Вы тут

Тэорыя кампенсацыі


Калі ў маім родным пасёлку абваліўся школьны дах і пад ім загінулі людзі, трагедыю перажывалі ўсе землякі. А потым жыхары падзяліліся на спачуваючых і зайздрослівых. Сем'ям загінулых дзяржава выплаціла немалую суму — так званую кампенсацыю. Злыя языкі і па сёння чэшуць, што бацькі нажыліся на смерці сваіх дзяцей. А я тады не разумела: якія грошы могуць кампенсаваць такую страту. Мне падавалася нават абразай з боку ўлад спрабаваць мераць жыццё банкнотамі. Цяпер я пераканана, што лёс сам выдае кампенсацыі пацярпелым. І куды больш вартай валютай, чым грашовая.

Без-имени-10

У знаёмых бізнесменаў згарэла лазня. Новая, вялікая, укамплектаваная лазня для кліентаў, якую толькі што аснасцілі свежазакупленай тэхнікай. Гаспадыня толькі ўздыхнула: «Шкада, але, відаць, так трэба». І неўзабаве да яе ў рукі прыплыў новы бізнес. Іншы напрамак, незанятая ніша. А памяшканне пад яго ўжо гатова! Рамонцік толькі зрабіць, аснасціць — і наперад! Новы бізнес пайшоў як па масле. Кампенсацыя.

Матуля дзяўчынкі з ДЦП, просячы дапамогі ў «Клуба 5000», расказвае сваю няпростую гісторыю. У захворванні дачушкі яна вінаваціць медыкаў. Па-першае, роды вялі няправільна, вымучылі немаўля, наглыталася яно каляплодных водаў, з'явілася на свет кволенькім, хоць уся цяжарнасць праходзіла добра. І, не звяртаючы ўвагу на стан дзяўчынкі, педыятр робіць другую стратэгічную памылку — прышчэпку. Пасля гэтага немаўля забіраюць у рэанімацыю. І ў якасці кампенсацыі праз нейкі час жыццё дасылае разгубленай матулі новага доктара, ужо неўролага. Ён шчыра кажа ёй, што медыцына ў іх выпадку можа толькі нашкодзіць. «Шукайце альтэрнатыўныя метады лячэння», — з гэтай фразы пачалося выратаванне дзяўчынкі. Маці возіць яе на сеансы дэльфінатэрапіі, іпатэрапіі, лечыць сонцам, морам і свежым паветрам. Прырода робіць неверагоднае! У той час, як іншыя дзеці з істотна меншымі пашкоджаннямі становяцца глыбокімі інвалідамі праз пабочныя дзеянні медыцынскіх сродкаў і працэдур.

Калі не стала на гэтым свеце маёй цёткі, у стрыечнага брата, яе сына, і без таго быў няпросты жыццёвы перыяд. Мы хваляваліся, як ён перанясе страту, і не ведалі, з якога боку падтрымліваць. І ў момант, калі апускаліся рукі, Нябёсы дасылаюць яму спадарожніцу, якая стала цэлым светам. Няхай сабе толькі на нейкі, але патрэбны час. Ён нават у сне пачынаў размову з маці, а заканчваў з дзяўчынай, ішоў на прагулку з матуляй, а вяртаўся ўжо з каханай. Кампенсацыя? Кампенсацыя!

Нават калі Бог абірае кагосьці ахвярай страшнай хваробы, раку, Ён дасылае кампенсацыю. Жанне Фрыске — сына і клапатлівага мужа, які прайшоў выпрабаванне і даказаў свае пачуцці. Хто ведае, можа, застаючыся здаровай і прыгожай сёння, яна была б адзінокай і няшчаснай. Без кампенсацыі.

Я ведаю некалькі сем'яў, якія ўтварыліся ў бальніцы, у Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, на нашых вачах. Прыехаўшы лячыць сваё дзіцятка, няшчасная матуля з далёкай глыбінкі расплюшчвала вочы і бачыла, што муж-прапойца, які яшчэ і руку часцяком на яе падымае, не адзіны мужчына ў свеце. Кідала такога, не азіраючыся, і сыходзілася з адзінокім таткам у клініцы, які таксама апёкся ў выбары паловы. Не ўсім з такіх пар шчасціла ехаць дадому поўным складам — яны разам перажывалі смерць дзяцей і разам пачыналі новае жыццё. Як кампенсацыю.

А была адна матуля, удава, гадавала дваіх дзетак. Жыла сям'я за рысай беднасці. Але такая была сумленная, такая шчырая, сардэчная. І давялося ёй прайсці лячэнне ў дзіцячым анкацэнтры і пахаваць сыночка. А пакуль ён лячыўся, сям'ю наведвала замежная дэлегацыя, гуманітарную дапамогу прывозіла. Падтрымлівалі маці, калі хлопчыка не стала. І так яна сваёй дабрынёй уразіла аднаго мужчыну, што забраў яе разам з другім дзіцем, пасадзіў на «белага каня» і павёз за мора-акіян, па другі бок ад рысы беднасці. Казка? Не, кампенсацыя.

Цяпер я пераканана, што кампенсацыі раздае не дзяржава, не Прэзідэнт, не райвыканкам і не каса ў банку. Іх раздае Бог, Сусвет, жыццё — каму што бліжэйшае. І кантрольны аргумент у падтрымку маёй тэорыі Кампенсацыі.

Анкалагічныя і гематалагічныя захворванні дзецям часта лечаць перасадкай касцявога мозгу. А вось падыходзячага донара знайсці няпроста. Найчасцей за ўсё прыдатныя клеткі знаходзяцца за мяжой, але і пошук, і транспарціроўка, і трансплантацыя каштуюць дзяржаве дзясяткі тысяч долараў. Таму на падыходнасць касцявога мозгу ў першую чаргу правяраюць найбліжэйшых сваякоў хворага.

Калі трасплантацыю ствалавых клетак рабілі нашай падапечнай Людміле, падышлі клеткі яе роднога брата. За донарства (нават крыві — гэта ўсе ведаюць) належыць ганарар, заробак, кампенсацыя — каму што бліжэйшае. Працэдура забору касцявога мозгу больш складаная і хваравітая за здачу крыві — аплата адпаведная. Дык вось Людмілін брат, маці, сама Люда катэгарычна адмовіліся браць за гэта грошы. Вясковая сям'я з дзевяццю дзецьмі, дзе бацькі працуюць у калгасе, адмовілася ад вялікай сумы грошай. Не на словах — заяву напісалі, подпісы паставілі.

Пяць гадоў прайшло з таго часу. А Людміліна маці і сёння абураецца: «Як яны маглі прапанаваць нам грошы за тое, што мы ратавалі сваю дачку? І як мы маглі ўзяць тыя грошы, калі столькі дзяцей трэба лячыць? Навошта нам тая кампенсацыя? Няхай на справу ідуць!» Мудрая вясковая жанчына, як і я, верыць у іншую кампенсацыю.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.