Вы тут

Халады без рызыкі


Год таму бабуля ў адной з вёсак Шклоўскага раёна запальвала агонь у печы з папяровага «факела». Але палаючы кавалак вываліўся на складзеныя побач дровы. Пенсіянерка ўбачыла гэта і пабегла на вуліцу, каб паклікаць на дапамогу. Аднак за нешта зачапілася і бразнулася на падлогу. На шчасце, яе крыкі пачуў сусед, які і выцягнуў небараку на свежае паветра. Бабуля не пацярпела, але ад дома засталіся толькі галавешкі...

30-36

«Танчыць» ад печы

— Штогод у Беларусі адбываецца каля тысячы пажараў, якія так ці інакш маюць дачыненне да абагрэву памяшканняў, — кажа памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — У значнай меры іх правакуе не столькі памылковая канфігурацыя печы, колькі яе няправільная эксплуатацыя. Цяпер самы час падрыхтавацца да чарговага халоднага сезона. Бо калі печ будзе неабходна прапальваць ледзь не штодня, якісьці кардынальны рамонт будзе ўжо пад вялікім пытаннем. І непрацяглых цёплых перыядаў кшталту «бабінага лета» можа не хапіць.

Няправільная эксплуатацыя печы нясе небяспеку па трох «франтах». Гэта ўтварэнне чаднага газу, вугалёў, якія могуць разлятацца, і рызыка механічнага разбурэння. Папярэдзіць іх вельмі проста. Чадны газ можа прасачыцца праз шчыліны ў корпусе печы. Таму пабяліце яго разам з дымавымі каналамі як у памяшканнях, так і на гарышчы, і прапаліце ў печы ў тэставым рэжыме. Калі дзесьці герметычнасць парушылася, то сажа, якая выступіць на свежай пабелцы, вельмі лёгка выявіць слабыя месцы. На гарышчы таксама неабходна пачысціць комін ад сажы. Лічыцца, што падчас ацяпляльнага сезона гэта неабходна рабіць не радзей за адзін раз на 2 месяцы.

Пры згаранні дроў утвараюцца вугалі, якія маюць уласцівасць разлятацца. Таму перад топачнай адтулінай мусіць быць прыбіты на падлозе металічны ліст. Ён не павінен быць меншым за 50х70 сантыметраў. Аднак калі ліст перавышае гэтыя памеры, абразаць яго наўмысна не трэба. Не мае значэння, сталь гэта будзе ці алюміній. Распальваць печ нельга з дапамогай нейкіх пыжоў ці гаручых вадкасцяў.

Печ мусіць мець самастойны падмурак, яна не павінна прымыкаць усёй плоскасцю да сцяны ў драўляным доме. Паміж імі неабходна пакідаць адтуліну — паветраны прамежак у некалькі сантыметраў. А вось пры рамонце печы ў адным з дамоў у Крычаве пра гэта забыліся. Гаспадыня паліла ў печы цэлы дзень і некуды адышлася. А вярнулася ўжо на пажар. У попел ператварыліся сцены, перакрыцці і дах дома...

Пакуль на двары яшчэ не так халодна, трэба заняцца генеральнай прыборкай гарышча — наўрад ці хтосьці туды палезе ў зімовыя халады. Справа ў тым, што з-за жару, які пастаянна ідзе ад коміна, там усё вельмі сухое. А вось калі нейкая дошка ці паперчына прыхінецца да распаленай трубы...

— Калі ёсць магчымасць, то забярыце на зіму бабуль і дзядуляў з вёсак у гарадскую кватэру, — раіць Віталь Навіцкі. — З узростам, на жаль, чалавек становіцца менш рухавым, можа рассейвацца ўвага. Нават калі адказны сын адрамантуе старую электраправодку, прывядзе ў парадак печ, то ўзроставыя фактары могуць аказацца фатальнымі. Ды і зімовыя ўмовы надвор'я — халады, снегапады, — дадаюць цяжкасцяў. Калі хата абаграваецца не катлом, а печчу, трэба пастаянна насіць дровы.

Яшчэ адзін «падводны камень», які падсцерагае карыстальніка печы, — гэта яе перапальванне. У халоднае надвор'е так і хочацца пратапіць у печы без перапынку, але... нават самая вогнестойкая цэгла не вытрымае гадзін такіх нагрузак. Таму лепш паліць у печы двойчы на суткі, пакідаючы інтэрвал часу ў некалькі гадзін. Гарачы попел, які выграбаецца з печы, трэба астудзіць у вядры вадой, пяском і снегам. А высыпаць яго трэба ў яму, якая істотна аддалена ад усяго таго, што можа загарэцца.

30-35

Газавая пліта — не прыбор ацяплення

Ёсць шмат прычын, чаму прыватны дом лепшы за шматпавярховы. Адна з іх — магчымасць уключыць ацяпленне самастойна, калі гэтага хочацца. У кватэрах жа давядзецца чакаць, пакуль «адтаюць» батарэі. Пры гэтым сярэдняя тэмпература паветра на дварэ не павінна перавышаць на працягу пяці дзён 8 градусаў цяпла. Натуральна, што каб астыць, кватэры хопіць літаральна дня-двух халоднага і ветранага надвор'я. Мерзнуць жа нікому не хочацца. Вось і пачынаюць людзі шукаць іншыя шляхі. Адзін з іх — бескантрольнае паленне газавай пліты. Праўда, актуальна гэта толькі для тых кватэр, куды яшчэ па розных прычынах не дабраліся лічыльнікі колькасці спажытага «блакітнага паліва».

— Выкарыстоўваць газавую пліту ў якасці абагравальніка катэгарычна нельга, — працягвае Віталь Навіцкі. — Згадаем простую хімічную рэакцыю са школьнага падручніка. Метан пры рэакцыі з кіслародам утварае вуглякіслы газ і ваду. Таму самае бясшкоднае наступства для жылля — істотнае павышэнне вільготнасці паветра ў кватэры і стварэнне яшчэ больш некамфортных умоў пражывання. А паколькі газавая пліта можа прапальваецца гадзінамі, то кісларод вакол яе паступова выгарыць, і з-за яго недахопу пачне ўтварацца ўжо чадны газ. Па цыркуляцыі паветра гэтая смяротная сумесь распаўсюдзіцца па ўсім жылым памяшканні. Газ можа і прапасці на некаторы перыяд. А калі метан пойдзе па трубе зноў, ён гарэць ужо не будзе! І можа хапіць літаральна адной іскрынкі, каб ваша жыллё ператварылася ў кадр з постапакаліптычнага фільма...

Рэсурс электраправодкі не бясконцы

Таму адзіны сродак — гэта выкарыстанне электрычных абагравальнікаў. Абыходзіцца з імі проста — дастаткова прачытаць інструкцыю і няўхільна выконваць яе. Зэканоміўшы крыху грошай на куплі фабрычнага сертыфікаванага абагравальніка, ёсць вялікая рызыка застацца пасярод закураных сцен. І не пакідайце яго без кантролю!

— Аднак існуе адзін нюанс, на які чамусьці ўвагі звяртаецца мала. Для праводкі і засцерагальнікаў існуе ліміт агульнай магутнасці ўсіх падключаных у пэўны час электрапрыбораў. Для дамоў, абсталяваных электрычнымі плітамі, гэта актуальна ў меншай ступені: энергаабсталяванне там зыходна разлічвалася на пэўныя нагрузкі. А калі вы жывяце ў кватэры, дзе на кухні стаіць газавая пліта, то трэба высветліць, на якую ж гранічную магутнасць электрапрыбораў вы можаце разлічваць. Зрабіць гэта можна ў арганізацыі, якая абслугоўвае дом. Разам з тым трэба мець на ўвазе ўзрост самога дома. Натуральна, што для камунікацый, пракладзеных, напрыклад, у 1970-я гады, «запас трываласці» закладваўся меншы, чым цяпер, ды і іх уласнае старэнне таксама ўносіць карэктывы. Таму, каб не дапусціць перагрузкі электрасеткі, не ўключайце ў кватэры адначасова некалькі магутных электрапрыбораў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.