Вы тут

Куды падзець пратэрмінаваныя лекі?


Некалькі разоў на год мы папаўняем свае хатнія аптэчкі самым неабходным. Даволі часта многія прэпараты так і застаюцца ляжаць мёртвым грузам, пакуль іх тэрмін прыдатнасці не скончыцца. Старыя «лекі», пра якія проста забываем, пакідаючы абы-дзе, трапіўшы ў рукі дзяцей, могуць адправіць малых у рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы хуткай дапамогі...Што рабіць з медпрэпаратамі, калі яны ператварыліся ў адходы? Выкідваць у агульную сметніцу ці змываць у каналізацыю? Але ці бяспечнае гэтае «смецце» для наваколля?

29-33

Пагрозы «лячэбнай» вады і глебы

За год на аднаго жыхара Беларусі прыпадае каля 3 кг медыцынскіх і фармацэўтычных адходаў, большасць з іх (шпрыцы, кропельніцы, упакоўкі, сродкі дэзынфекцыі) Сусветная арганізацыя аховы здароўя адносіць да катэгорыі небяспечных. Пры гэтым насельніцтва краіны старэе, вытворчасць медыкаментаў, а разам з тым і рост медыцынскіх адходаў з кожным годам павялічваюцца.

— Асноўная праблема заключаецца ў самім існаванні фармацэўтычных прэпаратаў, — адзначае супрацоўніца інфармацыйнага цэнтра па пытаннях хімічнай бяспекі і адходаў Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) Наталля БЛЫШЧЫК. — Па выніках сацыялагічнага даследавання, праведзенага кампаніяй NOVAK, аказалася: беларусы набываюць больш медыкаментаў, чым ім патрэбна на самой справе. Звесткі за мінулы год сведчаць: на аднаго жыхара нашай краіны прыпала каля 35 упаковак пратэрмінаваных лекаў!

У медыцынскіх установах сістэма збору і ўтылізацыі фармацэўтычных адходаў наладжана, для насельніцтва яна пакуль не створана. З гэтай прычыны «тухлыя» мазі і таблеткі з хатняй аптэчкі адпраўляюцца проста ў сметніцу ці ў каналізацыю. А адтуль — у глебу і ваду. І вось вынікі: па ўсім свеце ў пітной вадзе знойдзена 25 фармпрэпаратаў і іх метабалітаў. Наяўнасць у вадзе гарманальных прэпаратаў негатыўна ўплывае на рэпрадуктыўную функцыю ў амфібій і рыб, прыводзіць да ныркавай недастатковасці ў птушак. Часам «лячэбная» вадкасць змяняе паводзіны жывёл: напрыклад, у печкуроў парушаюцца інстынкты самазахавання, таму яны лёгка становяцца здабычай драпежнікаў. Рэпрадуктыўныя таксіканты (супрацьзачаткавыя сродкі), трапляючы ў наваколле, могуць прывесці да парушэння рэпрадуктыўнай функцыі ў мужчын, у жанчын — да змянення цыкла авуляцыі, парушэння развіцця плода.

Як утылізуюць медыцынскія адходы?

Згодна з Законам «Аб леках» працэдура знішчэння праводзіцца над усімі няякаснымі прэпаратамі і тымі, тэрмін прыдатнасці якіх ужо скончыўся. У класіфікатары адходаў лекі ад насельніцтва не вылучаны ў асобную пазіцыю, яны лічацца адходамі спажывання.

У Беларусі большая частка адходаў спальваецца. Летась у Мінску адкрыўся комплекс па спальванні медыцынскіх адходаў. Яго кліенты — бальніцы, дыспансеры, фармацэўтычныя прадпрыемствы, аптэкі.

— Мы можам перапрацаваць каля 370 тон медыцынскіх адходаў за год, — расказвае кіраўнік цэха па абясшкоджванні адходаў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Экарэс» Руслан ХУРСІК. — Спальванне праводзіцца ў два цыклы, працягласць аднаго складае 20 хвілін. Максімальная тэмпература — 1200 градусаў. Са ста кілаграмаў спаленых адходаў атрымліваецца 3-5 кілаграмаў бяспечнага попелу. Пасля гэтыя рэшткі вывозяцца на палігон цвёрдых бытавых адходаў.

Прымаюць адходы ў самім цэху. Аўтамабіль і інвентар праходзяць працэдуру дэзынфекцыі. Штомесяц на прадпрыемстве праводзіцца маніторынг паветра.

У цэху могуць спальваць 20 відаў медыцынскіх адходаў. Але ў планах — утылізацыя ўсіх відаў, у тым ліку і вадкіх.

Хто заплаціць?

Сістэмы збору медыцынскіх адходаў ад насельніцтва ў Беларусі пакуль няма, аднак праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Спецыялісты ЦЭР пачалі праект «Непрыдатныя фармацэўтычныя прэпараты ў наваколлі: распрацоўка ўстойлівага падыходу». У выніку эколагі створаць канцэпцыю па зборы медыцынскіх адходаў ад насельніцтва.

Еўрапейскія краіны ўжо маюць вопыт рэалізацыі гэтай задумы. У ЕС існуюць меры маркіроўкі медпрэпаратаў: на этыкетцы абавязкова пазначаецца спосаб утылізацыі прадукту. Для збору медыкаментаў устанаўліваюцца спецыяльныя кантэйнеры. У Рыме такую скрыню ўстанавілі на вуліцы, і ў выніку яе пачалі выкарыстоўваць не па прызначэнні. Іспанцы ставяць кантэйнеры ў аптэках. Аднак у Літве гэтая задумка пацярпела крах, бо ўсе фінансавыя расходы па зборы фармацэўтычных адходаў ад насельніцтва леглі на плечы аптэк. Яны былі ў гэтым не зацікаўлены, таму не інфармавалі сваіх наведвальнікаў пра магчымасць здачы адходаў альбо ўвогуле іх ігнаравалі.

Згодна з вынікамі даследавання, большая частка беларусаў гатова правільна ўтылізаваць медыцынскія адходы, пры гэтым ім будзе зручней выкідваць іх у аптэках. Тым не менш па кантэйнерах ды ўвогуле па сістэме збору ўзнікае шмат пытанняў. Як забяспечыць сартаванне бяспечных фармацэўтычных адходаў ад небяспечных? Як быць з вадкімі медыкаментамі? А галоўнае: хто будзе займацца ўстаноўкай кантэйнераў і аплачваць новую сістэму збору і ўтылізацыі?

На думку спецыялістаў ЦЭР, лепш стварыць спецыялізаваную кампанію, якая будзе займацца зборам адходаў ад насельніцтва (накшталт «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў»). Абавязваць займацца такой справай аптэкі альбо паліклінікі, зыходзячы з вопыту Літвы, будзе неэфектыўна.

Руслан Хурсік спадзяецца, што дзяржава заахвоціць людзей здаваць адходы, узяўшы частку расходаў на сябе. «Працэдура гэта нятанная: каб спаліць кілаграм цытастатыку (супрацьпухлінныя прэпараты), трэба заплаціць 58 800 рублёў, 30 360 рублёў — кошт кілаграма таблетак», — прывёў лічбы спецыяліст.

У найбліжэйшы час будзе пераглядацца і класіфікацыя адходаў. Па словах загадчыцы лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ірыны ІЛЬЮКОВАЙ, цытастатыкі не вылучаны ў катэгорыю небяспечных адходаў, хоць такімі з'яўляюцца. Сёння ў медыцынскіх установах захоўваецца каля 50 тон непрыдатных цытастатычных прэпаратаў, спецыялізаваны палігон для такіх адходаў усяго адзін (знаходзіцца ў Чачэрску), і яго магчымасці ўжо абмежаваны.

Як утылізаваць лекі ў хатніх умовах?

Пакуль сістэма збору медыцынскіх адходаў не наладжана, спецыялісты прапануюць наступныя варыянты. Таблеткі трэба здрабніць і змыць ва ўнітаз. «Вадкасці» проста змываць ва ўнітаз. Мазі неабходна выціснуць у поліэтыленавы пакет, сам цюбік выкінуць асобна.

Пры сартаванні медыцынскіх адходаў абавязкова трэба ўлічваць упакоўку: паперу, шкло, пластык можна здаць на перапрацоўку. Непасрэдна лекі лепш запакаваць і выкінуць у кантэйнер змяшаных адходаў.

Галоўнае, не набывайце «лішніх» лекаў. Калі вы заўважылі, што некаторыя медыкаменты ў вас ляжаць без толку, аддайце іх іншым людзям, якія маюць у іх патрэбу.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.