Вы тут

Хачу быць Яраславам Мудрым!


або Чаму нам не падабаюцца ўласныя імёны і прозвішчы.

— Дубіна, Тупіца, Бубен... Вы што, здзекуецеся?! — пыталася ў роспачы маладая настаўніца, думаючы, што калегі пажартавалі з яе, падсунуўшы спіс неіснуючых прозвішчаў. Пазней высветлілася, што гэта самыя сапраўдныя імёны вучняў звычайнай школы. Падобных немілагучных прозвішчаў у Беларусі шмат: Дурнеў, Чыжык, Лысы, Горлач, Гаршкоў, Казлоў... Ад іх грамадзяне стараюцца пазбавіцца. З кожным годам колькасць змененых імёнаў у краіне павялічваецца, прычым у лідарах — Мінск і Мінская вобласць.

30-34

Дарэчы, змяніць імя (прозвішча, уласнае імя ці імя па бацьку) у нашай краіне могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, абгрунтаваўшы сваё жаданне ўважлівымі прычынамі. Некаторыя за жыццё ўмудраюцца зрабіць гэта 4-5 разоў. Хтосьці перад кожным шлюбам вяртае сваё дзявочае прозвішча, хтосьці зацвярджае ў пашпарце творчы псеўданім. Іншыя хочуць знайсці сябе ў жыцці, стаўшы Апалінарыяй замест Паліны, Міланай замест Людмілы, Алёнай замест Алены.

Мяняю немілагучнае на... вядомае

Падставы для змены імя замацаваны заканадаўча. Перш за ўсё, гэта немілагучнасць прозвішча, імя або імя па бацьку ці яго цяжкае вымаўленне. Дарэчы, з-за немілагучнасці змяніць прозвішча хочуць у асноўным мужчыны.

— Псіхалагічная траўма, атрыманая ў дзяцінстве грамадзянінам з прозвішчам, скажам, Козел, мае месца. Гэта высвятляецца з размовы з людзьмі, якія, зразумела, не хочуць, каб пэўную знявагу перажылі і дзеці, паўтарыўшы сумны вопыт бацькі, — разважае Алена БУРАЧЭЎСКАЯ, загадчыца аддзела ЗАГС Мінрайвыканкама. — З іншага боку, аднойчы хлопец змяніў прыгожае прозвішча Маліноўскі на немілагучнае дзявочае прозвішча маці, бо хацеў адрачыся ад бацькі, які не клапаціўся пра іх.

Аднак сустракаюцца і кур'ёзныя жаданні мець гучнае славутае прозвішча.

— У органы ЗАГС звярталіся людзі, якія хацелі звацца Пушкін, Яраслаў Мудры, Дабрыня Нікіціч, — расказала Алена СЕМЯНЮК, кансультант упраўлення натарыята і ЗАГСаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. — Калі ёсць архіўныя паперы, што пацвярджаюць сваяцтва з вядомымі людзьмі, дазвол, зразумела, даецца, калі не — няма ніякай падставы для з'яўлення ў гісторыі другога Пушкіна ці Някрасава.

Па мужу і жонцы

Асноўная маса заяў для змены прозвішча паступае ад маладых жонак, якія вярнуліся з вясельнага падарожжа. Як правіла, візы адкрываюць яшчэ да шлюбу — і на старое прозвішча, таму жаданне атрымаць новае даводзіцца выказваць пазней, а не падчас рэгістрацыі, як гэта агаворана заканадаўствам.

Экс-жонкі часта хочуць вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча адразу пасля скасавання шлюбу, смерці другой паловы або перад другім вяселлем, бо жаніх супраць прозвішча папярэдняга абранніка.

Вярнуцца да першапачатковага прозвішча можна і ў шлюбе, калі адчуваеш, што ніяк не прызвычаішся да мужнінага ці жончынага варыянта, на якое пагадзіўся перад вяселлем. Дарэчы, рэдка, але здараецца, што прозвішчы ў маладых адразу аднолькавыя, яшчэ да шлюбу.

— Мяняюць прозвішча не толькі жонкі, але і мужы, — заўважыла кіраўніца ЗАГСа. — Наш пастаянны кліент нядаўна ўжо пяты раз падаў заяву на змену прозвішча перад чарговым уступленнем у шлюб, але так і не з'явіўся аформіць паперы. Пры гэтым адзначу, што ўсе яго нявесты — іншаземкі.

У апошні час сталі з'яўляцца і так званыя перадсмяротныя жаданні змены прозвішча.

У органы ЗАГС, здараецца, прыходзяць бабулі, якім ужо за 70 гадоў, муж памёр, дзеці выраслі, а часам гэта яшчэ і не першы іх шлюб. Такія людзі кажуць вельмі проста: «Хачу вярнуць дзявочае прозвішча, каб на помніку было выбіта маё радавое імя», — дадала Алена Семянюк.

Імя з дзяцінства

Каб выказаць сваю падзяку мачасе ці айчыму, пасталелыя дзеці, здараецца, бяруць іх прозвішчы, а таксама імя па бацьку. Намер адмовіцца ад прозвішча можна абгрунтаваць таксама тым, што бацькі не выхоўвалі дзяцей. Як правіла, гэта датычыцца выхаванцаў дзіцячых дамоў, дзе іх наведвалі і пэўным чынам клапаціліся толькі бабуля ці дзядуля, прозвішча якіх і хочуць насіць у будучыні ўнукі, якім споўнілася 16 гадоў. Менавіта з гэтага ўзросту грамадзянін можа самастойна адстойваць і абгрунтоўваць свае намеры атрымаць новае імя.

Здараецца, што паміж бацькамі няма згоды, як назваць дзіця, а паколькі дакументы на рэгістрацыю прывозяць часцей за ўсё таты, яны і замацоўваюць афіцыйна сваё, а не жончына жаданне.

— Дзвюм дзяўчынам мы дазволілі змяніць уласныя імёны, калі яны растлумачылі, што даведаліся пра татавы махлярствы, і зразумелі, чаму ўвесь час не маглі ўспрымаць, як іх завуць, а таксама прынеслі пасведчанні аб хрышчэнні, — заўважыла Алена Аляксандраўна.

Дзеці, народжаныя ў інтэрнацыянальным шлюбе, з 16 гадоў таксама маюць права змяніць імя і імя па бацьку ў адпаведнасці з выбранай нацыянальнасцю. Быць, напрыклад, не Селімам Ашотавічам суадносна з татамі-грузінамі, а Сяргеем Аляксандравічам, што больш падыходзіць чалавеку, у якога маці беларуска.

Калі пасля скасавання шлюбу бацькі не могуць дамовіцца, якое прозвішча застанецца ў дзіцяці, орган апекі сам выбірае адно з іх. Але ж калі малому ёсць 10 гадоў, то яго перавагі таксама ўжо будуць улічвацца.

Імя па бацьку непаўналетніх, чый бацька мяняе ўласнае імя, таксама будзе зменена ў адпаведнасці з новым імем таты. Дзіця, якое нарадзілася за мяжой, але мае грамадзянства Беларусі, на радзіме можа «ўпісаць» імя па бацьку, якое не прадугледжана заканадаўствам іншых краін, у свой пашпарт, аднак пасведчанне аб нараджэнні застанецца ў тым выглядзе, як было атрымана за мяжой.

Уласнае, духоўнае і творчае

Уласнае імя таксама ўсё часцей не задавальняе беларусаў. Часам людзі такім чынам намагаюцца знайсці сябе ў жыцці або спадзяюцца, што старое імя перастане адмоўна ўплываць на іх лёс. Напрыклад, Таццяны і Афеліі пераўвасабляюцца ў Дзіян ці Анжалік.

З іншага боку, стала менш двайных імёнаў, накшталт Вікторыі-Стэфаніі ці Ганны-Марыі, бо дзіця ўсё ж завуць толькі адным імем, звычайна першым, і бацькі пачалі разумець непатрэбнасць другой часткі.

Здараецца, што «пашпартным» імем становіцца творчы псеўданімам ці сцэнічнае імя грамадзяніна, які прад'яўляе копіі літаратурных ці мастацкіх твораў, аўтарам якіх ён з'яўляецца, ці афішы мерапрыемстваў, дзе ён выступае.

— Закон заўжды ідзе насустрач грамадзяніну, аднак прымае ў разлік яго эмацыйнае і псіхалагічнае здароўе. Часам людзі хочуць змяніць імя, бо лічаць, што яно прынесла ім няшчасці або выклікала цяжкае захворванне. Трэба пачуць чалавека і дапамагчы яму, аднак пры гэтым быць упэўненым, што гэта не простае «хаценне», — разважае супрацоўніца Мінюста. — Людзі падарожнічаюць, працуюць, бяруцца шлюбам за межамі Беларусі, што часам вядзе да патрэбы ў зменах імя. Часам чалавек проста хоча асацыяваць сутнасць свайго імя з тым, кім ён сябе адчувае. Вельмі рэдка, але ж здараецца, што жаданне 16-гадовага падлетка змяніць імя можа быць... помстай бацькам. Але ж без грунтоўнай аргументацыі ажыццявіць такі намер не ўдасца. Звычайна маладыя людзі прыходзяць у ЗАГС, каб змяніць імя, разам з бацькамі. Аднак выніковы дазвол ці забарону выдаюць галоўныя ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама і адпаведныя органы абласных камітэтаў.

Часам людзі хочуць, каб іх духоўнае імя пасля прыняцця ці змены веры таксама было афіцыйна зафіксавана ў пашпарце. Напрыклад, дзяўчына, якая прыняла мусульманскае веравызнанне, пасля змяніла і ўласнае імя.

Забароненае

Адмовіць у змене імя можна, калі заяўнік знаходзіцца пад следствам, з'яўляецца падазроным ці абвінавачаным у злачынстве, мае незнятую судзімасць, калі ў ЗАГСе няма на захаванні запісаў адпаведных актаў грамадзянскага стану (аб нараджэнні, шлюбу і г.д.) такога чалавека, або ён не прад'яўляе важкіх абгрунтаванняў патрэбы ў змене.

Дазвол на перамену імя сапраўдны на працягу месяца. Здаралася, што за гэты тэрмін людзі так і не прыходзілі ў ЗАГС, каб зарэгістраваць новы варыянт. Хтосьці ўрэшце проста вырашаў жыць са старым, а хтосьці падлічваў грошы, што спатрэбяцца на змену ўсіх дакументаў. Лічыце самі. Дзяржаўная пошліна пры заяве на змену імя — 1 базавая велічыня (сёння — 180 000), у лік якой уваходзіць і выдача пасведчання аб змене імя. А вось змена кожнага іншага дакумента (пасведчанні аб шлюбе і нараджэнні дзяцей, атэстат аб базавай адукацыі, дыплом, працоўная кніжка, пашпарт, тэхнічны пашпарт на жыллё, вадзіцельскія правы) абыдзецца яшчэ як мінімум у 0,5 базавай велічыні.

Чатыром асобам сёння ўжо адмовілі ў змене імя, таму што яны не змаглі матываваць сваё жаданне. Напрыклад, адзін хацеў, каб яго прозвішча гучала, як русіфікаваны варыянт адной з пор года на англійскай мове. Другі, былы грамадзянін Афганістана, жадаў сваё досыць складанае замежнае прозвішча замяніць назвай правінцыі, дзе ён нарадзіўся. Трэцім быў хлопец, які займаецца камп'ютарнымі гульнямі і праграмамі і карыстаецца ў сеціве англійскім псеўданімам. Ён плануе ехаць жыць у Амерыку і хацеў афіцыйна зарэгістраваць свой нік як імя. Аднак раздрукоўкі старонак з інтэрнэту не з'яўляюцца доказам таго, што ён працуе пад гэтым псеўданімам. Чацвёртай стала тая ж дзяўчына, што змяніла праваслаўнае імя на мусульманскае: калі яна звярнулася па змену прозвішча, то не змагла абгрунтаваць сваё жаданне.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.