Вы тут

План па заваяванні Сусвету №1


Пасля двойні нічога не страшна, акрамя тройні.

Змайстраваць драўляны верталёт, скончыць ВНУ і нарэшце выспацца. Гэта планы шматдзетнай маці, якая паспявае не толькі выхоўваць сыноў, але і ўласнымі рукамі ствараць утульнасць у кватэры і доме, хадзіць у тэатр і даказваць, што вялікая сям'я можа быць уладкаванай і дружнай.

[caption id="attachment_103329" align="alignnone" width="600"]Тры гады таму ў сям'і Філіпавых стала пяцёра дзетак. Тры гады таму ў сям'і Філіпавых стала пяцёра дзетак.[/caption]

Сем «Я»

— Калі мы ездзім у вялікія крамы, выбіраемся на прыроду ці проста ідзём па вуліцы, заўсёды абавязкова знойдзецца хоць адзін, хто спытае: «І гэта ўсе вашы»? Я тады адказваю: «Не, усіх мы з сабою не бралі» і назіраю за рэакцыяй, — смяецца Наталля ФІЛІПАВА, шчаслівая маці пяці сыноў. — Я не лічу, што ў мяне шмат дзяцей, а думаю, што іх яшчэ і мала.

Першанец у Філіпавых нарадзіўся, калі Наталлі было 17 гадоў. Дзяўчына тады займалася лёгкай атлетыкай, мела малую вагу, і роды былі такімі цяжкімі, што яна вырашыла: аднаго дзіцяці для яе арганізма дастаткова, другога малога лепш узяць з дзіцячага дома.

Аднак праз восем гадоў адважылася на яшчэ аднаго, а праз дзевяць — на трэцяга. На момант з'яўлення ў сям'і блізнят 20-гадовы Аляксей пачаў жыць асобна і самастойна, Уладзіку споўнілася 12, а «дэкрэт» з Лёньчыкам ужо падыходзіў да канца.

— Адчулі, што сям'я ў нас маленькая, дзеці надта хутка выраслі і мы не паспелі нацешыцца імі, — успамінае Наталля. — Тады мы ўжо і кватэру пабудавалі вялікую, і ў ёй стала неяк пуста. Я калісьці пажартавала ў размове з сяброўкай: «Хачу яшчэ адно дзіця, а лепш дваіх». Мы пасмяяліся, а неўзабаве даведаліся, што я цяжарная. Калі прыйшла на УГД, вакол мяне сабраліся некалькі ўрачоў, замітусіліся... Аказалася — у нас хлопчыкі-блізняты.

Цяпер багатая на сыноў мама ўжо не заракаецца ад родаў, як было пасля першага і другога дзяцей. Пасля нараджэння трэцяга яна ўжо адказвала «можа быць» на пытанне ўрачоў «Ці прыедзеце па наступнага?», а пасля блізнят увогуле сціпла прамаўчала. Да таго ж ідэя ўзяць прыёмнае дзіця ўсё яшчэ жыве ў душы і чакае толькі моманту, калі Наталля набярэцца на гэта сіл і часу.

— Магчыма, я ўмею іх выхоўваць, таму Бог і дорыць мне хлопчыкаў, — кажа яна.

[caption id="attachment_103331" align="alignnone" width="600"]Ца­цак у хлоп­цаў мно­га,  ад­нак шмат бра­тоў —  яшчэ лепш. Ца­цак у хлоп­цаў мно­га, ад­нак шмат бра­тоў — яшчэ лепш.[/caption]

Фірменны хвосцік

Восенню блізняты Косцік і Толік пайшлі ў сад, а Лёня — у першы клас. Аляксей ужо даўно жыве асобна, турбот не дастаўляе, клапаціцца не просіць, наадварот, з падарункамі на святы наязджае. Аднак сказаць, што маці Філіпавай сёлета стала лягчэй спраўляцца з гаспадаркай, немагчыма. Няўрымслівая жанчына паступіла ў ВНУ, прычым на іспытах паказала лепшы за ўсіх вынік. Так што спакой ёй толькі мроіцца, а жаданне проста выспацца не пакідае апошнія пяць гадоў.

Напрасіўшыся ў госці да вялікай сям'і, я сустракала іх з дзіцячага садка. Наталля, першакласнік і блізняты глядзеліся вельмі гарманічна — нібыта выхавальніца вывела надвячоркам апошніх з групы дзетак на прагулку.

У кватэры, пакуль я думала, куды прыткнуць сумку ды боты, хлопцы ў імгненне вока разуліся, распрануліся і пабеглі мыць рукі. Як толькі мы перайшлі ў іншы пакой, Толік адразу патушыў святло ў пярэдняй. Відаць, звычка да акуратнасці і беражлівасці ў сям'і выпрацоўваецца з маленства і становіцца аўтаматычнай.

— Яны ў мяне і цацкі самі за сабой даўно прыбіраюць, — заўважае Наталля. — Інакш я б проста падала, напэўна, ад стомы. Тым больш што амаль да трох гадоў блізняты ўставалі есці ноччу па два разы, прычым кожны ў свой час. Дасі кашу з малаком Толіку, ён засне — прачынаецца галодны Косцік, утаймуеш яго — «начны сняданак» зноў патрабуе першы. Агледзішся, а ўжо і світанак блізка. Так што я вельмі добра разумею жарт, што пасля двойні нічога не страшна, акрамя тройні.

Гледзячы сямейныя здымкі, бачу, што большая частка страў выканана арыгінальна: аладкі-тварыкі, варэнікі-сэрцайкі, пельмені розных формаў і памераў. І ўсё гэта лепіцца разам — вакол мука, цеста, а галоўнае — усе задаволеныя і пры справе.

Блізняты хоць і аднолькавыя на твар, але розныя па характары. Толік, узяўшы мяне за руку, цягне паказваць цацкі, а Косцік не злазіць з маміных рук. Аднак ёсць у хлопцаў Філіпавых фірменны стыль — прычоска з доўгім хвосцікам ззаду. Гэта іх сямейны стыліст-цырульнік Аксана — сяброўка Наталлі — стрыжэ.  Толькі бацька Дзіма — без «хваста».

— Гэта таму, што я сам сябе стрыгу, бо няма калі цырульніка чакаць, — смяецца ён.

Аказалася, што застаць галаву сям'і дома раней ночы амаль немагчыма — праца, праца, праца. Наталля нават сама здзівілася, калі мы прыйшлі, а муж дома.

[caption id="attachment_103330" align="alignnone" width="600"]На­ват звы­чай­ная яеч­ня пе­ра­ўтва­ра­ец­ца ў шэ­дэўр у ру­ках руп­лі­вай гас­па­ды­ні. На­ват звы­чай­ная яеч­ня пе­ра­ўтва­ра­ец­ца ў шэ­дэўр у ру­ках руп­лі­вай гас­па­ды­ні.[/caption]

Камандзір і яго салдаты

Амаль на ўсіх шпалерах кватэры — кветкі. Такое адчуванне, нібыта сцены задрапіраваныя тканінай. У зале кветкамі, выразанымі са шпалераў, аздоблена па гіпсакардонным перыметры столь, што стварае цэльны і закончаны дызайнерскі вобраз. Шторы на вокны Наталля таксама шыла сама.

У сям'і ў двух акварыумах жывуць чарапашкі і рыбы.

— Рыбкі — мой гонар, — хваліцца маці. — У нас жывуць сомікі і цыхліды, якія ўразілі мяне сваім бацькоўскім клопатам. Калі яны адкладваюць ікру, заўжды знаходзяцца побач і ахоўваюць. Пры небяспецы хаваюць яе ў рот. Малькі пасля нараджэння таксама начуюць у роце бацькоў, каб не трапіць на зуб драпежніку.

У вялікай сям'і Філіпавых табу на догляд старэйшымі дзецьмі малодшых.

— У мяне з братам розніца была ў чатыры гады, і бацькі часта казалі мне, куды пайсці і што зрабіць і вымушалі ўзяць з сабою брата. На мужа таксама часта пакідалі малодшую сястру. А мы робім наадварот, таму што дакладна ведаем, як не трэба. Калі дзеці захочуць, яны самі яднаюцца ў гульні. Шасцігадовы Лёня ў нас камандзір, а блізняты — яго салдаты.

Любіць гуляць з малодшымі і 15-гадовы Уладзік. Ён запэўніў мяне, што, калі вырасце, у яго будзе 6 хлопчыкаў і 6 дзяўчат. Уладзіслаў вучыцца ў школе з фізіка-матэматычным ухілам, займаецца ў тэатры моды «Шкаф» Аляксандра Варламава, дзе малюе і мадэлюе адзенне, бярэ ўрокі акцёрскага майстэрства. З-за такіх палярна розных прыхільнасцяў сваю будучыню бачыць у двух напрамках: дызайнер-мадэльер ці настаўнік матэматыкі.

[caption id="attachment_103505" align="alignnone" width="600"]121 Хата ў вёсцы дабудоўвалася сваімі рукамі.[/caption]

Раніцай — прадавец, увечары — дырэктар

Наталля стараецца пазбягаць статусу шматдзетнай, бо бачыла шмат негатыву ад людзей у адрас вялікіх сем'яў. Нават у паліклініцы ні разу не пайшла без чаргі.

— У нашых людзей укаранілася такое разуменне, што калі ў мяне шмат дзяцей, то на нашу сям'ю сыплюцца розныя даброты, як з рогу багацця, — абураецца яна. — Насамрэч, тую ж кватэру мы пабудавалі самі, вядома, з дапамогай дзяржавы, бо стаялі на чарзе, але ж ніхто нам яе не дарыў. Калі мяне пытаюць, што вам падарыла дзяржава, я адказваю сваім любімым жартам: «Наш Прэзідэнт падтрымлівае шматдзетных асабіста. Штораніцу свежыя булкі і хлеб прывозіць у краму. Я называю прозвішча, і мне ўсё даюць бясплатна». Людзі пачынаюць згодна ківаць галовамі, маўляў, ну дык добра. А я працягваю: «Часам бывае, што ён не можа сам прыляцець, тады звоніць, выбачаецца і дасылае свайго целаахоўніка». Толькі паcля гэтага да суразмоўцаў даходзіць, што я жартую.

У абодвух бацькоў Філіпавых па дзве працоўныя кніжкі. Каб гадаваць вялікую сям'ю, трэба шмат працаваць, але ж пры гэтым і падаткаў яны больш плацяць. Наталля, напрыклад, да апошняга «дэкрэту» з раніцы і па выхадных працавала старшым прадаўцом у магазіне абутку, а ўвечары — галоўным адміністратарам дырэкцыі тэатральных кас Мінска. Цяпер яна выйшла на месца адміністратара — на дзве пасады часу пакуль не хапае.

— Я веру, што змагу ўсё здзейсніць, калі буду вельмі хацець. У мяне ёсць сшытак, дзе запісаны мае планы на жыццё. Не разменьваючыся на дробязі, я падпісваю іх «План па заваяванні Сусвету №1», ён перакрэслены, на наступным лісце — «План №2», «№3», — смяецца гаспадыня.

Наталля вельмі шчыры і эмацыянальны чалавек, які, на маю думку, падключаны да нейкай асаблівай крыніцы сілкавання. Падчас дэкрэтнага яна ўмудралася класці дзяцей спаць і ноччу яшчэ падпрацоўваць напісаннем артыкулаў.

— Мне вельмі не хапала стасункаў і суразмоўцаў у «дэкрэце», і, магчыма, напісанне артыкулаў было для мяне такім паратункам.

Пераязджаючы на новую кватэру, Філіпавы ўзялі з сабою толькі адзенне і цацкі. Паўгода, пакуль рабілі рамонт, спалі на надзіманых матрацах, а елі на накрыўцы ад пліты.

111

— Мы дамовіліся з суседзямі, якія пакуль не збіраліся пераязджаць, што пажывём у іх кватэры, пакуль будзем рамантаваць сваю. Тады ўвогуле мала хто перасяліўся яшчэ, і мы па начах штрабілі сцены, пераносілі і ўсталёўвалі разеткі (было 17 — стала больш за 50), узводзілі аркі, перароблівалі сантэхніку. І, безумоўна, нам вельмі дапамагалі сябры. Аднойчы суседка Юля ў акно ўбачыла, што Дзіма клеіць шпалеры. Яна сказала свайму мужу: «Там Філіпаў адзін не справіцца», схапіла каструлю з катлетамі і ў дзве гадзіны ночы пайшла на дапамогу.

У мінулым годзе сям'я набыла дом у вёсцы — звычайны драўляны зруб, крыты шыферам. За лета яны павялічылі будынак у чатыры разы: дабудавалі другі паверх з мансарднымі вокнамі, а на першым пашырылі хату ўдвая.

Змайстравалі вялізны ложак — паклалі два двухспальныя матрацы на драўляны насціл. Цяпер там можа змясціцца ўся сям'я. На двары збудавалі дзіцячую пляцоўку, дзе з цягам часу з'явяцца дадатковыя арэлі і драўляны верталёт. Наталля ўжо сабрала першы ўраджай з град, а на наступны год плануюць збудаваць лазню. І ўсё гэта ўласнымі рукамі, якія, як у вядомым выслоўі, «робяць», пакуль «вочы баяцца».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.