Вы тут

Белавежская пушча — тэрыторыя любові


Наш самы знакаміты нацыянальны парк убачаць ва ўсім свеце.

Створаны Міністэрствам інфармацыі Беларусі сумесна з тэлеканалам Anіmal Planet (Europe) Dіscovery і пры падтрымцы Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нацыянальнага парка «Белавежская пушча» і кампаніі «Космас ТБ» фільм «Белавежская пушча. Спрадвечны лес» закліканы паказаць дзівосны свет беларускай прыроды, пазнаёміць гледачоў з многіх краін свету з унікальнай флорай і фаўнай запаведных тэрыторый і турыстычным патэнцыялам нацыянальнага парка «Белавежская пушча».

26-42

Як адзначыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ падчас перадпрэм'ернага паказу фільма, у Беларусі прадстаўлена больш за 200 замежных каналаў. «Мы зацікаўлены, каб, прадстаўляючы добрыя праграмы, замежныя тэлеканалы выраблялі якасны прадукт пра Беларусь. Гэты праект, рэалізаваны з найбуйнейшым сусветным брэндам — каналам Anіmal Planet, — думаю, стане першай ластаўкай», — сказала міністр.

Па словах генеральнага дырэктара нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Аляксандра БУРАГА, творчая група тэлеканала праводзіла здымкі ў запаведным лесе на працягу чэрвеня-ліпеня 2015 года. Але, нягледзячы на такі кароткі час, яна змагла паказаць у фільме побыт, гісторыю, турыстыку і, найперш за ўсё, багатую флору і фаўну пушчы.

— Ужо трыццаць гадоў запар наша кампанія паказвае самыя цудоўныя месцы свету, унікальныя аб'екты, жывёл, дзікую прыроду, — адзначыў дырэктар каналаў Dіscovery Networks у Паўночна-Усходняй Еўропе Рыгор ЛАЎРОЎ. — Спадзяюся, што многія гледачы канала захочуць убачыць яе на свае вочы. Бо гэта дастойны турыстычны аб'ект, куды трэба ехаць і дзе кожны чалавек абавязкова павінен пабываць. Калі нам удалося перадаць хоць часцінку той любові, якую мы ўбачылі ў беларусах да сваёй краіны, яе прыроды, то наша справа зроблена.

Навошта вучоным пастка для ваўка? Як выглядае дуб-патрыярх з вышыні птушынага палёту? Калі ў пушчы «шрам» з'явіўся? Як жывецца ў запаведным лесе чырванакніжнікам зубрам, вялікім падворлікам і кажанам? Сумесны праект дапаможа адкрыць гэтыя і шмат іншых сакрэтаў беларускага нацыянальнага парка.

У найбліжэйшыя дні фільм «Белавежская пушча. Спрадвечны лес» пакажуць у школах і кінатэатрах краіны. А яго сусветная прэм'ера адбудзецца на тэлеканале Anіmal Planet (Europe) Dіscovery ў нядзелю, 27 верасня. Фільм агучаны на шасці мовах свету: англійскай, рускай, балгарскай, польскай, румынскай і чэшскай. Прыгажосцю і непаўторнасцю прыроды беларускага запаведнага краю змогуць палюбавацца тэлегледачы з усіх краін Еўропы, еўрапейскай часткі Расіі і, безумоўна, самой Беларусі — замежны канал у краіне трансліруюць шэсць аператараў электрасувязі, у тым ліку «Космас ТБ».

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?