Вы тут

Жыхары супраць «аўтастрады» ў двары


Ці дапамогуць 768 подпісаў спыніць будаўніцтва праезду?

10 гадоў будынак былога дзіцячага садка №70 па вуліцы Славінскага, 11 у Мінску пуставаў. Нядаўна яго выкупіла ААТ «Тапас», каб зрабіць тут адміністрацыйнае памяшканне бытавога абслугоўвання насельніцтва з аўтастаянкай на 120 месцаў, якая будзе ахоўвацца. Супраць гэтага жыхары мікрараёна нічога не мелі. Аднак калі праз іх двор праклалі спачатку праезд для будаўнічай тэхнікі, а пасля стала вядома, што ў перспектыве дарога тут застанецца, — занепакоіліся. Людзі пачалі звяртацца ва ўсе інстанцыі, сабралі сотні подпісаў і нават напісалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта з просьбай адмяніць дазвол гарадскіх улад на будаўніцтва праезду, які іначай, як «аўтастрадай», яны не называюць. Разабрацца ў сітуацыі жыхары папрасілі  журналістаў.

[caption id="attachment_103124" align="alignnone" width="600"]30-5 Двух­па­лос­ную пе­ша­ход­ную зо­ну ця­пер пе­ра­ся­ка­юць аў­та­ма­бі­лі.[/caption]

Усё пачалося сёлета ў лютым, калі сярод жыхароў дамоў №№ 18 і 20 па вул. Каліноўскага работнікі ЖЭУ-29 правялі апытанне наконт добраўпарадкавання дваравой тэрыторыі. Нехта даў згоду, нехта не, тым не менш дрэвы ў дварах дамоў спілавалі і ліквідавалі адну дзіцячую пляцоўку. Спачатку майстры ЖЭУ растлумачылі жыхарам, што праз іх двор пройдзе будаўнічая тэхніка да былога дзіцячага садка, але пасля праезд закрыюць і двор добраўпарадкуюць.

Сапраўды, на браме перад уваходам на тэрыторыю аб'екта павесілі схему руху аўтатранспарту — праз два ўезды, адзін з якіх функцыянаваў раней, падчас існавання садка на Славінскага, 11, другі — новы, праз двары дамоў па вул. Каліноўскага. Але ён, як выявілася, неўзабаве стане тут пастаянным.

У жыхароў мікрараёна гэта выклікала абурэнне. Па іх словах, новы праезд перасякае адзіную ў мікрараёне двухпалосную пешаходную зону, якая злучае ўсе сацыяльна значныя аб'екты: дзіцячыя садкі, школу, крамы, банк, аптэку, пошту, кавярню, міні-рынак. Запраектаваны праезд не толькі парывае гэтую сувязь, але і «стварае пагрозу для жыцця жыхароў мікрараёна і іх дзяцей», — пішуць заяўнікі. Бо раней дзеці бесперашкодна ішлі ў садкі і школы, людзі спакойна гулялі па пешаходнай дарожцы, а цяпер праз яе пойдуць машыны.

Апроч таго, жыхароў хвалюе, што праезд праходзіць блізка ад пад'ездаў жылога дома і пагрузачнай рампы харчовай крамы, і гэты яго ўчастак кепска праглядаецца, а значыць, ён пераўтворыцца ў аварыйны.

Куды ні звярталіся жыхары са сваімі заўвагамі, паўсюль ім адказвалі, што праект узгоднены, і парушэнняў па ім няма. Узнікае пытанне: дзе яны былі падчас грамадскага абмеркавання? Але заяўнікі сцвярджаюць, што даведаліся пра тое, што яно «адбылося ў 2012 годзе», толькі цяпер. У ім узялі ўдзел 320 жыхароў Мінска, большая частка якіх не пражывае ў мікрараёне «Усход-2». «На нашым сходзе прадстаўнікоў дамоў па вул. Каліноўскага мы задалі пытанне, ці ведаюць людзі аб мінулым абмеркаванні. Не ведаюць і не чулі ніколі, заўважаюць жыхары». Праўда, копію пратакола таго абмеркавання з подпісамі ўдзельнікаў ім усё ж паказалі, а вось копіі праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва — не.

Падпісанты бачаць два шляхі вырашэння сваёй праблемы. Першы — ліквідаваць новы праезд і пакінуць той, які праектаваўся пры будаўніцтве мікрараёна. Другі — пабудаваць асобны праезд паміж суседнімі дамамі з боку вул. Славінскага, дзе ён не будзе перасякаць пешаходную дарогу, і зялёная зона захаваецца амаль у поўным аб'ёме.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

«Прычын не будаваць аб'ект няма»

Па афіцыйны каментарый рэдакцыя звярнулася да намесніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы Васіля КАСАЎЦА.

— Грамадскае абмеркаванне праводзілася згодна з нарматыўнымі дакументамі. Паводле іх, удзельнічаць у абмеркаванні могуць усе жыхары Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца пражывання. Інфармацыя аб правядзенні была размешчана ў СМІ; хто хацеў, той паўдзельнічаў.

Забудоўшчык атрымаў дадатковы зямельны ўчастак для будаўніцтва праезду паводле акта выбару, зацверджанага старшынёй выканкама. Парушэнняў па праекце і будаўніцтве ў забудоўшчыка — ААТ «Тапас» — няма, яны праектуюць на сваіх землях, згодна з заканадаўствам, бо ведаюць пра пільную ўвагу да сваёй дзейнасці.

— Але ж жыхары гавораць, што з узвядзеннем дарогі ўзрасце небяспека для дзяцей і не толькі.

— Там праезд заўсёды быў. Калі працаваў дзіцячы сад, можа, рух быў не такі інтэнсіўны, але ён быў.

— Як быў, калі там пешаходная зона?

— Так, ёсць пешаходны бульвар, але там прадугледжана нанясенне разметкі, устаноўка «ляжачых паліцэйскіх». Гэта ўсё ўзгадняецца з ДАІ горада, яны цяпер разглядаюць праект і павінны будуць яго зацвердзіць.

— Ці плануе адміністрацыя раёна пайсці на нейкі кампраміс ці хаця б правесці дадатковы сход, каб абмеркаваць сітуацыю і даць людзям тлумачэнні?

— Мы праводзілі ўжо шмат нарадаў з ініцыятыўнымі групамі, але пытанні задаюць адны і тыя ж. Аб'ект будуецца і будзе пабудаваны, прычын не рабіць гэтага няма. Рашэнне, якое прапаноўваюць жыхары, — пракласці праезд не праз іх двор, а праз два суседнія. Але ж сітуацыя атрымаецца аналагічная, хіба што плошча праезднай часткі павялічыцца.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?