Чацвер


Чацвер — «мужчынскі» дзень тыдня, якому ў сучаснай сістэме адліку часу адпавядае цотны лік чатыры. Чацвер, як і аўторак, сведчыць аб тым, што ў славянскім календары некалі адбыліся прынцыповыя змены, якія прывялі да відавочнага парадоксу. Парадкавыя нумары аўторка і чацвярга — цотныя (2-гі і 4-ты), але цотныя лічбы ў многіх культурах свету былі праявай жаночага пачатку і ім павінны былі адпавядаць такія дні тыдня, як серада і пятніца. Толькі так адносна стрыманыя адносіны да гэтых дзён супадалі б з сімволікай жаночага (цотнага) радавога пачатку. Парадокс жа стаўлення да аўторка і чацвярга ў тым, што яны адлюстравалі жаночы (цотны) пачатак у парадкавай нумарацыі, але пры гэтым маюць назвы мужчынскага роду, на чым пераважна і грунтуюцца станоўчыя адносіны да іх.

* Чацвер лічыцца найбольш спрыяльным днём для шматлікіх доўгатэрміновых перспектыўных пачынанняў, напрыклад, для пачатку будаўніцтва новай хаты, для ўдалых сватаўства і заручын, зажынак і г.д.

* Гэты дзень мае яркую гаспадарчую накіраванасць. У чацвер, як правіла, квасілі капусту, салілі агуркі.

* На Беларускім Палессі ў чацвер выпякалі вясельны каравай. І толькі ў тым выпадку, калі жаніх нарадзіўся ў гэты дзень тыдня, каравайны абрад пераносілі або на сераду, або на пятніцу.

* Па назіраннях нашых продкаў, людзі, народжаныя ў чацвер, часцей за ўсё маюць прыгожую знешнасць: светлы твар са здаровым румянцам, ясныя вочы. Галаву яны носяць з гордасцю і годнасцю. Ніколі не просяць нешта пазычыць (лепш зацягнуць патужэй пояс), не з'яўляюцца кар'ерыстамі, не чытаюць мараляў. Любяць ваду, добра плаваюць. Смачна гатуюць, любяць прымаць у сябе гасцей, спяваць душэўныя песні. Народжаныя ў чацвер — добрыя сябры, клапатлівыя бацькі, якія, аднак, больш за ўсё паважаюць утульнасць і спакой.

Янка Крук, Аксана Катовіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.