Вы тут

Экслібрыс ад класіка


Пятро Глебка пакінуў нам у спадчыну не толькі сваю творчасць, але і ўнікальны кнігазбор.

Па старым стылі юбілей Пятра Глебкі прыпадае на 23 чэрвеня. А 23 верасня праз 110 гадоў пасля нараджэння пісьменніка, вучонага, грамадскага дзеяча, перакладчыка і журналіста Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Акадэміі навук ушанавалі яго памяць успамінамі, прадстаўленнем каталога «Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905-1969)» і адкрыццём выставы.

1-35

Месяц таму навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа наведаў грамадзянін Расіі, які палічыў сваім абавязкам знайсці месца, дзе захоўваецца спадчына Пятра Глебкі. Аказалася, яго бацька некалі сябраваў з пісьменнікам і шмат распавядаў сыну пра яго чалавечнасць і дапамогу, аказаную іх сям'і ды іншым людзям яўрэйскай нацыянальнасці. Госць падарыў бібліятэцы дзве кнігі: зборнік яўрэйскіх паэтаў на яўрэйскай, беларускай, рускай, польскай і беларускай лацінкай мовах, выдадзены ў 1940 годзе ў Беластоку, і выданне 1951 года «Под небом Родины».

На жаль, гэтыя кнігі не паспелі трапіць у каталог «Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905-1969)», прадстаўлены на святкаванні юбілею пісьменніка «І закрасуе скрозь шыпшына...» (названага так у гонар першага паэтычнага зборніка Пятра Глебкі «Шыпшына»). Затое падарунак сведчыць пра тое, што каталог своечасовы і патрэбны.

Сапраўды, Пятро Глебка пакінуў нам у спадчыну не толькі сваю творчасць, але і ўражальны ўласны кнігазбор, які налічвае амаль чатыры тысячы рэдкіх і каштоўных кніг. Па жаданні самога Глебкі пасля яго смерці збор перададзены ў дар Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, дзе і захоўваецца пазначаным адмысловым экслібрысам і сёння.

«Каталог, які мы прэзентуем, традыцыйны, на паперы, — распавядае загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Аляксандр Стэфановіч. — Гэтым мы працягваем існуючыя традыцыі. Ён уяўляе з сябе навуковае апісанне кніг з унікальнага кніжнага збору Пятра Глебкі. Тут жа размешчаны публікацыі, прысвечаныя, напрыклад, жыццю і творчасці пісьменніка ці экслібрысам, што рабіліся спецыяльна для яго бібліятэкі. Магчыма, каталог не быў бы завершаны, калі б мы ў свой час не далі абяцанне дачцэ Пятра Глебкі Ларысе Пятроўне. Гэта праца не аднаго года, і мы прыклалі шмат намаганняў, каб давесці яе да канца. Тут апісаны кніжны збор, але ў бібліятэцы ёсць і багатая калекцыя перыёдыкі, першыя выданні беларускіх газет і часопісаў. Мы мяркуем, што ў другое выданне каталога ўвойдзе перыёдыка і багаты рукапісны матэрыял Глебкі, якім мы валодаем».

Бібліятэка паклапацілася таксама і пра выставу, заснаваную на кнігах уласнага кнігазбору Пятра Глебкі і матэрыялах з яго архіва, які захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі. Тут пастараліся адлюстраваць напрамкі, якімі цікавіўся пісьменнік, што, дарэчы, аказалася складана зрабіць — настолькі разнастайнымі і шматлікімі аказаліся інтарэсы ўладальніка.

Калі ў 1928 годзе Пятро Глебка пераехаў у дом на вуліцы Розы Люксембург, большую частку яго пажыткаў складалі кнігі, і з тых часоў яго асабісты кнігазбор толькі пашыраўся, калекцыя разрасталася дзякуючы экзэмплярам з дароўнымі подпісамі.

Часам Глебка траціў у кнігарні апошнія грошы, часта кнігі яму дарылі сябры, беларускія пісьменнікі — маладнякоўцы, узвышаўцы, аўтары старэйшага пакалення, што заходзілі ў госці. У бібліятэцы Пятра Глебкі маюцца кнігі з кароткімі подпісамі ад Янкі Купалы, якога той лічыў настаўнікам, ад блізкага сябра Кандрата Крапівы, які прэзентаваў як невялікія п'есы, так і шматтомныя зборы твораў, ад Петруся Броўкі (яны пасябравалі яшчэ ў студэнцкія часы і назваліся Пятро і Пятрусь, каб іх не блыталі), Валерыя Маракова, падарункі ад літаратараў ледзь не ўсіх рэспублік Савецкага Саюза.

Часткі прыватных і дзяржаўных кнігазбораў губляліся падчас вайны, але бібліятэка Пятра Глебкі захавалася цалкам і ў пасляваенны час дапамагла напісанню вялікай колькасці навуковых работ.

Пятро Глебка быў загадчыкам аддзела лексікалогіі ў Інстытуце мовазнаўства, потым фактычна заснавальнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Пры яго ўдзеле пачалася праца над шматтомным зборам беларускага фальклору. Пісьменнік працаваў у Акадэміі навук 25 гадоў і заўсёды клапаціўся аб падтрымцы беларускіх вучоных, прыкладаў намаганні, каб больш людзей ішлі па шляху навукі.

Дачка Пятра Глебкі Ларыса Пятроўна, якая прысутнічала на мерапрыемстве, самым дарагім падарункам для сябе назвала кнігі, атрыманыя ад бацькі, і ўспомніла гару дысертацый, што ён чытаў падчас працы ў Акадэміі навук: «Неяк маці сказала: «Што ты ўсё чытаеш, ты б сам абараніў дысертацыю». На што бацька адказаў: «Мне не трэба самому станавіцца вучоным, мне трэба, каб у Беларусі было многа вучоных».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.