Вы тут

Зубр. Апошні дзікі бык Еўропы


Ці змогуць зубры выжыць без дапамогі чалавека?

Агульнавядомы факт: у пачатку мінулага стагоддзя сучаснікі маманта знаходзіліся на мяжы поўнага знікнення. Апошні вольны зубр Белавежскай пушчы быў забіты ў 1919 годзе. З таго часу пачалася карпатлівая праца па аднаўленні рэдкага віду. Толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя першыя вольныя статкі зуброў зноў з'явіліся ў Белавежскай пушчы. Зараз у Беларусі налічваецца 1363 зубры. Гэтая лічба дазваляе казаць аб тым, што рэдкі звер адраджаецца. Аднак яго існаванне залежыць ад чалавека, без дапамогі якога зубр дэградуе і знікне. З якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія спецыялісты, што займаюцца аднаўленнем папуляцыі «волатаў»? І як сёння пачуваецца апошні дзікі бык Еўропы?

29-24

Нашчадак першабытнага бізона

Узгадаем радавод зубра. У эпоху плейстацэну на тэрыторыі Еўразіі пражываў першабытны зубр, вядомы як стэпавы бізон. З часам ён дабраўся да Паўночнай Амерыкі, дзе даў жыццё новаму віду — амерыканскаму бізону, брату нашага зубра. Еўрапейскі зубр і амерыканскі бізон пасля раздзяліліся на падвіды: горны каўказскі і нізінны еўрапейскі — нашчадкі еўрапейца, стэпавы і лясны — «дзеці» амерыканца.

Зубр здаўна быў жаданай здабычай для любога паляўнічага, але апетыты і азарт чалавека прывялі да таго, што звер стаў знікаць. Першы трывожны сігнал паступіў з Брытанскіх астравоў, потым магутнага быка не стала ў лясах Заходняй Еўропы. На пачатку XX стагоддзя засталіся толькі дзве папуляцыі — белавежская нізіннага падвіду і горная каўказская. У лютым 1919 года былі знішчаны апошнія вольныя зубры белавежскай лініі, а ў 1927 годзе пастухі адстрэлілі апошніх «каўказцаў». Нізінных зуброў пачалі аднаўляць ад сямі асобін, якія захаваліся ў заапарках. Каўказскай лініі не пашанцавала, бо ад яе застаўся толькі бык Каўказ. Яго сталі скрыжоўваць з белавежскімі самкамі. Так з'явілася змяшаная белавежска-каўказская лінія, «пачынальнікамі» якой сталі 12 зуброў.

Слабыя гены моцнага звера

Трэба адзначыць, што амерыканскаму брату-бізону таксама хапіла: на іншым кантыненце паляўнічыя за каштоўнымі скурамі масава вынішчалі жывёл. Аднак у ЗША своечасова спахапіліся, што звер знікае (у канцы XX стагоддзя ў ЗША засталося менш за тысячу бізонаў), і навукоўцы заняліся выратаваннем папуляцыі. Праблема блізкароднаснага скрыжоўвання (інбрыдынгу) бізонаў не закранула, аднак у выпадку з зубрамі яна была непазбежная. Такое размнажэнне стала прычынай розных рэцэсіўных захворванняў жывёл. Навукова даказана, што ў адноўленых белавежскіх зуброў слабы імунітэт.

— У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў самцоў зубра белавежскай лініі (найбуйнейшай на той момант) праявілася захворванне мочапалавой сістэмы — баланапасціт, — распавядае навуковы супрацоўнік лабараторыі тэрыялогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Павел ВЕЛІГУРАЎ. — Хвароба прыводзіла да бясплоднасці і нават смерці жывёл. Узбуджальнікамі з'яўляюцца ўмоўна патагенныя мікраарганізмы і вірусы. Пры добрым імунітэце яны не пагражаюць арганізму, затое пры слабым вірусы здольны выклікаць сур'ёзнае захворванне.

Маштабы эпідэміі баланапасціту ў канцы 80-х гадоў былі настолькі вялікімі, што вучоныя ўсур'ёз задумаліся аб магчымым выміранні белавежскай папуляцыі. Вылечыць зуброў не ўдалося, і хворых самцоў давялося адстрэльваць, каб яны далей не распаўсюджвалі інфекцыю. Тады спецыялісты вырашылі рассяліць звера па невялікіх папуляцыях: на выпадак, калі белавежская папуляцыя знікне, будуць «запасныя».

Ад колькасці — да якасці

Прадумваючы тактыку выратавання зубра, беларускія вучоныя вырашылі выкарыстаць вопыт амерыканскіх эколагаў Майкла Сулея і Бруса Уілкакса аб метапапуляцыйнай мадэлі захавання віду. Яе сутнасць наступная: для кароткатэрміновага існавання папуляцыі неабходна як мінімум 50 эфектыўных (здольных да размнажэння) асобін, для доўгатэрміновага — не менш за 500. Спецыялісты падлічылі, што з улікам маладняку і старых жывёл папуляцыя мусіць скласці каля 1500 асобін. Аднак для такога вялікага статка ў Еўропе, а тым больш у Беларусі, прыдатнай тэрыторыі няма. Таму вырашылі трымаць зуброў у невялікіх «сем'ях».

— Калі праводзіць генетычныя абмены паміж субпапуляцыямі, біялагічная разнастайнасць будзе вышэйшай за кошт таго, што рэдкія гены не разбавяцца ў вялікай папуляцыі, — тлумачыць Павел Велігураў.

29-25

У 1965 годзе была створана першая папуляцыя вольных зуброў — белавежская. У 1970-я з'явіліся яшчэ дзве — азяранская і бярозаўска-барысаўская. З гадамі ўзнікалі новыя мікрапапуляцыі, сёння налічваецца ўжо 10 «мікрасем'яў», вядзецца праца па адзінаццатай, дзятлаўскай. Аднак у Беларусі можна знайсці яшчэ хіба 2-3 месцы для прапіскі чырванакніжніка.

— Мы плануем перайсці ад павелічэння колькасці зуброў да фарміравання жыццяздольнага статка, — адзначае генеральны дырэктар Нацыянальна-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Алег БАРАДЗІН. — Атрымаць статус дзікага, незалежнага ад чалавека віду еўрапейскі зубр зможа няхутка.

Метапапуляцыйная мадэль па захаванні зубра рэалізуецца ў Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіне. Спецыялісты краін Заходняй Еўропы пайшлі іншым шляхам: яны трымаюць жывёл у заапарках і вальерах. Практыка прыносіць добрыя вынікі: у Германіі, напрыклад, налічваецца больш за 400 зуброў — гэта чацвёртая па колькасці папуляцыя ў свеце. Дарэчы, жывёлы з Еўропы да нас не трапляюць, хутчэй, наадварот — Беларусь прадае зуброў. За мінулы і пачатак гэтага года 20 асобін былі прададзены ў Казахстан — на новую для волата тэрыторыю.

Чырванакніжнік ці трафей?

Разважаючы над «жыллёвым пытаннем» зубра, вучоныя вырашылі, што звера можна пасяліць не толькі на ахоўваемых прыродных тэрыторыях, але і на землях агульнага гаспадарчага карыстання. Так ён прапісаўся ў паляўнічых гаспадарках, вопытным лясгасе, сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве.

Усе зубры належаць да асноўнага альбо да рэзервовага генафонду. У першым значацца жывёлы з добрымі фізічнымі якасцямі — каштоўныя для селекцыі экзэмпляры. Паляванне на іх забаронена. У рэзерв трапляюць старыя, хворыя, траўмаваныя, жывёлы з пашкоджаннямі, небяспечнымі для жыцця, з адхіленнямі, маладыя самцы, якія былі выгнаны са статка падчас яру, мігравалі на адлегласць, большую за 50 км, і не вярнуліся цягам трох месяцаў. У гэтую групу зуброў адбіраюць, альбо, калі казаць мовай навукі, выбракоўваюць.

Для аптымізацыі колькасці зуброў прадугледжваецца адстрэл нежыццяздольных жывёл. У грамадскасці паляванне на волатаў выклікае абурэнне, аднак, на думку спецыялістаў, гэта неабходная мера: нормы аптымальнай колькасці ў некаторых субпапуляцыях значна перавышаны, што прыводзіць да пэўных праблем. Так, прадстаўнікі рагатага статка, акрамя сваіх прыродных «сталовак», часта наведваюцца на сельскагаспадарчыя ўгоддзі, прыватныя падворкі. Напрыклад, у 2008 годзе зубры асіповіцкай папуляцыі нанеслі шкоды больш чым на 5000 долараў: жывёлы выходзілі з лесу на палі з пшаніцай і жытам і літаральна за тыдзень знішчалі да 60 га угоддзяў: што не елі, тое вытоптвалі.

Па зубрыныя трафеі ў Белавежскую пушчу прыязджаюць расіяне, іспанцы, немцы, туркі. Кошт розны — ад 5 да 20 тысяч еўра. Паляванне вядзецца не вельмі актыўна: у год адстрэльваецца ад 5 до 10 некандыцыйных асобін (у рэзервовы фонд трапляюць ад 8 да 10 асобін).

Хто прыме беларускіх зуброў?

Алег Барадзін падкрэслівае, што праца па захаванні еўрапейскага зубра немагчыма без міжнароднага супрацоўніцтва. Некалькі гадоў таму расійскія і беларускія вучоныя дамовіліся аб стварэнні ўстойлівых папуляцый і аднаўленні ранейшага арэала зубра. Беларусь ініцыявала распрацоўку праграмы Саюзнай дзяржавы «Аднаўленне зубра ў дзікай прыродзе (Дарожная карта для зубра) на 2016—2020 гг.». Меркавалася, што на тэрыторыі суседняй дзяржавы будуць рассяляцца буйныя групоўкі зуброў, якім у нас стала цеснавата. Распрацоўка канцэпцыі праграмы і яе ўзгадненне вяліся на працягу некалькіх гадоў. «Аднак фінансавыя органы Расійскай Федэрацыі не палічылі магчымым рэалізаваць праграму ў рамках Саюзнай дзяржавы. Такім чынам, па ініцыятыве расійскіх калег яна была адменена», — адзначыла кіраўнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля МІНЧАНКА.

Зараз Беларусь наладжвае кантакты з польскімі і літоўскімі калегамі, і такое супрацоўніцтва цалкам лагічнае, бо Беларусь і Польшча з'яўляюцца асноўнымі трымальнікамі зубровых статкаў. «Мы хочам аб'яднаць намаганні для дасягнення агульнай мэты — захаванне зубра. Наша галоўная задача — правесці генетычныя даследаванні і выбраць найбольш каштоўных жывёл з пункту гледжання іх далейшага ўзнаўлення», — адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды.

Фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні зубра ажыццяўляецца ў рамках плана, распрацаванага на 2015—2019 гады і ўзгодненага ўрадам краіны. Прадугледжваецца выдаткаваць больш за 12 млрд рублёў як з дзяржаўнага бюджэту, так і са сродкаў трымальнікаў мікрапапуляцый зуброў.

Зубр выратаваны ад вымірання. Аднак пакуль што залежны ад чалавека від патрабуе вялікіх укладанняў, як навуковых, так і матэрыяльных. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе магутны бык зноў стане самастойным, моцным дзікім зверам, якім мы прывыклі сабе яго ўяўляць.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.