Вы тут

Партызанскае вяселле,


або Дынастыя чулых сэрцаў.

Двойчы давялося мне апошнім часам папраўляць здароўе ў Гомельскім абласным клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. За 74-гадовы перыяд існавання гэтай медыцынскай установы яе ўзначальвалі сем чалавек. Адметна, што ў дваіх з іх адно і тое ж прозвішча — Друян.

Друяны — гэта дынастыя медыкаў, тры пакаленні лекараў ад Бога, працоўны стаж якіх складае каля двух стагоддзяў. Бацька і сын — Ібрагім Леанідавіч і Леанід Ібрагімавіч — кандыдаты медыцынскіх навук, дацэнты, заслужаныя ўрачы Беларусі, якія выратавалі многія жыцці, ардэнаносцы (у скарбонцы Друянаў — ордэны Айчыннай вайны, Пашаны, медалі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны»...). Да таго ж яны — не толькі слынныя медыкі, а людзі з чыстай і добрай душой, што ў гутарцы са мной падкрэслівалі і ветэраны вайны, з якімі я пазнаёміўся ў шпіталі. Ад іх жа я і даведаўся, што ў Друянаў незвычайны сямейны лёс, у якім знітаваны ўзаемапавага, любоў да чалавека і самаадданае служэнне Радзіме...

«Альбом успамінаў» я пагартаў разам з 94-гадовай жонкай Ібрагіма Леанідавіча Марыяй Лявонцьеўнай, якая не здрадзіла прафесіі медыцынскай сястры, пачынаючы
з партызанскага атрада і заканчваючы шпіталем інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Шмат чаго цікавага пра бацьку і маці расказаў Леанід Ібрагімавіч...

[caption id="attachment_103296" align="alignnone" width="600"]Роданачальнік сямейгай дынастыі медыкаў Ібрагім Леанідавіч. Роданачальнік сямейнай дынастыі медыкаў Ібрагім Леанідавіч.[/caption]

Вытокі

Калі Ібрагім Леанідавіч успамінаў пра сваё дзяцінства, дык заўсёды падкрэсліваў беднасць бацькоў, што жылі на Крымскім паўвостраве. Светлую будучыню яны звязвалі з уступленнем у калгас і марылі аб тым, каб сын атрымаў адукацыю. Дарэчы, хлапчука яны назвалі Ібрагімам у гонар азербайджанца, які выратаваў іх сям'ю ад разні, што нярэдка здаралася да рэвалюцыі ў Крыме, калі адбываліся сутыкненні мясцовага насельніцтва на нацыянальнай глебе.

Пасля сямігодкі Ібрагім паступіў у металургічны тэхнікум. Будучая прафесія абяцала неблагое жыццё. Але пасля практыкі на заводзе выявілася, што яна не па характары юнака, таму ён і развітаўся з тэхнікумам, стаўшы студэнтам Днепрапятроўскага медыцынскага інстытута.

Там Ібрагім вучыўся з вялікай ахвотай і лічыўся адным з найлепшых на курсе. І вось ужо на «выдатна» здадзены 21 чэрвеня 1941 года апошні экзамен, і неўзабаве павінен адбыцца выпускны вечар. Толькі з гэтага нічога не атрымалася...

Заўтра была вайна

Ібрагіма выклікалі ў ваенкамат і адправілі ў Крывы Рог. Маладога лейтэнанта прызначылі начальнікам эвакуацыйнага аддзялення палявога перасоўнага шпіталя, які накіроўваўся ў Жытомір. Там адразу ж пачалі прымаць параненых чырвонаармейцаў. Іншым разам да 800 чалавек у дзень. Суткамі не спалі медыкі пад разрывамі бомбаў і выццё самалётаў: столькі было работы. Не знаходзіўся ў баку ад яе і Ібрагім. Калі стала зразумела, што вось-вось вораг захопіць горад, кіраўнікам шпіталя было загадана ноччу пакінуць яго і ўзяць курс на сталіцу Украіны.

...У час пераправы праз невялікую рэчку на калону медыкаў наляцелі варожыя самалёты, пасыпаліся бомбы. Узрыўной хваляй адной з іх Ібрагіма падкінула ўгору і бразнула вобзем. Калі ён апрытомнеў, то ўбачыў у назе асколак, які ўдалося выцягнуць. Агледзеўся: паўсюдна трупы, адны машыны дагараюць, іншыя раскурочаны. Калона разбіта ўшчэнт. Паспрабаваў адпаўзці ў кусты, а насустрач — група аўтаматчыкаў з закасанымі да локцяў рукавамі.

Палон

Потым быў канцлагер. Кожны дзень жудасныя здзекі з палонных. Порцыя смярдзючай баланды, пастаянны голад, непасільная праца пад ударамі дубінак, смерць ад гнойных ускладненняў. У гэтых невыносных умовах у галовах палонных выспявалі планы ўцёкаў, якія ў абсалютнай большасці заканчваліся трагічна. Тым не менш спробы збегчы не спыняліся.

Першыя ўцёкі Ібрагіма праваліліся: яго злавілі, вярнулі назад і для забавы кінулі ў глыбокую туалетную яму. На дзіва немцаў Друяну ўдалося выкараскацца з яе, а вось двое яго сяброў так і патанулі там.

Немцам патрэбны былі моцныя фізічна і духам мужчыны, і праз нейкую манашку Ібрагіму паступіла прапанова служыць новым уладам, на што ён не пагадзіўся і зноў пачаў абдумваць варыянты ўцёкаў. На гэты раз яму пашанцавала. У канцлагеры пад выглядам фашысцкага прыхвасня дзейнічаў савецкі патрыёт Аляксандр Сафіеў. Ён займаў пасаду перакладчыка і быў звязаны з партызанамі праз падпольшчыка, доктара гарадской бальніцы Фёдара Міхайлава. Менавіта Аляксандр Сафіеў і дапамог Ібрагіму і яшчэ двум палонным дабрацца да партызанскага атрада. Фёдара Міхайлава праз некаторы час немцы павесілі. Пасля вайны яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

[caption id="attachment_103295" align="alignnone" width="600"]Леанід Ібрагімавіч  з жонкай Ганнай Іванаўнай і унукамі. Леанід Ібрагімавіч з жонкай Ганнай Іванаўнай і ўнукамі.[/caption]

У партызанах

Атрад быў невялікі і пастаянна папаўняўся, не даючы немцам спакою. Не чакаючы наступлення зімы, камандзір яго вырашыў перабазіравацца ў беларускія лясы. Шлях быў небяспечны, з нярэдкімі сутычкамі з паліцаямі і немцамі. Хоць і са стратамі, але дайшлі туды ў жніўні 1942 года, сустрэліся з кіраўнікамі беларускага партызанскага руху на востраве Зыслаў, дзе, дарэчы, выпускалася газета «Звязда».

Ібрагіму Леанідавічу даручылі ўзначаліць санітарную службу спачатку ў атрадзе, а затым і Мінскім партызанскім злучэнні. Работы было па вушы, бо не хапала не толькі ўрачоў і медыцынскіх сёстраў, але і інструментаў, лекаў.

Друян дабіўся таго, што ў партызанскай майстэрні наладзілі выраб вельмі патрэбных хірургічных інструментаў, а з лясных зёлак — лекавых прэпаратаў. Дзякуючы яму пачалі будаваць для параненых і хворых партызанскія шпіталі, дзе праводзіліся хірургічныя аперацыі, былі арганізаваны лазні...

Мы ўжо не кажам пра тое, што цэлымі гадзінамі Ібрагіму Леанідавічу, як урачу-хірургу, даводзілася стаяць за аперацыйным сталом.

— Аднойчы, — расказвае Леанід Ібрагімавіч, — бацька прыгадаў такі выпадак. Яму давялося аперыраваць вясковую жанчыну і выратаваць ёй жыццё. У знак удзячнасці яна ўручыла яму некалькі дзясяткаў залатых пяцірублёвак. Ён перадаў іх на будаўніцтва танкавай калоны.

І тут з'явілася Марыя...

У пачатку 1943 года Ібрагім Леанідавіч прыехаў у вёску Сасноўка рыхтаваць у партызанскай аптэцы медыцынскія прэпараты з траў і пупышак бярозы і вольхі. Зірнуў у акно і ўбачыў, што з запрэжаных канём саней выходзяць дзве дзяўчыны. «Медыцынскія сёстры з Палескага партызанскага злучэння», — адрэкамендаваліся яны. Адна з іх, Марыя Вежнавец, расказала, што яна суправаджае групу цяжкапараненых, якіх неабходна адправіць на Вялікую зямлю, а самалёта ўсё няма і няма. Тым часам у яе закончыліся бінты, а асобным параненым патрабуецца ўрачэбная дапамога. Дык ці можна ў гэтых пытаннях разлічваць на Друяна?

— Назаўтра, — апавядала мне Марыя Лявонцьеўна, — Ібрагім Леанідавіч, чаму я ўзрадавалася, быў ужо ў Альбінску, агледзеў параненых, гутарыў з імі, даваў кансультацыі. Тыя хвалілі мяне, што я добра даглядаю іх. Ды і сам доктар пасля, калі мы пілі гарбату ў маім пакойчыку, гаварыў аб гэтым. Так пачалося наша знаёмства, якое і прывяло да шлюбу.

— Што, і вяселле, можа, было?

— Было. Партызанскае. Сабраліся невялічкай кампаніяй. Віншаванні, адна-дзве чаркі (як без гэтага?), песні. Вось і ўсё.

«Выкуп» за нявесту

А вось успаміны аб гэтым самаго Ібрагіма Леанідавіча. З першых хвілін знаёмства з Марыяй ён адчуў, як гулка забілася яго сэрца. Такога пачуцця ў яго раней не было: закахаўся першы раз у жыцці. Аб чым прызнаўся ёй, чарнавокай і ружовашчокай прыгажуні, праз некаторы час. І прапанаваў выйсці за яго замуж. Марыя не спяшалася з адказам: трэба параіцца са старэйшым братам, ды вайна ж, які шлюб?

Завязалася перапіска. Ібрагім Леанідавіч, калі ў штаб злучэння, дзе ён знаходзіўся, наведваліся сувязныя брыгады Фёдара Паўлоўскага, у якую ўваходзіла Марыя Лявонцьеўна, перадаваў ёй пісьмо і з нецярпеннем чакаў адказу. І кожны раз адчуваў цеплыню яе слоў. Нарэшце — згода! Аб чым з захапленнем паведаміў Фёдару Іларыёнавічу, калі той з'явіўся ў штаб злучэння. Паўлоўскі моцна паціснуў яму руку, павіншаваў і сказаў:

— Ты вельмі ўзрадаваў мяне, Ібрагім Леанідавіч. Бо ў маёй брыгадзе цяпер будзе такі класны спецыяліст. Жыллё выдзелім вам адразу ў адной з хат.

— Не атрымаецца, Фёдар Іларыёнавіч. У наш шпіталь патрэбна высокакваліфікаваная медсястра. Так што...

Дамовіцца тады з Героем Савецкага Саюза, аўтарытэтным камандзірам партызанскай брыгады Фёдарам Паўлоўскім Друяну не ўдалося, але ён не здаўся і тут жа звярнуўся да камандзіра партызанскага злучэння Мачульскага: пасадзейнічайце, калі ласка, Раман Навумавіч. Назаўтра паміж гэтай тройкай адбылася шчырая размова — пра каханне. Паўлоўскі, як той казаў, выкінуў белы сцяг. Праўда, пры адной умове: будзе выкуп нявесты — усё пойдзе ладам.

Так яно потым і атрымалася. Калі праз некаторы час Ібрагім Леанідавіч прыехаў у Рудабелку, дзе знаходзіўся штаб брыгады Паўлоўскага, яму давялося выставіць камандзіру, начальніку і камісару штаба бутэльку першака-самагонкі. Выклікалі Марыю, але тая з'явілася не так хутка, бо прымала роды ў адной вясковай жанчыны. А калі прыйшла, камандзір брыгады пад патрабаванні «Горка!» (людзей, што прачулі пра сватаўство доктара, сабралася тут ужо нямала) павіншаваў маладых з законным шлюбам.

Леанід Ібрагімавіч

— Нацярпеўся народ у час вайны, — кажа Марыя Лявонцьеўна. — Усяго не раскажаш. Барані Божа ад такога. Шкада, што Ібрагіма Леанідавіча няма ўжо ў жывых. Радасна ад таго, што сын у нас ёсць, Лёня. Ганаруся ім. Ён пайшоў па нашых слядах, працягнуў нашу справу медыкаў. Нарадзіўся ён у ліпені 1944 года, калі для Ібрагіма Леанідавіча і мяне вайна закончылася ўжо, і мы з групай былых партызанаў былі адпраўлены ў Камянецкі раён для аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Па дарозе вырашана было заначаваць у адной з вёсак, дзе засталося некалькі хат. Але не дайшлі туды, бо ў мяне пачаліся роды.

Акрамя Ібрагіма Леанідавіча, медыкаў у групе не было. І ён вымушаны быў прыняць сына ў нейкім будане, па якім стралялі (у той час па лясах яшчэ блукалі недабітыя фашысты і паліцаі).

— Вядома ж, не памятаю такога, — жартуе Леанід Ібрагімавіч, — але бацька расказваў пра гэта. Не верыць яму не маю ніякага права, бо выхоўваўся і рос у праўдзе і добрапрыстойнасці, павазе да чалавека. Ваганняў, кім стаць, не было: калі хадзіў яшчэ ў падлетках, бацька браў мяне з сабой на хірургічныя аперацыі. Закончыўшы школу з залатым медалём, паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Мая жонка таксама ўсё жыццё прысвяціла медыцыне. Па бацькоўскіх слядах пайшоў і наш малодшы сын: ён з чырвоным дыпломам закончыў Гомельскі медыцынскі інстытут, цяпер працуе кіраўніком медыцынскага цэнтра.

— Леанід Ібрагімавіч, вы зараз на пенсіі, на заслужаным адпачынку...

— Як сказаць — мне ўжо 71 год, але яшчэ працую. Чытаю лекцыі і праводжу практычныя заняткі як дацэнт кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, у якім, дарэчы, працую ўжо 22 гады.

— Як той сказаў, спакой вам толькі сніцца?

(З усмешкай). Атрымліваецца, што так. Хачу быць карысным людзям. Як гэтага хацела і хоча ўся дынастыя Друянаў...

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Фота з архіва сям'і ДРУЯНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.