Вы тут

Малако павінна быць якасным


Новыя правілы нарыхтоўкі сыравіны выключаюць «другі гатунак».

З першага верасня Дзяржстандарт Беларусі ўвёў новыя патрабаванні да якасці малака. Новаўвядзенне датычыць не толькі сыравіны, якую рэалізуюць сельгаспрадпрыемствы, але і малака, якое здае насельніцтва.

30-15

Цяпер так званы «другі гатунак» не разглядаецца наогул, уся сыравіна павінна адпавядаць першаму, а яшчэ лепш — вышэйшаму гатунку. На мове лабарантаў гэта гучыць так: у адным мілілітры малака колькасць саматычных клетак не павінна перавышаць 500 000 (раней пры другім гатунку дапускалася іх колькасць да аднаго мільёна). Варта сказаць, што новыя правілы — не прыдумка беларускіх спецыялістаў. У шэрагу краін патрабаванні да сырога малака яшчэ больш жорсткія. Прыйшоў час адпавядаць сусветным стандартам. Мы ж зацікаўлены ў нарошчванні аб'ёмаў экспарту, значыць, мусім клапаціцца пра якасць прадукцыі. І калі сельгаспрадпрыемствы ў большасці сваёй спакойна ўспрынялі новае патрабаванне, то з насельніцтвам — гаспадарамі прыватных кароў — перыядычна ўзнікаюць праблемы, людзі аказаліся не зусім гатовыя да работы ў новых умовах.

Аляксандр ПАЛАВОЙ, дырэктар ААТ «Белавежскія сыры» з Высокага, гаворыць, што патрабаванні да якасці малочнай прадукцыі на замежных рынках цяпер вельмі жорсткія. Нават самае нязначнае парушэнне санітарных нормаў і правілаў пагражае стратай таго ці іншага рынку. А з дрэннай сыравіны добрую прадукцыю не атрымаеш, калі ты не чараўнік.

— Усе цудоўна разумеюць, што перапрацоўка малака з прыватных падворкаў — у пэўным сэнсе сацыяльная місія заводаў, — працягвае Аляксандр Іванавіч. — Для многіх і многіх вясковых жыхароў свая кароўка становіцца другой альбо нават асноўнай крыніцай даходаў. А вось для заводаў гэта амаль заўсёды работа ва ўбытак. Мы займаемся зборам малака, купляем за валюту вельмі дарагія тэсты, якімі вымушаны правяраць кожную партыю. На жаль, праверкі выяўляюць праблемы з якасцю. Думаю, што новаўвядзенне дысцыплінуе нашых малаказдатчыкаў. Сведчаннем таму служыць прыклад суседзяў. Адзін час у нас не хапала сыравіны, і мы закуплялі яе ў польскіх фермераў — жывём жа на памежжы. І ніводнага разу не забракавалі іх малако, якасць яго была бездакорнай. А ўсё таму, што ў суседняй краіне ўведзены жорсткія санкцыі супраць парушальнікаў санітарных нормаў. Вытворцы прывыклі да іх, перастроілі сваю работу і вельмі даражаць рэпутацыяй.

Дарэчы, прадпрыемства «Белавежскія сыры» на месяц адклала прымяненне новых патрабаванняў. Такім чынам малаказдатчыкам далі час на адаптацыю. А расказаў пра гэта карэспандэнту «МС» Анатоль ШВЕЙКУС, дырэктар прыватнага прадпрыемства «БУШсэрвіс», якое вядзе збор малака ў вяскоўцаў для названага перапрацоўшчыка. На прадпрыемстве заняты паўтара дзясятка чалавек, з іх 12 вадзіцеляў, якія збіраюць сыравіну ў большасці вёсак Камянецкага, частцы Брэсцкага і частцы Жабінкаўскага раёнаў. Прадпрымальнік набыў легкавыя аўтамабілі, якія аснасцілі неабходным абсталяваннем. Легкавыя спецыялізаваныя машыны эканамічныя і манеўровыя. Самы аддалены ад Высокага населены пункт знаходзіцца за 90 кіламетраў. Але і туды малаказборшчыкі прыбываюць па графіку. За два гады прадпрыемства добра наладзіла сістэму работы і заваявала давер у насельніцтва.

Анатоль Швейкус гаворыць, што ўвод новых правілаў стварыў пэўную напружанасць у асяродку малаказдатчыкаў. Хоць аб гэтым папярэдне гаварылася з людзьмі, інфармацыя з'явілася загадзя, але асобныя грамадзяне не надалі ёй асаблівага значэння.

Цяпер прадпрыемства працуе з сельскімі Саветамі, якія арганізоўваюць па некалькі сельскіх сходаў у дзень. Трэба гаварыць літаральна з кожным гаспадаром, тлумачыць сітуацыю, дабівацца, каб людзі зразумелі сваю адказнасць. Што тут грашыць, сустракаюцца не вельмі сумленныя гаспадары, якія не лічаць сваім абавязкам своечасова лячыць карову і, галоўнае, вытрымліваць каранцін (значыць, не здаваць малако пэўны час пасля курсу лячэння). І раней бракаваліся партыі малака з парушэннямі санітарных патрабаванняў. А цяпер малако павінна стаць яшчэ чысцейшым. Калі ж нехта не дагледзіць здароўе каровы, вылье няякаснае малако ў агульную бочку — будзе забракавана ўся партыя. Значыць, ніхто з аднавяскоўцаў, тых, чыё малако трапіла ў гэту ёмістасць, грошай не атрымае...

Дарэчы, да ветслужбы ў Анатоля Міхайлавіча таксама ёсць пытанні. Былі ў яго практыцы выпадкі, калі малако аказвалася непрыдатным па прычыне наяўнасці антыбіётыкаў. Яго бракавалі. А літаральна праз два дні гаспадыня несла даведку ад ветурача, што карова... здаровая! Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што спецыяліст фармальна падыходзіць да сваіх абавязкаў. Так быць не павінна. Прадпрымальнік спадзяецца, што цяпер такога не будзе, бо і ветэрынарным службам пастаўлены адпаведныя задачы.

У зону абслугоўвання «БУШсэрвіс» уваходзіць, напрыклад, Пелішчанскі сельсавет. Старшыня сельскага Савета Уладзімір ТОЛАХ расказаў, што насамрэч работа па падрыхтоўцы да новых правілаў нарыхтоўкі малака вядзецца даўно. Так, самых актыўных малаказдатчыкаў некалькі месяцаў таму запрашалі на сход, які праводзіла ААТ «Белавежскія сыры». Тады грамадзян і знаёмілі з патрабаваннямі Дзяржстандарту. Заадно падрабязна і даступна расказвалі, чаму прыспела такая неабходнасць. А літаральна на мінулым тыдні спецыялісты раённай ветэрынарнай станцыі правялі абследаванне кароў з усіх трыццаці прыватных гаспадарак, якія здаюць лішкі малака. Паводле папярэдняй інфармацыі, у некаторых жывёлін выяўлены праблемы са здароўем. Падлічана, што курс лячэння адной каровы абыдзецца гаспадару прыкладна ў тры мільёны рублёў.

— Але затраты таго вартыя, — гаворыць старшыня сельскага Савета. Як і выдаткі на набыццё яшчэ аднаго халадзільніка. Малако павінна здавацца ахалоджаным.

Уладзімір Канстанцінавіч кажа, што ў жыхароў Пелішча шмат знаёмых, родзічаў жывуць у польскім памежжы. Таму вяскоўцы добра ведалі, якая практыка прымяняецца ў суседзяў і ў пэўным сэнсе былі гатовы да новаўвядзенняў. Але нашы людзі маюць звычку спадзявацца: а раптам новую пастанову адменяць альбо не будуць строга яе прытрымлівацца. Таму самі не паклапаціліся пра абследаванне сваіх кароў загадзя. Цяпер жа справу прыйдзецца давесці да канца, каб спакойна здаваць малако і атрымліваць прыбытак у сямейны бюджэт.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Камянецкі раён.

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.