Вы тут

Птушыная мова мае сэнс?


Нядаўна арнітолагі са Швейцарыі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі даказалі, што крылатыя здольныя складаць словы з гукаў. Да гэтай пары вучоныя прыпісвалі такое ўменне толькі чалавеку. Спецыялісты вывучалі «размовы» шыладзюбых тымелій — птушак сямейства вераб'іных, якія пражываюць у Аўстраліі. Акустычны аналіз шчабятання паказаў: яны выкарыстоўваюць два акустычныя элементы «А» і «В» і складаюць іх ва ўстойлівыя выразы, надзеленыя сэнсам. Запісаную гутарку давалі паслухаць птушкам, а пасля сачылі за іх рэакцыяй. Падчас праслухоўвання гуку «BАB», які азначаў кармленне птушанят, птушкі глядзелі на свае гнёзды. Атрымліваецца, птушыная мова — гэта не бессэнсоўны набор гукаў, а сапраўдны сродак камунікацыі.

29-31

Аднак птушкі разумеюць адна адну не толькі дзякуючы голасу.

— Праз гукавую гаму крылатыя выражаюць эмоцыі. Напрыклад, стандартнай песняй самцы прывабліваюць да сябе самачак і паказваюць іншым, што на гэтай тэрыторыі ўжо ёсць гаспадар, — распавядае загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Ірына САМУСЕНКА. — Таксама біёлагі адрозніваюць у птушынай мове крыкі трывогі, перасцярогі, адпужвання драпежнікаў і іншыя. Заўважана, што падчас небяспекі голас у вераб'ёў становіцца больш рэзкім, звонкім.

Існуюць стандартныя фразы-гукаперайманні птушыных галасоў. Песня звычайнай стрынаткі падобная да фразы «вязі, вязі, не трусі». Голас дразда-спевуна можна запомніць па ўстойлівых выразах «філіп-філіп, прыйдзі-прыйдзі, чай піць-чай піць». Перапёлка крычыць «піць-палоць, піць-палоць».

Крылатыя аднаго віду добра разумеюць крыкі сваіх родзічаў. Акрамя таго, птушкі адрозніваюць галасы сваіх ворагаў, што дапамагае ім своечасова папярэдзіць сваякоў пра небяспеку. «Сігналы» выкарыстоўваюцца для інфармавання пра ежу, абазначэння тэрыторыі, пры сварках.

Праўда, не ўсе птушкі маюць добра развіты галасавы апарат. Вы ніколі не пачуеце песню дарослага белага бусла. Птушка-маўчун закідвае галаву і трашчыць дзюбай — такім дзеяннем яна замяняе галасавую камунікацыю. Птушаняты буслоў «шыпяць». Нават пастава або простая перадача галінкі ці здабычы ад птушкі да птушкі ўжо лічыцца «мовай». Круцігалоўка, дзякуючы доўгай шыі і шыпенню, добра імітуе змяю і адпужвае ад сябе ворагаў. Танцы журавоў на зямлі ці некаторых драпежных птушак у паветры таксама лічацца камунікатыўным сродкам.

У скандынаўскай міфалогіі здольнасць разумець птушыную мову лічылася знакам вялікай мудрасці. Здаецца, дзякуючы адкрыццям арнітолагаў, фразеалагізм «птушыная мова» неўзабаве страціць сваё значэнне і набудзе іншы сэнс.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».