Вы тут

Зоркі «запальваюць»


Анегін, добры сябар Башмета і Хабенскага.

Музычны год праходзіць пад знакам Чайкоўскага... І чаго чакаць ад фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску? Правільна: оперы Пятра Ільіча Чайкоўскага (паводле рамана Аляксандра Пушкіна) «Яўген Анегін» на адкрыццё. 28 верасня, Палац Рэспублікі, Вялікая зала. Выконваюць: Дзяржаўны сімфанічны аркестр «Новая Расія» пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, салісты з Вялікага тэатра Расіі, «Марыінкі», з Зальцбурга. Не аднымі спевамі вылучаецца аўтарская версія Юрыя Башмета гэтай оперы. Тут яшчэ дадаюцца драматычныя артысты. Урыўкі з Пушкіна чытаць запрошаны артыстка Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава (які тэатр!) Вольга Літвінава і народны артыст Расіі Канстанцін Хабенскі (якая «зорка»!).

Вось каго мы чакалі. Аднойчы ўжо мелі магчымасць пабачыць Хабенскага на сцэне разам з гэтым аркестрам. Відаць, тая сустрэча запала глыбока ў сэрца і выступоўцам. Зрэшты, у імянітых артыстаў ёсць свае прычыны прыязджаць у Мінск на гэты фестываль. Напэўна, адна з іх — узаемнае прыцягненне зорак. Заадно і тлумачэнне таму, што фестываль Юрыя Башмета так прыжыўся ў Беларусі: сёлета яму 10 гадоў. У яго рамках кожнае выступленне разглядаецца як зоркавае.

І маштаб навідавоку: напрыклад, сёлета выступіць Уральскі філарманічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Дзмітрыя Ліса — амаль 100 чалавек едзе да нас спецыяльна на гэты канцэрт. У салістах — лаўрэат конкурса імя Чайкоўскага Аляксандр Бузлоў (віяланчэль) і лаўрэат конкурсу імя Вяняўскага Аліса Маргуліс (скрыпка). І яшчэ адным аркестрам — міжнародным — збіраецца ўразіць мастацкі кіраўнік фестывалю піяніст Расціслаў Крымер. Тым больш што ён жа выйдзе на сцэну ў якасці галоўнага дырыжора EAST-WEST CHAMBER ORCHESTRA. Праўда, у гэтым канцэрце Венскай класікі галоўная ўвага да вядомага яе інтэрпрэтатара — піяніста Паўля Бадуры Шкоды.

Славуты расійскі «Церам-квартэт» таксама робіць, па сутнасці, інтэрпрэтацыі класікі на народных інструментах. Як гучыць у іх Бах ці Шуберт, не ўяўляеце? Вось гэта прапусціць нельга, «запальвае».

Наогул, калі зоркі «запальваюць», то гэта патрэбна некаму. Для Мінска зорка аўстрыйскага скрыпача Юліяна Рахліна павінна была заззяць сёлета. Упэўнена: авацыі зладзяць, нават калі ён выйдзе ў канцэрце закрыцця дырыжыраваць Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Іграць на скрыпцы замест яго будзе цудоўны расійскі музыкант, якога ў нас даўно любяць, народны артыст СССР Віктар Траццякоў. Але Рахлін не адмовіўся прыехаць на свой адзіны канцэрт, нягледзячы на тое, што нядаўна зламаў руку і перанёс аперацыю. Сустрэча з Мінскам, відаць, для яго шматабяцальная і чаканая. А нам абяцалі, што ён усё ж прывязе з сабой скрыпку Страдывары. Як мы ўсё гэта любім...

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.