выканання Мэт развіцця тысячагоддзя з'яўляецца высокім у параўнанні з іншымі дзяржавамі свету, — звярнуў увагу прэс-сакратар МЗС.

Па інфармацыі, агучанай на брыфінгу, новы парадак дня ААН у галіне развіцця грунтуецца на 17 мэтах — глабальных арыенцірах для развіцця, а таксама на 169 задачах.

— Дэлегацыя Беларусі прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выніковага дакумента Саміту ў якасці члена рабочай групы Генеральнай Асамблеі ААН па мэтах устойлівага развіцця і ў рамках міжурадавага перамоўнага працэсу па ўзгадненні выніковага дакумента саміту, — паведаміў Дзмітрый Мірончык. — Беларусь вітае той факт, што ўпершыню ў гісторыі існавання ААН пры ўдзеле ўсіх дзяржаў-членаў і на аснове эканамічных разлікаў узгоднена адзінае бачанне шляхоў паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва планеты на доўгатэрміновую перспектыву. Мы надаём важнае значэнне поспеху Саміту-2015.

З 28 верасня пачынаецца агульнапалітычная дыскусія 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Як адзначыў прадстаўнік МЗС, падчас сесіі наша дзяржава працягне працу па прасоўванні сваіх ініцыятыў па праблематыцы барацьбы з гандлем людзьмі і актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва па сумежнай праблеме — супрацьдзеянні гандлю чалавечымі органамі.

— У ходзе 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН плануецца прасоўванне двух беларускіх праектаў рэзалюцый, — паведаміў Дзмітрый Мірончык. — Першая — наша традыцыйная — «Паляпшэнне каардынацыі і намаганняў у барацьбе з гандлем людзьмі», другая — «Прадастаўленне Еўразійскаму эканамічнаму саюза статусу назіральніка ў Генеральнай Асамблеі ААН». Яна вылучана Беларуссю ў якасці старшыні ЕАЭС у гэтым годзе, і адпаведны пункт ужо ўнесены ў парадак дня працы 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Санкцыі — бесперспектыўны інструмент

Адказваючы на пытанне наконт магчымасці таго, што ў найбліжэйшы час Еўрасаюз перагледзіць санкцыі ў дачыненні да нашай краіны, Дзмітрый Мірончык звярнуў увагу на тое, што санкцыі ўвогуле не з'яўляюцца эфектыўным інструментам знешняй палітыкі.

— Санкцыі як інструмент знешняй палітыкі ў дачыненні да любой дзяржавы контрпрадуктыўныя і не спрыяюць дасягненню мэт, якія ў іх закладваюцца, — заявіў дыпламат. — Аднабаковыя санкцыі супярэчаць міжнародна-прававым нормам і прынцыпам, у тым ліку замацаваным у Статуце ААН і Хельсінкскім заключным акце АБСЕ. Мы неаднаразова заяўлялі, што рашэнні Еўрапейскага саюза аб увядзенні абмежавальных мер у адносінах да Рэспублікі Беларусь непрымальныя і ў корані памылковыя. Нельга з партнёрам і суседам размаўляць мовай санкцый і ўльтыматумаў. Такія меры хутчэй падрываюць давер да Еўрасаюза, чым наносяць рэальную шкоду нашай краіне ці неяк уплываюць на сітуацыю.

Дзмітрый Мірончык выказаў спадзяванне, што кіраўніцтва еўраструктур і краін — членаў Еўрасаюза нарэшце ўсвядоміць бесперспектыўнасць і бескарыснасць санкцый і абмежаванняў у дачыненні да нашай краіны «і ўжо ў найбліжэйшы час будуць прыняты адпаведныя рашэнні аб іх адмене — гэта адкрые дарогу для нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.