Вы тут

Браты сказалі сваё слова


Мы чакалі гэту падзею доўгія тры гады — з таго часу, як праект фільма кампаніі «Нонстоп МЕДЫЯ» перамог у конкурсе Міністэрства культуры і атрымаў стапрацэнтнае фінансаванне. Мы назіралі за тым, як стваралася творчая група, адбіраліся акцёры, адцягваліся тэрміны выхаду ў пракат — і нарэшце дачакаліся. Фільм «Мы, браты» (першапачаткова «Авель», а для замежных пракатчыкаў «Код Каіна») рэжысёра Уільяма Дэ Віталя і сурэжысёра Дзяніса Собалева прыйшоў у мінскі кінатэатр «Масква», дзе 24 верасня адбылася ўрачыстая прэм'ера самага нацыянальнага кінапраекта.

26-15

На стварэнне карціны Міністэрства культуры выдаткавала 20 мільярдаў рублёў, здымкі праходзілі ў беларускай сталіцы і іншых гарадах краіны, на грамадзянскіх, прамысловых і ваенных беларускіх пляцоўках, у Злучаных Штатах. Каманда, што працавала над фільмам — сапраўды інтэрнацыянальная. Ролі выканалі беларускія акцёры Руслан Чарнецкі, Алеся Грыбок, Уладзімір Гасцюхін, Яўген Шмарлоўскі (з беларускімі каранямі), амерыканцы Наташа Алам, Эрык Робертс, рускі Аляксей Серабракоў і іншыя. Тыя, хто не змог прыехаць на прэм'еру, запісалі для гледачоў відэазварот, у якім пахвалілі прафесіяналізм беларускіх кінатворцаў і пажадалі прыемнага прагляду.

Фільм — баявік і драма — у нейкай ступені яшчэ і фантастычны дзякуючы прысутнасці ў ім таемнага ордэна авелітаў і людзей, пазначаных метафізічнай меткай (кодам) Каіна. Тытры папярэджваюць: усе падзеі фільма выдуманыя і персанажы не маюць прататыпаў. Затое сюжэт будуецца на рэальных здарэннях (і значна змяняе іх сэнс дзеля канвы свайго апавядання), што адбыліся ў Беларусі: няшчасныя выпадкі на заводзе МТЗ, беспарадкі ў снежні 2010 года, тэракт на станцыі метро «Кастрычніцкая» і нават узгаранне гарадскога аўтобуса на наступны дзень.

Ролі двух братоў — Ягора і Паўла — выконваюць Руслан Чарнецкі і Яўген Шмарлоўскі, адзін з іх пазначаны кодам Каіна, а гэта па легендзе фільма можа прывесці да глабальных змен не толькі ўнутры сям'і, але і ў цэлым грамадстве. Аднойчы гэта ўжо, можна меркаваць, здарылася. У гісторыі дзядоў братоў, адзін з якіх шчыра зненавідзеў другога. Гэта было бліжэй да сярэдзіны XX стагоддзя.

Урачыстая прэм'ера фільма «Мы, браты» адбылася 13 верасня: карцінай адкрыўся кінафестываль «Кінашок», адзін з найбуйнейшых расійскіх форумаў. Пракат карціны пройдзе ў больш як сарака краінах — на тэрыторыі СНД, Еўропы, у ЗША і Кітаі. «Атрыманне такой вялікай аўдыторыі — гэта складаны шлях. Мы прадстаўлялі фільм на кінарынках Берлінскага і Канскага кінафестываляў, у Лос-Анджэлесе. Дзякуючы доўгай карпатлівай працы фільм быў заўважаны. Пасля прагляду людзі казалі: «Гэта глабальна». Яны не адзначалі спецэфектаў ці трукаў, вялікі натоўп (чатыры тысячы без графікі), а казалі, што фільм змяшчае актуальную ідэю і падзеі, адлюстраваныя ў карціне, могуць адбывацца і адбываюцца ў любым пункце свету — братазабойства, тэракты, кровапраліцце», — пракаментаваў прадзюсар, суаўтар сцэнарыя і кампазітар Сяргей Ждановіч.

Фільм «Мы, браты» будзе паказвацца ў кінатэатрах «Масква» і «Беларусь» з 1 кастрычніка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?