Вы тут

Супервечар ад БАТЭ


Барысаўскія футбалісты здабылі першую перамогу ў розыгрышы Лігі чэмпіёнаў.

Усе, безумоўна, верылі ў каманду, падтрымлівалі яе, аднак наўрад ці былі тыя, хто мог дакладна прадказаць сцэнарый супрацьстаяння БАТЭ і «Ромы». Непрыемныя вынікі «жоўта-блакітных» у леташнім турніры, калі барысаўчане пацярпелі некалькі балючых паражэнняў, разам з нядаўняй няўдачай ад «Баера» дабавілі скептычных поглядаў у бок беларусаў. Але ў барысаўчан ёсць адна вельмі добрая якасць — каманда можа прыемна здзіўляць. І не толькі сваіх прыхільнікаў, але і ўсю футбольную Еўропу. Так было ў 2012-м, калі каманда перайграла французскі «Ліль» і нямецкую «Баварыю», летась, калі барысаўчане на лапаткі паклалі ўпарты «Атлетык» з Більбаа, і ў 2008-м, калі нічыі з вядомым «Ювентусам» расцэньваліся многімі як перамогі.

1-41

Гэтым разам БАТЭ перамог славутую італьянскую «Рому», віцэ-чэмпіёна Італіі. Безумоўна, нехта скажа, маўляў, рымляне недаацанілі беларусаў, выглядалі млява ў першай палове. Але якая розніца, па вялікім рахунку? Гэта праблемы італьянцаў. А беларусы сваю працу ў першай палове выканалі выдатна: галамі адзначыўся Ігар Стасевіч і Філіп Младзенавіч, які запісаў на свой рахунак дубль. Другі тайм для трэнерскага штаба барысаўчан атрымаўся валідольным. «Рома» ўсё ж такі здолела адыграць два мячы, але гэтага ў той дзень аказалася замала, каб зарабіць балы.

Пасля завяршэння гэтага неверагоднага матча ў выкананні нашага чэмпіёна з «Ромай» у запоўненым журналістамі прэс-цэнтры «Барысаў-Арэны» панавала ўзрушанасць. Адны чакалі канферэнцыю трэнераў, другія рыхтавалі дыктафоны для размовы з футбалістамі, трэція рэдагавалі фотаздымкі, ну а чацвёртыя хутка стукалі па клавішах сваіх ноўтбукаў, каб аператыўна «заліць» у інтэрнэт першыя рэпартажы. Нехта з калег уставіў у назву слова «сенсацыя», іншы назваў гэтае відовішча феерычным, ну а я, акрамя слова «супер» анічога напачатку падабраць не мог. Але тое, што адбылося ў гэты халаднаваты вечар на запоўненым стадыёне ў Барысаве, сапраўды інакш не назавеш.

1-40

— Прыемна распачалі матч. Забілі тры прыгожыя мячы. Мяркую, мы здзівілі «Рому», — прызнаўся пасля сустрэчы ў фае стадыёна Каспарс Дубра, латвійскі абаронца БАТЭ. — Першую палову мы правялі вельмі моцна, а ў другой нават не ведаю, што здарылася: альбо «падселі», альбо зарана пачалі верыць у перамогу. Клас у «Ромы» высокі, і яны нас пакаралі за нашы памылкі... На сённяшні момант для мяне гэта самая вялікая перамога ў кар'еры. Аднак, спадзяюся, будуць і іншыя.

— Ці атрымалася выканаць трэнерскую ўстаноўку на другі тайм?

— Мы планавалі працягваць гуляць без авантур, стараліся хуткімі перадачамі пераходзіць у атаку. Атрымалася не так, як у першым тайме, але было некалькі магчымасцей, каб забіць галы.

1-39

— На якія моманты ў гульні саперніка трэнер найперш прасіў звярнуць увагу?

— У сваім чэмпіянаце рымляне імкнуцца даводзіць усё да яснага: ганяюць мяч з фланга на фланг, чакаюць, калі ўзнікнуць вольныя зоны ў саперніка. Мы былі да гэтага падрыхтаваны, не пакідалі зон, куды б маглі забегчы сапернікі. То бок мы чакалі ад іх таго, што яны робяць.

1-38

— Ці ўдалося нешта змяніць у псіхалогіі пасля паражэння ў Германіі ад «Баера»?

— З «Баерам» мы правалілі толькі другі тайм. Першы завяршыўся з лікам 1:1, і ўсе ў раздзявальні верылі, што можам спакойна выцерпець нічыю. Не атрымалася. Але нічога. Рыхтаваліся да «Ромы». Дзякуй Богу, што ўсё так завяршылася. Віншую з перамогай!

У другім матчы групы «Барселона» перайграла «Баер» (2:1). БАТЭ з трыма баламі знаходзіцца цяпер на трэцім месцы групы «Е».

1-37

Што пішуць у сеціве?

Alf_Ekb, Sports.ru

«БАТЭ — крутыя хлопцы, што тут яшчэ казаць».

Yanus, Pressball.by

«Другі тайм, безумоўна, быў слабейшым, але, увогуле, нядрэнны. Так, «Рома», безумоўна, ціснула, але гэта віцэ-чэмпіён Італіі, на секундачку. Каманда, якая ў першым туры згуляла ўнічыю з «Барселонай». Напрыканцы была відаць стомленасць, аднак вытрымалі. Было часам і шанцаванне, але пакуль без яго мы такія каманды перамагаць не можам. Ну а так — малайцы, з перамогай!».

Аляксей Смірноў, Sports.ru

«Зорак няма, але свядомасць ёсць і імкненне!»

Stark-FX, Football.ua

«З перамогай, браты! Ніхто не верыў. У першым тайме разарвалі, у другім падселі, апусціліся ніжэй. Аднак выстаялі! Малайцы!»

Brodovka, By.trіbuna.com

«Усіх беларусаў з перамогай! Хлопцы яе зарабілі. Дай Божа, каб яна не была адзінай у гэтай ЛЧ.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

г. Барысаў

Фота Надзеі БУЖАН

Таксама можна паглядзець анлайн- і фотарэпартажы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.